(эфір 23 верасьня)
У суботу 23 верасьня чытачы "Народнае Волі" атрымалі незвычайны нумар газэты. Яна выйшла на васьмі старонках, замест звычайных чатырох, і атрымалася надзвычай прыгожай і цікавай. Падставы выданьня такога нумару — юбілей газэты. На першай старонцы суботняе "Народнае Волі" адразу кідаецца ў вочы лічба "1000". Менавіта гэты рубеж узялі журналісты папулярнае недзяржаўнае газэты — у суботу 23 верасьня выйшаў юбілейны, тысячны нумар. У шэрагах беларускае незалежнае прэсы "Народная Воля" займае асаблівае месца. Па-першае, як любіць падкрэсьліваць галоўны рэдактар выданьня Іосіф Сярэдзіч, "Народная Воля" пакуль што адзіная ў Беларусі штодзённая незалежная грамадзка-палітычная газэта. А па-другое, як жартуюць беларускія журналісты, "Народная Воля" ніколі не бывае сёньняшняй, яна заўжды заўтрашняя. На жаль, гэты жарт крыху сумны. "Народную Волю" ўлады паставілі ў такія ўмовы, што яна сапраўды робіцца на дзень уперад. Як сьведчыць спадар Сярэдзіч, ён мноства разоў зьвяртаўся да кіраўнікоў афіцыйных уладаў (уключна самаго Лукашэнку) з просьбаю дазволіць друкавацца ў галоўнай тыпаграфіі Менску. І хаця гэтае прадпрыемства загружанае далёка ня цалкам, станоўчага адказу як не было, гэтак і няма да гэтага часу. Вельмі абмежаванымі сіламі рэдакцыйны калектыў выпускае прыстойнае выданьне, у якім часта можна знайсьці адказы на складаныя пытаньні сучаснасьці. Што азначае для супрацоўнікаў "Народнае Волі" гэты юбілей? Гаворыць Тацяна Кучынская: (Кучынская: ) "Аб "Народнай Волі" я магу гаварыць бясконца і лічу, што маю на гэта права, бо працую ў гэтым выданьні з самага заснаваньня. А папраўдзе кажучы, кожны дзень я ўваходжу ў рэдакцыю і зьдзіўляюся, што мы ёсьць. Таму што немагчыма пералічыць усе цяжкасьці, якія пераадолела газэта за пяць год свайго існаваньня. Калі апісаць усе тыя цікавыя, вясёлыя, трывожныя і, нават, гарачыя, экстрэмальныя дні, якія прыйшлі мне на памяць, то атрымаецца кнігазбор раўнаважкі збору твораў Леніна. Таму мне проста радасна, што НВ жыве ўжо шосты год, і ў руках нашыя чытачы маюць магчымасьць трымаць усяго толькі тысячны нумар. Калісьці прыйдзе час, што НВ будзе самай чытабельнай газэтай ня толькеі ў Беларусі, але і ў сьвеце". Гэта была карэспандэнтка "Народнае Волі" Тацяна Кучынская. А зараз слова Аляксандру Сілічу: (Сіліч: ) "Я думаю, што "Народная Воля" – гэта ня проста газэта, гэта знак таго, што ў Беларусі будзе ўсё добра. Напрыклад, паводле дадзеных амэрыканскага прадстаўніцтва IREX pro Media, кожны дзень газэту чытаюць 450 тысяч чалавек у Беларусі. І гэта значыць, што кожнае слова, сказанае ў гэтай газэце, мае вагу. Для нас гэта вельмі-вельмі важны этап. Наколькі я ведаю, гэта першае незалежнае грамадзка-палітычнае выданьне, якое прайшло праз этап 1000 асобнікаў. У нас проста фэст". Гэта быў карэспандэнт "Народнае Волі" Аляксандар Сіліч. Учора ўвечары сябры "Народнае Волі" віншавалі газэту. Гэта быў сапраўдны фэст. І нават успаміны галоўнага рэдактара, які ўзгадаў, што ён выдаў 1066 нумароў "Народнае газеты", пасьля чаго быў звольнены з пасады загадам Лукашэнкі, не сапсавалі настрой. Іосіф Сярэдзіч упэўнены, што разам з калектывам ён выпусьціць яшчэ не адну тысячу нумароў "Народнае Волі".