Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 кастрычнiка 2000 г.


Ягор Маёрчык, Менск

(эфір 30 верасьня)
Тэрмін сьледзтва ў справе трагедыі на станцыі мэтро "Няміга", якое мусіла было скончыцца сёньня, падоўжаны да 30 сьнежня.

Як вядома, 30 траўня летась у выніку цісканіны загінула 53 й было паранена блізу 300 чалавек. Праз 15 месяцаў пасьля здарэньня сьледчая група сканчвае допыт пацярпелых і сьведкаў здарэньня. А тым часам крэўныя пацярпелых началі азнаямленьне з матэрыяламі крымінальнае справы.

З матэрыяламі сьледзтва ўжо азнаёміліся сваякі 35 загіблых. Сярод першых — сям'я Іньковых і кіраўнік аб'яднаньня "Праўная дапамога насельніцтву" Алег Воўчак:

(Воўчак: ) "З матэрыялаў бачна, што прычына сьмерці людзей у няздольнасьці АМАПу й Галоўнае ўправы ўнутранных справаў забясьпечыць бясьпеку ў той дзень. Атрымліваецца, што ачапіўшы канцэртную паляцоўку зь некалькіх бакоў, яны самі скіравалі натоўп да падземнага пераходу. У матэрыялах справы фігуруюць прозьвішчы адказнага за забесьпячэньне грамадзкага парадку Русака й начальніка АМАПу Падабеда. Хутчэй за ўсё, празь нядбайнасьць гэтых асобаў і загінулі людзі".

Маці Алі Навакоўскай Натальля Міхалаўна знайшла ў матэрыялах справы недакладнасьці:

(Натальля Навакоўская: ) "Там усё папераблытвалі. Нашай Алечцы 16 год было, а там запісалі ўсе дадзеныя 36-гадовае жанчыны. І калі пры азнаямленьні я паведаміла сьледчаму пра гэта, дык яны самі пачалі казаць: які бардак, які бардак".

Сьледчая група дагэтуль не апытала ўсіх пацярпелых. Алег Воўчак лічыць, што 30 сьнежня справа ня будзе завершаная: для таго, каб азнаёміць усіх пацяпелых і сьведкаў з матэрыяламі сьледзтва, спатрэбіцца яшчэ ня менш за 4 месяцы. Зрэшты спадар Воўчак ня ўпэўнены, што справа будзе перададзеная у суд:

(Воўчак: ) "Ворганы пракуратуры забавязаныя давесьці справу да суду. Але ўлада ўвесь час умешваецца ў сьледзтва. Натуральна, калі справа патрапіць у суд, гэта паўплывае на рэйтынг Лукашэнкі і Ярмошына".

Між тым бацькі загіблых дзяцей ня могуць дамагчыся ад уладаў Менску ўсталяваньня помніку ахвярам трагедыі. Працягвае Натальля Навакоўская:

(Навакоўская: ) "А мы толькі хочам пабудаваць капліцу. Усе гэтыя паперкі й фотаздымкі на сьценах пераходу з часам паадлятаюць і паабцёрхаюцца. Мы нават думаем, што яны памыюць сьцены. Аляксандар Чадовіч, гэта галоўны архітэктар гораду, сказаў, што прыходзяць да яго людзі й патрабуюць прыбраць усё гэта. Маўляў, што гэта там за маўзалей…"

"Першыя месяц-два трэба было паказаць, што ўлада клапоціцца пра бацькоў. Цяпер не да іх — у краіне пачаліся выбары. І ўся "вэртыкаль" працуе там", — зазаначае Алег Воўчак. — "Некаторыя бацькі нават кажуць, што чыноўнікі папракаюць іх за актыўнае адстойваньне сваіх правоў".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG