Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 кастрычнiка 2000 г.


Віталь Цыганкоў, Менск

Ураніцу на прэсавай канфэрэнцыі старшыня Цэнтральнае выбарчае камісіі Лідзія Ярмошына паведаміла папярэднія вынікі галасаваньня. ЦВК сьцьвяржае, што ў выбарах узялі ўдзел звыш 60 адсоткаў беларускіх выбаршчыкаў.

Паводле Цэнтральнае выбарчае камісіі, выбары адбыліся ў 96-ці са 110-ці выбарчых акругаў. У 43-х акругах ужо абраныя новыя дэпутаты "Палаты прадстаўнікоў", якія перамаглі адразу ў першым туры. У астатніх праз два тыдні, 29 кастрычніка, адбудзецца другі тур. У тых 14-ці акругах, дзе выбары не адбыліся, паводле заканадаўства, на працягу трох месяцаў мусяць адбыцца новыя выбары. Гэта чатыры акругі — у Віцебску й Берасьці, тры — у Менску, а таксама па адной — у Баранавічах, Барысаве й Маладэчне.

Сярод тых 43-х асобаў, што былі абраныя ўжо ў першым туры — 8 сяброў палітычных партыяў і толькі тры жанчыны. Але самае адметнае, што сярод іх больш як палова — 22 чалавекі — дэпутаты цяперашняга складу гэтак званага "Нацыянальнага сходу". Назавем толькі некаторыя найбольш вядомыя прозьвішчы — Кучынскі, Пашкевіч, Хрол, Ананьеў, Глухоўскі, Салаўёў, Малафеяў, Канаплёў, Худая, Катляроў, Дубовік.

Сярод іншых вядомых асобаў, якія патрапілі ў "палату" ў першым туры — першы й другі сакратары БПСМ Усевалад Янчэўскі й Міхал Орда. У Менску ў першым туры абраны толькі адзін чалавек — таксама дэпутат "Палаты прадстаўнікоў" Уладзімер Аляксандровіч.

Дарэчы, яшчэ сёньня а трэцяй гадзіне ўначы, калі я тэлефанаваў у ЦВК, там адказвалі, што дасюль ня маюць інфармацыі пра яўку выбаршчыкаў у сталіцы. Толькі ўраніцу Лідзія Ярмошына паведаміла, што па Менску ў галасаваньні ўзялі ўдзел 49 адсоткаў. Пры гэтым чамусьці атрымалася, што, хаця сярэдняя лічба ўдзелу меншая за неабходныя 50 адсоткаў, аднак выбары адбыліся ў 14-ці зь 17-ці менскіх акругаў…

На маё пытаньне, як гэта магло здарыцца, спадарыня Ярмошына прывяла лічбы яўкі выбаршчыкаў у большасьці менскіх акругаў. Яны былі амаль аднолькавыя — 50,5%, 50,3%, 50,1% і гэтак далей. А ў адной акрузе мяйсцовая камісія дасягнула проста каралеўскае (ці лепш сказаць — прэзыдэнцкае) дакладнасьці — там зафіксаваная 50,02% яўкі выбаршчыкаў…

Нейкім загадкавым чынам выбары ў Менску не адбыліся менавіта толькі ў тых трох акругах, у якіх на дэпутацкі мандат прэтэндавалі лідэры апазыцыйных партыяў — Мікола Статкевіч, Сяргей Калякін і Сяргей Гайдукевіч.

Пасьля заканчэньня прэсавае канфэрэнцыі Лідзіі Ярмошынай я запытаў у старшыні ЦВК, ці задаволеная яна вынікамі выбараў. Як вядома, Аляксандар Лукашэнка ў дзень галасаваньня выказаў упэўненасьць, што на выбарчыя ўчасткі прыйдзе 70 адсоткаў выбаршчыкаў. Ці можна лічыць посьпехам тыя 60 адсоткаў, пра якія заяўляе Цэнтральная выбарчая камісія?.. Ярмошына адказала:

(Ярмошына: ) "Я лічу, што гэта – шанцунак. Вы знайдзіце хаця б адную краіну ў сьвеце, дзе на парляманцкія выбары прыйшло б 60%. Паверце мне: гэта вельмі рэдка!"

Тут са спадарыняй Ярмошынай варта пагадзіцца. Іншую такую краіну назваць цяжка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG