(эфір 23 верасьня)
Эканамічны агляд тыдня прафэсара Ўладзімера Кулажанкі. Як паказалі падзеі тыдня, выхад на адзіны валютны курс у сэнсе ўстойлівасьці беларускага рубля — толькі пачатак справы. Важнейшыя рашэньні й дзеяньні наперадзе, як з унутранага гледзішча, гэтак і з вонкавага боку. У сувязі з гэтым 20 верасьня Савет міністраў і Нацыянальны банк анулявалі шэраг дакумэнтаў, якія да гэтага часу абмяжоўвалі выкарыстаньне беларускага рубля ў сфэры замежнага гандлю. Найперш здымаюцца абмежаваньні на выкарыстаньне рубля пры аплаце імпартных кантрактаў, якія былі ўведзеныя ў сувязі з рэзкім падзеньнем валютнага курсу рубля ўвесну 1998 году. Гэты рашучы крок у справе дасягненьня канвэрсоўнасьці беларускіх грошай у бягучых апэрацыях вельмі сур'ёзна паставіў пытаньне ў стварэньні валютных рэзэрваў, якіх патрэбна на сотні мільёнаў даляраў. Зразумела, такіх грошай у Нацбанку няма. Паводле заяваў кіраўнікоў Нацбанку ў краіне хопіць рэзэрваў для забесьпячэньня стабільнасьці рубля толькі на 3-4 месяцы, да канца сёлетняга году. А што далей? Далей спадзяваньне на крэдыты Міжнароднага валютнага фонду, Усясьветнага банку і Эўрапейскага банку рэканструкцыі й разьвіцьця. Вялікая надзея таксама на абяцаны стабілізацыйны крэдыт Цэнтрабанку Расеі памерам 200 млн. даляраў. Усе гэтыя замежныя фінансавыя ўстановы яшчэ раней запатрабавалі ад Беларусі ня толькі ўводу адзінага валютнага курсу рубля, што ўжо зроблена, але й больш жорсткае грашова-крэдытнае палітыкі ў цэлым. На думку сталага прадстаўніка Міжнароднага валютнага фонду Марка Гортана чаканы ў гэтым годзе штомесячны 8-9% прырост грашовае рублёвае масы ў краіне занадта вялікі для эфэктыўнага падтрыманьня стабільнасьці беларускага рубля, бо нават 5-6% прырост, які называўся сёлета, ацэньваўся заходнімі банкірамі як празьмерны. Значыць, трэба моцна прыглушыць друкарскі станок і пустую эмісію грошай. Але як гэта зрабіць, калі грошы патрэбныя для фінансаваньня стратных прадпрыемстваў (а іх траціна), для ліквідацыі запазычанасьці ў заробкавай плаце, для завяршэньня сельскагаспадарчых работаў, падрыхтоўкі да зімы й гэтак далей? Як выйсьці з гэтае супярэчнасьці — ніхто ня ведае. А без вырашэньня яе — крэдытаў Захад не дасьць, хоць Нацыянальны банк краіны наважыўся ініцыяваць шэраг перамоваў з эўрапейскімі й сусьветнымі фінансавымі ўстановамі. Ёсьць яшчэ адзін істотны бок валютнае стабілізацыі рубля. Сутнасьць яго ў тым, што дэвальвацыя беларускага рубля будзе працягвацца й надалей. Паводле заявы кіраўнікоў Нацыянальнага банку, да ўзроўню 1200 рублёў за даляр да канца году. Зразумела, што гэта заклікана стымуляваць экспарт, але абавязкова будзе стрымліваць імпарт праз адпаведны дэвальвацыі рубля рост цэнаў. Афіцыйна аб'яўлены рост цэнаў за першы тыдзень верасьня аж на 3% (амаль нагэтулькі, наколькі падвысіліся цэны за ўвесь жнівень) ёсьць вынікам ня толькі пераадоленьня запазычанасьці ў заробках, але й паскоранай дэвальвацыі рубля, якая ў верасьні сягала да 7-13 рублёў на дзень. Апошняе абернецца для людзей толькі ростам цэнаў. Са сказанага вынікае, што стабілізацыя беларускага рубля пры яе далейшай дэвальвацыі на сёньня ставіць перад беларускімі ўладамі праблемаў болей, чым вырашае.