Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 верасьня 2000 г.


Мікола Іваноў, Прага

Польская Gazeta Wyborcza 5 верасьня зьмясьціла артыкул свайго карэспандэнта ў Вашынгтоне Бартоша Венглярчыка на тэму беларуска-літоўскіх адносінаў. Прапануем пераклад гэтага артыкула.

Усяго праз дзень пасьля чэрвеньскага візыту Біла Клінтана ў Маскву некалькі дзясяткаў танкаў і бронетранспартэраў 28-га корпусу беларускага войска нечакана распачалі манэўры непадалёк мяжы з Літвой, піша ў "Газэце выборчай" яе вашынгтонскі карэспандэнт. Паводле яго, літоўскія памежнікі з растучым хваляваньнем назіралі за тым, як набліжалася беларускае войска, як яно спынілася літаральна ў пяці мэтрах ад тэрыторыіі Літвы.

Літоўцы паскардзіліся ў Вашынгтон, аднак Белы дом, задаволены ходам перамоваў у Маскве, палічыў за лепшае не заўважыць тых падзеяў, паведамляе "Газета выборча".

Аднак амерыканская вайсковая разьведка лічыць, што манэўры былі часткай больш вялікай апэрацыі, якая мела мэтай зменшыць шанцы Літвы на ўступленьне ў НАТА ў другім туры пашырэньня гэтай арганізацыі. Абодва кандыдаты на пасаду прэзыдэнта ЗША крытыкуюць такое пашырэньне і настойваюць, каб Расея ня мела права вэта ў справе пашырэньня, піша карэспандэнт "Газэты выборчай" у Вашынгтоне. Паводле яго, ў справаздачы амэрыканскай разьведкі сьцьвярджаецца, што мэтай манэўраў 28-га корпусу была адпрацоўка дзеяньняў перадыслякацыі беларускай вайсковай часткі ў Калінінградскую вобласць Расеі. Марштрут гэтага прарыву мог бы праходзіць ўздоўж літоўска-польскай мяжы па тэрыторыі суседняй Літвы, мяркуе "Газета выборча". А на пытаньне, навошта беларусы маглі б прарывацца да Калінінграду, крыніцы, на якія спасылаецца Бартош Венглярчык, адказваюць: " Гэта адзін з ўзгодненых з Масквой варыянтаў рэакцыі на спробы Калінінграду аддзяліцца ад Масквы". Хаця расейцы маюць ў Калініградзе моцны гарнізон, але ў выпадку хваляваньняў ці спробы бунту – дзякуючы абароннаму зьвязу паміж Беларусьсю і Расеяй братэрскі 28-мы корпус беларускага войска мог бы прыйсьці на дапамогу, піша "Газэта выборча".

Дамова аб супрацоўніцтве і добрасуседзтве ў Эўропе прадугледжвае ў якасьці так званага сродку даверу ўзаемнае інфармаваньне суседзяў пра маючыя адбыцца манэўры ды іхныя мэты. Беларусы аднак гэтага не зрабілі. Яны абмежаваліся тым, што задзейнічалі у манэўрах 5-га чэрвеня войскаў ня больш за адзін батальён, што не падпадае пад патрабаваньні АБСЭ ў галіне інфармаваньня пра рухі войскаў. Але і гэты батальён ў значнай ступені напалохаў Літву, а магчыма і Захад, лічаць у Вашынктоне.

Літоўскія вайскоўцы хутчэй за ўсё не баяцца беларускай агрэсіі, аднак мяркуюць, што правакацыйныя манэўры могуць ускладніць шлях Літвы ў НАТА. "І мажліва, што гэтага і дамагаюцца ўлады ў Менску", – цытуе аўтар артыкулу ў "Гэзэце выборчай" аналітыкаў з амэрыканскай вайсковай выведкі. У іхным дакладзе для Белага дому паведамляецца, што цяперашнія кандыдаты ў НАТА – Літва, Румынія, Славакія і Славенія – будуць вымушаныя выканаць тыя ж ўмовы, якія выканалі Польшча, Чэхія і Вугоршчына. Сярод іх падтрыманьне добрых адносінаў з суседзямі. Калі некалькі гадоў таму Румыніі здавалася, што яе прымуць ў НАТА у першай групе прэтэндэнтаў, кіраўніцтва краіны абуралася паводзінамі Ўкраіны, якая не жадала падпісваць дамову аб добрасуседзтве. Але раней самі румыны гэтак жа шантажавалі ўгорцаў, сьцьвярджаючы, што Будапешт не збіраецца гарантаваць роўных правоў румынскай меншасьці. Спрэчкі былі спыненыя, бо і Румынія, і Ўкраіна імкнуцца захаваць добрыя адносіны з ЗША і Захадам, – згадвае "Газэта выборча".

А вось беларусы ўжо некалькі месяцаў вядуць з амэрыканцамі амаль што халодную вайну, – сьцьвярджае Бартош Венглярчык, – за тое што Вашынгтон не прызнае лігітымнасьць беларускага парлямэнту, крытыкуе Аляксандра Лукашэнку за фальсыфікацыю выбараў і парушэньне правоў чалавека.

Лукашэнка днямі прыяжджае ў ЗША, дзе прыме ўдзел у спэцыяльнай сэсіі ААН. Аднак Біл Клінтан не запрасіў яго на прыём кіраўнікоў дзяржаваў. А гэта ў сьвеце дыпляматыі больш, чымся абраза, – адзначае "Газета выборча".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG