Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 верасьня 2000 г.


Ягор Маёрчык, Менск

(эфір 6 верасьня)
На супольнай канфэрэнцыі сьвятары й вернікі хрысьціянскіх канфэсіяў Беларусі абмеркавалі правапарушэньні ў дачыненьні да хрысьціянскіх абшчынаў. Яны ўтварылі Грамадзкі хрысьціянскі камітэт дзеля назіраньня, абмену інфармацыяй і каардынацыі супольных дзяньняў, а таксама прынялі зварот да грамадзтва і дзяржавы, у якім патрабуюць спыніць ціск і перасьлед сьвятароў і вернікаў хрысьціянскіх абшчынаў.

Ад пачатку гэтага году ў Беларусі, паводле дадзеных Інфармацыйна-праўнага цэнтру "Свабода сумленьня" зарэгістравана блізу 8 істотных выпадкаў парушэньня рэлігійных свабодаў. Экспэрты Цэнтру кажуць, што для краіны, дзе хрысьціянскія канфэсіі аб'ядноўваюць блізу 4 мільёнаў чалавек, — гэтая лічба вельмі вялікая.

Кіраўнік цэнтру "Свабода сумленьня" Алесь Варыкін упэўнены, што дадзеныя маніторынгу — гэта толькія вяршыня айсбэргу, шэраг парушэньняў не фіксуецца, бо:

(Варыкін: ) "Тыя пацярпелыя, якія робяцца ахвярамі сваволі чыноўнікаў, не рэагуюць на гэта і не паведамляюць. Заўважаецца тэндэнцыя ціску, заўважаецца рост экстрэмісцкіх настрояў".

Сур'ёзнай перашкодаю для далейшага існаваньня рэлігійных арганізацыяў, на думку спадара Варышкіна, зьяўляецца перарэгістрацыя ў Міністэрстве юстыцыі:

(Варыкін: ) "Ёсьць група вернікаў, якая хоча зарэгістравацца, але яны ня могуць гэтага зрабіць, таму што яны ня маюць памяшканьня. А ў законе напісана, што памяшканьне можа мець толькі зарэгістраванае рэлігійнае аб'яднаньне. Зачараванае кола".

Пацьверджаньне гэтаму — сытуацыя, што склалася пад час рэгістрацыі Менскае кальвінісцкае грамады. Пастар грамады Аляксей Фралоў усё яшчэ спадзяецца, што суполка будзе зарэгістраваная. Але пэрспэктывы цьмяныя.

(Фралоў: ) "Ужо год ляжаць нашыя дакумэнты на рэгістрацыі. Гэта нам здаецца ўжо занадта. У гэтым мы бачым нейкі недавер да цэркваў, якія трошкі не такія, як бы хацелася камусьці. Хаця царква рэфармацкая – адна з самых аўтарытэтных, самых паважаных у сьвеце цэркваў хрысьціянскіх, якая бярэ свой пачатак ад дзейнасьці такіх славутых хрысьціянаў-эвангелістаў як Марцін Лютэр і Жан Кальвін. Бальшавікі разагналі апошнюю беларускую рэфармацкую царкву ў 1920 годзе. Яшчэ адна засьцярога для ўладаў тое, што нашая царква менавіта беларускамоўная царква. Статут, безумоўна, быў пададзены па-беларуску. Магчыма, гэта таксама выклікае пытаньні і засьцярогі ў адміністрацыі".

Выпадкі дыскрымінацыі паводле канфэсійнае прыналежнасьці, перашкоды ў рэгістрацыі рэлігійных абшчынаў, а таксама іншыя супрацьдзеяньні дзяржаўных структураў, запрошаныя прадстаўнікі якіх, дарэчы на канфэрэнцыю не зьявіліся, сталі падставамі для ўхваленьня Звароту да грамадзтва й дзяржавы.

У дакумэнце прадстаўнікі хрысьціянскіх арганізацыяў заклікаюць надаваць увагу ўсім фактам парушэньня рэлігійных правоў грамадзянаў, прадухіляць падаўленьні свабоды сумленьня й веравызнаньня, спыніць уціск і перасьлед сьвятароў ды вернікаў хрысьціянскіх абшчынаў, гвалтоўныя дзеяньні работнікаў міліцыі ды пракуратуры пад час набажэнстваў, зьнявагі й паклёпы на адрэсу дазволеных законам хрысьціянскіх супольнасьцяў.

Сумесныя дзеяньні ў гэтым кірунку будзе каардынаваць утвораны на канфэрэнцыі Грамадзкі камітэт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG