Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 кастрычнiка 2000 г.


Юрась Барысевіч, Менск

(эфір 21 кастрычніка)
Навіны культуры мінулага тыдня.

У Гародні праходзіць міжнародная акцыя бардаў "Нябачны мур — 2", якую наладзілі грамадзкія арганізацыі "Ратуша", "Заходнебеларуская ініцыятыва", "Культурны кантакт" і Інстытут імя Гётэ. Нябачны мур паміж Эўропай і Беларусяй разбураюць Віктар Шалкевіч, Алесь Камоцкі й немец Дзітэр Калька. Мясцовыя ўлады не далі дазволу на тое, каб імпрэза адбылася ў Гарадзенскім тэатры лялек, не дапамагло нават хадайніцтва амбасады Нямеччыны ў Беларусі, таму канцэрт быў перанесены ў памяшканьне лютэранскае кірхі. У нядзелю барды возьмуць удзел у фэсьце, прысьвечаным Тадэвушу Касьцюшку, які мае адбыцца ў мястэчку Сьвіслач.

Нацыянальны тэатар балету зьехаў на гастролі ў Заходнюю Эўропу. Беларускія танцоўшчыкі пакажуць у Галяндыі ды Бэльгіі клясычныя спэктаклі "Спартак" і "Лебядзінае возера". Амаль адразу па вяртаньні тэатар выправіцца на гастролі ў Кітай.

У Полацкім музэі кнігадрукаваньня праходзіць выстава "Традыцыі сьвятой Эўфрасіньні на эміграцыі" . Экспануюцца копіі абразоў нябёснае апякункі Беларусі, якія стварылі амэрыканскія мастачкі Галіна Русак, Тамара Стагановіч і Паўліна Сурвіла. Сярод найбольш каштоўных экспанатаў — срэбны абраз сьвятой Эўфрасіньні, падараваны музэю кнігадрукаваньня Зорай і Вітаўтам Кіпелямі.

24 кастрычніка ў Філярмоніі адбудзецца вечарына памяці народнага артыста Беларусі Віктара Вуячыча. Пра знакамітага сьпевака распавядуць Ігар Лучанок і Эдуард Ханок, песьні ягонага рэпэртуару выканаюць гурты "Белорусские песняры", "Чараўніцы" й "Сябры". Фірма "Каўчэг" прэзэнтуе на вечарыне аўдыёкасэту з архіўнымі запісамі песень Ігара Лучанка на тэксты беларускіх паэтаў, якія колісь і праславілі Віктара Вуячыча.

Новы музэй адчыніўся ў Гарадзенскім мэдычным унівэрсытэце. Месьціцца ён у будынку катэдры анатоміі чалавека. У калекцыі музэя — каля 50 прыкладаў катастрафічных паталёгіяў цела: сіямскія блізьняты, цыклёпы і нават галава чалавека з двума тварамі.

Грамадзкае аб'яднаньне "Дыярыюш" абвесьціла конкурс эсэяў, а таксама фота- й відэаматэрыялаў, створаных навучэнцамі школаў і коледжаў, на тэму "Мой радавод: Лёс сям'і ў ХХ стагодзьдзі". Пераможцы конкурсу атрымаюць турыстычныя пуцёўкі ў Польшчу. Падобны конкурс ужо ладзіўся два гады таму, і тады пераможцы атрымалі больш каштоўныя прызы — новыя кампутары, але гэта прыцягнула залішнюю ўвагу КГБ, які сканфіскаваў у Луцкаўлянаўскай школе Гарадзенскага раёну ўсе сабраныя дзецьмі архіўныя матэрыялы.

Бальшыня актораў Рэспубліканскага тэатру беларускае драматургіі пастанавілі звольніцца з працы на знак пратэсту супраць вымушанага сыходу мастацкага кіраўніка тэатру Валерыя Мазынскага, якога адхіліла ад пасады Міністэрства культуры. Старшыня Саюзу тэатральных дзяячоў Алесь Дудараў пераканаў актораў папрацаваць яшчэ тры тыдні, каб паказаць усе абяцаныя ў афішах тэатру спэктаклі. А потым Валеры Мазынскі мяркуе стварыць разам з паплечнікамі новы тэатар пад старою назваю "Вольная сцэна".

У Рэспубліканскай мастацкай галярэі адчынілася выстава скульптуры й жывапісу аднаго з заснавальнікаў суполкі "Пагоня" Алеся Шатэрніка. Побач з краявідамі Паўночнае Беларусі й скульптурнымі партрэтамі слаўных постацяў беларускае гісторыі экспануюцца вершы мастака. Зусім кароткі верш прысьвечаны Зянону Пазьняку, вобраз якога Шатэрнік марыць увасобіць у бронзе. Верш з аднаго сказу: "Бывае, што й анёлы ходзяць па зямлі".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG