(эфір 19 верасьня)
19 верасьня 1991 году Вярхоўны Савет 12-га скліканьня зацьвердзіў у якасьці дзяржаўнага нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг і герб "Пагоня". Сёньня наш карэспандэнт папрасіў дэпутатаў Вярхоўнага Савету, якія прымалі гэтае рашэньне, узгадаць тыя дні і адказаць на пытаньне, чаму гістарычная сымболіка пратрывала ў якасьці дзяржаўнай толькі няпоўныя 4 гады. Пасьля жнівеньскага путчу ў 1991 годзе працэс развалу Савецкага Саюзу набыў ня толькі фактычныя, але і юрыдычныя формы. Беларусь, як і большасьць іншых савецкіх рэспублікаў, зрабіла Дэклярацыю незалежнасьці канстытуцыйным актам, што фактычна азначала рэальную незалежнасьць рэспублікі. Быў абраны новы старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч. 19 верасьня ў парадак дня было вынесена пытаньне новае сымболікі. У фае парлямэнту апазыцыя БНФ зарганізавала мастацкую выставу, якая давала ўсебаковую інфармацыю пра гістарычны сэнс сымболікі. Пра само галасаваньне ўзгадвае тагачасны дэпутат Лявон Баршчэўскі: (Баршчэўскі: ) "Было ясна, што яўнай перавагі не атрымаем. Было некаклькі галасаваньняў, але пад час аднаго зь іх, вырашальнага, сапраўды здарылася так, што прагаласавала роўна 230 дэпутатаў, і гэта была якраз неабходная лічба. Назаўтра, нешматлікая на той момант камуністычная фракцыя ўзьняла пытаньне, што, як яна высьветліла, дэпутата Шэймана не было на месцы ў момант галасаваньня, а пайменным галасаваньнем каля яго прозьвішча было "за". І тады дэпутат Шэйман падняўся і сказаў, што сапраўды яму стала млосна, і што ён на хвіліну выйшаў у гол, але па ягонай асабістай просьбе была націснутая кнопка "за", і што ён сьвядома падтрымлівае гэтае пытаньне. Менавіта голасам дэпутата Шэймана была прынятая сымболіка". Чаму беларуская нацыянальная сымболіка прайснавала ў якасьці дзяржаўнае толькі 4 гады — да рэфэрэндуму 1995 году, у выніку якога яна была замененая на падмаляваныя савецкія ўзоры. Чаму так атрымалася? Дэпутат Лявон Дзейка, які тады ўваходзіў у камісію адукацыі, культуры й захаваньня гістарычнае спадчыны, лічыць, што ад самога пачатку чыноўнікі пачалі сабатаваць новыя дзяржаўныя сымбалі: (Дзейка: ) "На вялікі жаль, большасьць дзяржаўных ворганаў, кіраўнікоў і ў абласьцях, і ў міністэрствах, і ў раёнах у сілу гістарычнай інэрцыі і сьветапогляду не былі падрыхтаваныя да зьмены дзяржаўнай сымболікі. Таму яны ўсялякім чынам як маглі сабатавалі. І гэта адразу адчулі тыя сілы, якім гэта было як костка ў горле". Лічыць Лявон Дзейка. Напэўна, даволі проста вінаваціць ва ўсім чыноўнікаў, але ці было беларускае грамадзтва гатовае абараняць бел-чырвона-белы сьцяг. Ці не выяўляла бальшыня беларусаў абыякавасьць да сваіх нацыянальных сымбаляў? Вось што лічыць Лявон Баршчэўскі: (Баршчэўскі: ) "Сказаць па шчырасьці, ніводнае грамадзтва не пераймалася пытаньнямі сымболікі. Гэта пытаньне эліты. Грамадзтва прымае тое, што ведаюць, як кажуць, адукаваныя людзі, эліты. Грамадзтва, безумоўна, падтрымала гэтую сымболіку – гэта можна сказаць сьмела, бо калі ўзяць лічбы нават гэтага рэфэрэндума, які ня быў ні справядлівым, ні аб'ектыўным, – калі браць ад колькасьці выбаршчыкаў, менш за палову прагаласавала за зьмену гэтых сымбаляў. Значыць, перамогі ворагаў гэтай сымболікі не было. Гэта можна адназначна сказаць. Таму безумоўна, што ў Беларусі на належным узроўні гістарычная сымболіка адродзіцца можа і раней, чым нашае грамадзтва стане па-сапраўднаму дэмакратычным".