Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 кастрычнiка 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Менск ухваляе энэргетычнае супрацоўніцтва з Расеяй і выказвае незадавальненьне партнэрствам зь Летувою. Пра гэта заявіў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі прэзыдэнт дзяржаўнага канцэрну "Белэнэрга" Яўген Мішук.

Амбіцыйныя пляны Расеі, зьвязаныя з экспартам на Захад электрычнасьці, як вынікае з тлумачэньня кіраўніка "Белэнэрга", палягаюць і ў рэчышчы беларускае энэргетычнае палітыкі.

Тон гэтае палітыцы, як вядома, на мінулым тыдні задаў у Сочы Аляксандар Лукашэнка. Ён ухваліў ініцыятывы кіраўніка кампаніі "Единые Энергетические Системы России" Анатоля Чубайса супольна выйсьці на эўрапейскі рынак энэргарэсурсаў.

Камэнтуючы нашаму радыё сутнасьць сочынскіх дамоўленасьцяў, Яўген Мішук зазначыў:

"Быў працяг размовы зьвязаць энэргетычныя сеткі ад беларускага пасёлку Рось да расейскага гораду Сочы. Зрэшты, яшчэ пад час маёй сустрэчы з Анатолем Чубайсам у пасёлку Рось, што ў Ваўкавыскім раёне, мы дамовіліся, што "Белэнэрга" і "ЕЭСР" падрыхтуе супольны загад, у якім будуць вызначаныя кірункі нашага супрацоўніцтва. І ў тым ліку супольнага экспарту расейскай і беларускай электраэнэргіі праз нашу тэрыторыю ў Польшчу й далей у Заходнюю Эўропу", — паведаміў Яўген Мішук.

Паводле ягоных словаў, паміж Беларусьсю й Расеяй існуе поўнае паразуменьне ў справе экспарту электрычнасьці. Ён паведаміў, што экспартаваць на Захад электрычнасьць празь беларускую тэрыторыю мае жаданьне й Летува. Аднак Беларусь, паводле ягоных словаў, вымушаная пакуль стрымаць гэтую ініцыятыву.

Вось што нашаму радыё кіраўнік "Белэнэрга" паведаміў пра прычыны беларуска-летувіскіх рознагалосьсяў:

"Мы пакуль не дамовіліся. Тут ёсьць усемагчымыя дыпляматычныя "гульні". Таму што ёсьць канкурэнцыя паміж акцыянэрным таварыствам "ЕЭСР" і Летувою. Летувісы даслалі нам два лісты наконт супрацоўніцтва. Ну й што з таго? Хай прыяжджаюць, і будзем дамаўляцца. Наконт кошту транзыту — між іншым, нагадаю, што ў свой час кампанія "Lietuvos Energia" не падпісала пагадненьне ў супольнай працы нашых энэргасыстэмаў", — зазначыў кіраўнік "Белэнерга".

Як вынікае зь ягоных тлумачэньняў, беларускія энэргетыкі зараз моцна пакрыўдзіліся на летувіскіх калегаў. 3 кастрычніка Летува спыніла падачу ў Беларусь сваёй электрычнасьці. Спыніла з тае прычыны, што Менск дагэтуль не разьлічыўся зь Вільняй за ранейшыя пастаўкі. Гэты доўг, паводле інфармацыі спадара Мішука, складае 56 мільёнаў даляраў. Беларусь нібыта мае жаданьне яго выплочваць, аднак ня ведае каму, бо ў Вільні, як сьцьвярджае кіраўнік "Белэнэрга", існуе блытаніна вакол беларускае запазычанасьці за электрычнасьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG