Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 верасьня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Кампанія "Слаўнафта" і ўрад Беларусі працягваюць спробы мадэрнізацыі Мазырскага нафтаперапрацоўнага заводу. Сёньня ў Менску бакі падпісалі пагадненьне ў рэканструкцыі гэтага высокапрыбытковага прадпрыемства.

Пагадненьне падпісалі прэзыдэнт "Слаўнафты" Міхал Гуцэрыеў і старшыня ўраду Беларусі Ўладзімер Ярмошын. Паводле агучанага дакумэнта, бакі зьбіраюцца распачаць на мазырскім заводзе глыбокую перапрацоўку нафты, што дазволіць павялічыць на прадпрыемстве вытворчасьць каштоўных марак паліва.

Поўная вартасьць праекту ацэньваецца на 120 мільёнаў даляраў. З тлумачэньняў вынікае, што пагадненьне падпісанае пры поўным паразуменьні бакоў. Між тым, усяго некалькі месяцаў таму іх падзялялі глыбокія разыходжаньні. Гуцэрыеў прапанаваў жорсткую схэму рэканструкцыі — юрыдычную адказнасьць бакоў за невыкананьне сваіх інвэстыцыйных забавязаньняў. У адпаведнасьці зь ёю парушальнік тэрмінаў фінансаваньня рэканструкцыі мусіў быў перадаць партнэру пэўную частку акцыяў мазырскага заводу. Гэта азначала, што да аднаго зь іх мусіў быў перайсьці кантрольны пакет каштоўных папераў нафтаперапрацоўнага заводу, а разам зь ім і права ўласнасьці на большую частку прыбыткаў.

Паводле ўказаньня Лукашэнкі, ягонае атачэньне адхіліла прапанову Гуцэрыева. Бо, паводле згаданага сцэнару, "Слаўнафта" рабілася найбольш верагодным прэтэндэнтам на кантрольны пакет акцыяў Мазырскага НПЗ з прычыны дэфіцыту валюты ў беларускага боку. Гуцэрыеў упарціўся нядоўга. У выніку жорсткае закуліснае барацьбы за кіраўніцтва "Слаўнафтаю" у Расеі пад ім неўзабаве пачало хістацца прэзыдэнцкае крэсла.

У прыватнасьці, інгуша Гуцэрыева ягоныя канкурэнты абвінавачваюць сёньня ў фінансавай падтрымцы чачэнскіх атрадаў Масхадава й Басаева. З другога боку, ва ўрадзе Расеі зьявіліся чарговыя пляны ў разьдзяржаўленьні "Слаўнафты". У выніку пазыцыя Гуцэрыева наблізілася да пазыцыі беларускіх уладаў.

Галоўнае зараз пытаньне: ці знойдуць партнэры грошы для мадэрнізацыі мазырскага заводу? Паводле меркаваньня незалежных экспэртаў без дапамогі заходніх фінансавых установаў гэта немагчыма. Між тым, як вынікае зь сёньняшняга тлумачэньня бакоў, такой дапамогі ў бліжэйшай пэрспэктыве не чакаецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG