Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 кастрычнiка 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Восьмага кастрычніка ў 22-х гарадох Беларусі пройдуць акцыі апазыцыі ў падтрымку вольных і дэмакратычных выбараў, супраць выбарчага фарсу. У палове гэтых гарадоў акцыі адбудуцца несанкцыянавана, бо мясцовыя ўлады не далі дазволу на іх правядзеньне.

Рэгіянальныя апазыцыйныя акцыі 8 кастрычніка будуць праходзіць у розных формах. У тых гарадох, дзе ўлады далі дазвол на правядзеньне акцыяў, пройдуць мітынгі і, магчыма, шэсьці. Там, дзе дазволу атрымаць не ўдалося, адбудуцца проста сустрэчы з выбаршчыкамі, што дазваляецца Выбарчым кодэксам. У гэты дзень у рэгіёны зь Менску паедуць лідэры ўсіх палітычных партыяў, што ўваходзяць у аб'яднаную апазыцыю. У сталіцы застануцца ўсяго некалькі каардынатараў, якія будуць зьбіраць інфармацыю пра тое, як праходзяць акцыі.

Вось што паведаміў нашаму радыё адзін з каардынатараў акцыі апазыцыі 8 кастрычніка, сакратар управы БНФ Юрась Пальчэўскі:

(Пальчэўскі: ) "Акцыі падрыхтавалі ў цэлым нармальна. Могуць быць нейкія збоі па асобных гарадох – усе людзі жывыя. Міліцыя пачала асабліва гэты тыдзень моцна ціснуць на ўсіх. Даходзіць да таго, што проста ў адкрытую, у прыватнасьці, з Мазыра ад каардынатара прыйшло паведамленьне – яму паведамілі, што калі толькі 8-га паспрабуеш выйсьці з дому, то цябе проста ля па'езда арыштуем, і нікуды ты ня пойдзеш увогуле. Так што, можа, асечкі і будуць, але прайсьці павінна нармальна. Людзі рыхтуюцца".

(Карэспандэнт: ) "Чаму, на Вашую думку, у большасьці гарадоў улады адмовілі арганізатарам акцыяў у іх правядзеньні?"

(Пальчэўскі: ) "Як цэнтральнае кіраўніцтва сябе паводзіць, так і на месцах. Проста баяцца, бо іншых падставаў не было. І ў Менску мы стараліся як маглі больш цывілізавана і спакойна правесьці акцыю. За гэта мелі нараканьні і ад моладзі, і ад больш гарачых прыхільнікаў, але каб не даваць падставаў забараняць акцыі ў іншых гарадох 8-га, мы тут мірна ўсё правялі. І тым ня менш, бачыце, усё роўна ўлады паводзяць сябе па-свойму".

(Карэспандэнт: ) "Лідэраы аб'яднанай апазыцыі разьяжджаюцца ў гэты дзень па рэгіёнах. Што іх прысутнасьць у розных гарадах дасьць?"

(Пальчэўскі: ) "Калі прыяжджае нехта са сталіцы, гэта адразу падвышае статус мерапрыемства. Па-другое, ужо колькі часу ўлады абвінавачваюць апазыцыю, што тая з насельніцтвам не працуе. Ну вось хай паглядзяць – усе разьяжджаюцца па ўсіх гарадах. Гэта будзе прыцягненьне новых людзей і падняцьцё баявога духу тых, хто ўжо зьяўляецца сябрамі адпаведных партыяў".

Гэта быў каардынатар апазыцыйнай акцыі 8 кастрычніка Юрась Пальчэўскі.

Спадар Пальчэўскі таксама паведаміў, што за правядзеньнем апазыцыйных акцыяў у рэгіёнах будуць назіраць прадстаўнікі Бюро правоў чалавека АБСЭ, каб фіксаваць кожны факт рэпрэсіяў уладаў супраць апазыцыі. Паколькі лідэры апазыцыі маюць намер заклікаць удзельнікаў акцыяў ня браць удзелу ў выбарах, дык арганізатары лічаць, што пазьбегнуць затрыманьняў у часе акцыі 8 кастрычніка, хутчэй за ўсё, ня ўдасца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG