Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 кастрычнiка 2000 г.


Намесьнік генэральнага сакратара кіруючай Сацыял-дэмакратычнай партыі Швэцыі Урбан Алін ськіраваў асабісты зварот амбасадару Беларусі ў Швэцыі Алегу Ермаловічу…

13 кастрычніка 2000г.

Алегу Ермаловічу

Амбасадару Рэспублікі Беларусь у Швэцыі:

Паважаны сп. Амбасадар,

Сацыял-дэмакратычная партыя Швэцыі крайне занепакоеная разьвіцьцём сытуацыі ў вашай краіне. Ваш урад ня так даўно абяцаў стварыць клімат даверу напярэдадні нядзельных выбараў. За апошнія некалькі тыдняў мы сталі сьведкамі некалькіх інцыдэнтаў, якія пацягнулі за сабой агрэсію супраць сябраў апазыцыі і свабоды самавыказваньня:

Як нам стала вядома ўлады адмовіліся зарэгістраваць некалькі сябраў БСДП "Народная Грамада" у якасьці кандыдатаў у дэпутаты, нягледзячы на тое, што ўсе подпісы ў іх падтрымку былі сабраныя. У Пінску, дзе прадстаўнікі мясцовых уладаў тэлефанавалі грамадзянам, пераконаючы іх адмовіцца ад уласных подпісаў. На наш погляд, няма сэнсу наагул праводзіць выбары, калі ўлады не дапускаюць кандыдатаў да ўдзелу ў іх.

21 верасьня двое ўзброеных мужчынаў уварваліся ў штаб-кватэру БСДП "Народная Грамада" у Менску. Згодна з нашымі дадзенымі, мэта іх атакі была ў атрыманьні неабходнай дакумэнтацыі і зьнішчэньні інфраструктуры "Народнай Грамады". Гэта зьяўляецца сур'ёзным злачынствам як супраць тых чатырох прадстаўнікоў БСДП, якія прысутнічалі пры рабаваньні, так і супраць самой партыі. Мы заклікаем беларускія ўлады зрабіць усё магчымае для вышуку злачынцаў і скрадзеных матэрыялаў.

8 верасьня Сацыял-дэмакратычная партыя Швэцыі арганізавала ў Менску марш сэксуальных меньшасьцяў, які быў разагнаны міліцыяй. Сябры нашай партыі пацьвярджаюць той факт, што міліцыя загадала вышвырнуць з мясцовага клюбу "Акварыюм" усіх актывістаў Маршу і прадстаўнікоў НДА.

Абсалютна відавочна, што беларускі ўрад не дасягнуў значнага прагрэсу ў падрыхтоўцы правядзеньня свабодных і справядлівых выбараў. Абяцаньні, якія мы атрымалі ад вас напярэдадні выбараў, сталі толькі спробай легітымізаваць выбары без істотных зьменаў сытуацыі на месцах.

Мы па-ранейшаму зь нецярплівасьцю чакаем моманту, калі Швэцыя і Беларусь змогуць усталяваць нармальныя дачыненьні на ўзаемавыгаднай аснове. Гэты момант не наступіць да тае пары, пакуль у вашае краіне не ўсталюецца дэмакратыя. Чакаем вашых заўвагаў.

Урбан Алін
намесьнік Генэральнага Сакратара
Швэцкай Сацыял-дэмакратычнай партыі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG