Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 верасьня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Адміністрацыя Менскага аўтазаводу адмовіла ў працаўладакаваньні актывісту Свабоднага прафсаюзу мэталістаў Міхалу Марынічу. Больш за пяць месяцаў прадстаўнік дэмакратычнага прафсаюзу зьяўляецца беспрацоўным.

Сёньня Міхал Марыніч чарговым разам наведаў Менскі аўтамабільны завод, каб працаўладкавацца тут сьлесарам-мэханазборшчыкам агрэгатнага цэху. Менавіта такі вырак тыдзень таму вынес судзьдзя Заводзкага суду Алег Каляда, які пастанавіў, каб адміністрацыя МАЗу прадаставіла Марынічу працоўнае месца ў абавязковым парадку.

Аднак кіраўніцтва аўтазаводу з такім выракам не пагадзілася. І літаральна праз тры дні судзьдзя Жана Хвайніцкая таго ж Заводзкага суду нечакана апратэставала рашэньне свайго калегі.

(Марыніч: ) "Мне сказалі, што пытаньне майго працаўладкаваньня застаецца адкрытым да рашэньня гарадзкога суду. Рэч у тым, што завод падаў касацыйную скаргу ў гарадзкі суд. З аднаго боку, каб перашкодзіць мне ўладзіцца на МАЗ і каб зацягнуць гэтую справу. Таму, я думаю, калі гарадзкі суд вырашыць на маю карысьць, завод падасьць скаргу далей. Справа можа цягнуцца не адзін месяц".

(Карэспандэнт: ) "Міхаіл Мітрафанавіч, Вы лічаце, што гэта дыскрымінацыя паводле прафсаюзнай прыналежнасьці?"

(Марыніч: ) "Я лічу, што ў аўтазаводу няма іншых падставаў, каб не дапусьціць мяне працаваць. Я быў абраны старшынём прафсаюзнай суполкі Свабоднага прафсаюзу мэталістаў, працаваў сьлесарам на МАЗе, маю досьвед і ня думаю, што аўтазаводу не патрэбныя мае рабочыя рукі. Завод ня хоча, каб я займаўся прафсаюзнай працай. У справе зацікаўлена і пракуратура Заводзкага раёну, упраўленьне КГБ Заводзкага раёну, чые супрацоўнікі наведваюць суд, цікавяцца, як ідзе справа, а можа й рэкамэндацыі даюць, якія кручкі можна знайсьці ў нашым заканадаўстве, каб мяне не працаўладкаваць на МАЗе."

Лідэр Свабоднага прафсаюзу мэталістаў Віктар Трошчы таксама лічыць, што супрацьдзеяньне працаўладкаваньню Марыніча на МАЗ адбываецца выключна паводле палітычных матываў:

(Трошчы: ) "Я мяркую, што судзьдзя выконваў чыюсьці волю. Мы добра ведаем судзьдзю Хвайніцкую, яна ўжо судзіла сяброў Свабоднага прафсаюзу, і абавязкова на карысьць адміністрацыі Менскага аўтазаводу. Яна, я так мяркую, выконвала ўказаньні адміністрацыі прэзыдэнта й КГБ. Калі б суд быў справядлівы, дык ніякага пратэсту не было б, бо чалавеку варта прадаставіць працу, каб ён мог зарабіць сабе кавалак хлеба. Я магу прадказаць, як будуць разьвівацца падзеі. Нават калі гарадзкі суд пачне разглядаць справу Марыніча, дык яго працаўладкаваньне адбудзецца не раней, чым праз паўтары месяцы. Мы ўжо маем такі досьвед. А наогул, гэта будзе цягнуцца да Вярхоўнага суду".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG