Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 кастрычнiка 2000 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Учора Эўразьвяз прыняў рашэньне аб скасаваньні санкцыяў супраць Югаславіі за выключэньнем абмежаваньняў, датычных былога прэзыдэнта Мілошавіча і ягоных памагатых. Югаславія атрамала запросіны да гэтак званага Стабілізацыйнага Пакту для Балканаў і неўзабаве атрымае 2 мільярды даляраў дапамогі.

У міжчасе новы прэзыдэнт Югаславіі Войіслаў Каштуніца, які абяцаў неадкладна прыступіць да рэформаў, сутыкнуўся з новымі праблемамі: з супрацівам з боку прыхільнікаў Мілошавіча, якія застаюцца на кіруючых пасадах.

Незважаючы на перамогу дэмакратычнай апазыцыі на выбарах у фэдэральны парлямэнт, што праходзілі 24-га верасьня разам з выбарамі прэзыдэнта Югаславіі, перамога Войслава Каштуніцы і апазыцыі няпоўная. Справа ў тым, што Сэрбіяй далей кіруюць прыхільнікі Мілошавіча. Сацыялістычная партыя Мілошавіча, Саюз Левых Сілаў ягонай жонкі і Радыкальная партыя Воіслава Шэшэля здамінавалі парлямэнт найбольшай саюзнай рэспублікі. Каб лепш зразумець заблытаную сыстэму ўлады ў Югаславіі паслухайце кароткую даведку:

"У склад Югаслаўскай Фэдэрацыі ўваходзяць Сэрбія і Чарнагорыя. У Сэрбіі жывуць 9800 тысяч жыхароў, у Чарнагорыі 640 тысячаў чалавек, адпаведна 94 адсоткі і 6 адсоткаў. Новая фэдэрацыя была створаная ў красавіку 92-га году пасьля паступовага распаду былой фэдэрацыі, калі яе пакінулі Славенія, Харватыя, Босьнія-Герцагавіна і Македонія. Заканадаўчая ўлада ў Югаслаўскай Фэдэрацыі належыць фэдэратыўнаму парлямэнту, у склад якога ўваходзяць 138 дэпутатаў, абіраных ва ўсеагульных выбарах, а таксама Радзе Рэспублікаў, якая налічвае 40 сябраў, прызначаных па палове парлямэнтамі Сэрбіі і Чарнагорыі. У Грамадзянскай Радзе засядаюць 108 прадстаўнікоў Сэрбіі і 30 Чарнагорыі. Абедзьве фэдэратыўныя рэспублікі маюць уласныя парлямэнты, прэзыдэнтаў і ўрады. Напрыклад, прэзыдэнтам Сэрбіі зьяўляецца Мілан Мілюціновіч, а Чарнагорыі – Міло Дзюканавіч. Рэальную выканаўчую ўладу маюць урады саюзных рэспублік, а не фэдэратыўны ўрад. Дагэтуль прэзыдэнта Фэдэрацыі абіралі: Грамадзянская Рада і Рада Рэспублікаў, аднак былы прэзыдэнт Югаславіі Мілошавіч дасягнуў зьмены выбарчага закону, і зараз ягоны наступнік Каштуніца быў абраны ва ўсеагульных выбарах".

Каб мець рэальную ўладу ў краіне, Каштуніца павінен мець саюзьнікаў ў парлямэнце Сэрбіі і, адпаведна, у сэрбскім урадзе.
Аб гатоўнасьці падаць сёньня ў адстаўку заявілі саюзьнік Мілошавіча, прэм'ер Югаславіі Момір Булатавіч, і ужо сыйшлі зьненавіджаны апазыцыяй за асноўныя злоўжываньні рэжыму міністар унутраных справаў Сэрбіі Влайко Стоільковіч, а таксама міністар аховы здароўя Мілован Бойіч.

Учора ў сэрбскім парлямэнце пачаліся ажыўленыя дэбаты паміж галоўнымі парлямэнцкімі фракцыямі наконт самароспуску парлямэнту і датэрміновых выбараў. Згодна папярэдняму пагадненьню, выбары маглі б адбыцца ўжо ў палове сьнежня, а да гэтага часу краінай кіраваў бы ўрад экспэртаў.

Газэта Independent адзначае незайздросную сытуацыю ў якой апынуўся апазыцыйны Сэрбскі Рух Аднаўленьня і ягоны лідэр Вук Драшкавіч. Учора, калі Драшкавіч спрабаваў прамаўляць да студэнтаў ля будынку парлямэнту, яго прывіталі воклічы: "Здраднік", " Мы цябе больш не патрабуем" . Партыя Драшкавіча не далучылася да Аб'яднанай апазыцыі і выставіла свайго кандыдата ў прэзыдэнты, які адабраў Каштуніцы частку галасоў і, зразумела, сам прайграў. Такім чынам Драшкавіч і ягоная партыя самі паставілі сябе на ўзбочыне палітычнага жыцьця.

Аднак папярэдняе пагадненьне ў справе датэрміновых выбараў не перашкодзіла нацыяналістам і радыкалам атакаваць апазыцыю. На іхную думку, масавыя дэманстрацыі на мінулым тыдні роўназначныя з дзяржаўным пераваротам. "Мы ня хочам легалізаваць путч. Усё было праведзена незаконна" – заявіў лідэр Радыкальнай партыі Воіслаў Шэшэль, які намагаецца выгандляваць для сябе як мага лепшую пазыцыю ў новых уладаў.

Аднак яму запярэчыў прыхільнік Каштуніцы, лідэр той жа Радыкальнай партыі з Ваяводзіны Вэсэлінаў. На ягоную думку, не было ніякага путчу, але народ выказаў сваю волю ў галасаваньні. Паводле газэты New York Times, Каштуніца тым болей разумее, што трэба як мага хутчэй правесьці новыя выбары, пераняць кантроль над галоўнымі дзяржаўнымі ўстановамі, каб саюзьнікі Мілошавіча не спрабавалі аднавіць свае ўплывы.

Між тым Воіслаў Каштуніца, які называе сябе "перакананым дэмакратам" і адначасова "нармальным сэрбскім нацыяналістам" выказаўся супраць плянаў стварэньня "вялікай Сэрбіі". Адначасова ў інтэрвію французкаму тэлебачаньню ён заявіў, што згодна рэзалюцыі ААН, Косава і Чарнагорыя павінны застацца ў складзе югаслаўскай фэдэрацыі, хаця там павінны быць усталяваныя дэмакратычныя парадкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG