Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 верасьня 2000 г.


Алег Супрунюк, Берасьце

(эфір 11 верасьня)
Старшыня суда Ленiнскага раёну Берасьця Тамара Астрэйка зьвярнулася да прадстаўнiкоў памежных i мытных ворганаў зь просьбаю забясьпечыць бясьперашкоднае перасячэньне мяжы ксяндзом Зьбiгневам Каролякам, каб ён змог зьявiцца на судовае паседжаньне. Разгляд скаргi каталiцкага сьвятара будзе разглядацца судом Ленiнскага раёну 27 верасьня.

Грамадзянiн Польшчы, настаяцель берасьцейскага касьцёлу Ўзьвiжаньня сьвятога Крыжа Зьбiгнеў Кароляк пачынаючы з красавiка гэтага году спрабуе абскардзiць два адмiнiстрацыйныя спагнаньні, вынесеныя яму начальнiкам Ленiнскага РАУС Берасьця Аркадзем Касьцючыкам за нiбытае парушэньне правiлаў знаходжаньня iншаземных грамадзянаў на тэрыторыi Беларусi. На падставе гэтага раённы пракурор Уладзiмер Масюк вынес пастанову ў дэпартацыi Зьбiгнева Кароляка й забароне яму на працягу 10 гадоў перасякаць мяжу Беларусi.

Зьяўленьне гэтага дакумэнту фактычна прымусiла каталiцкага сьвятара напрыканцы траўня зьехаць зь Берасьця ў Польшчу. Але цяпер незвычайную прынцыповасьць праяўляюць прадстаўнiкi судовае ўлады. Судзьдзi, якiя раней шукалi любую прычыну на тое, каб перанесьцi разгляд скаргаў ксяндза Кароляка, пачалi настойваць на тым, каб ён асабiста прысутнiчаў на судовых паседжаньнях.

Юрыст Iгар Кабалiк, якi прадстаўляе iнтарэсы Зьбiгнева Кароляка, неаднаразова рабiў заявы пра тое, што гэта немагчыма, пакуль дзейнiчае пракурорская пастанова ў дэпартацыi каталiцкага сьвятара.

У такiх умовах старшыня суду Ленiнскага раёну Тамара Астрэйка зрабiла нечаканы крок: каб забясьпечыць прысутнасьць ксяндза ў Берасьцi 27 верасьня пры разглядзе сваёй скаргi, яна ў пiсьмовай форме прапанавала памежным i мытным службам не затрымлiваць Зьбiгнева Кароляка пры перасячэньнi польска-беларускае мяжы.

Але цi будзе гэтая просьба выкананая — пакуль невядома, i юрыст Iгар Кабалiк не выключае, што пры ўезьдзе на тэрыторыю Беларусi каталiцкi сьвятар можа быць зарыштаваны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG