Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 жніўня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Лідэр расейскае кампартыі Генадзь Зюганаў цалкам задаволены маштабам перамоваў, якія ён правёў сёньня з Аляксандрам Лукашэнкам. Кіраўнік КПРФ цалкам падзяляе думку Лукашэнкі пра тое, што ў Расеі актывізаваліся ворагі інтэграцыі, якія ўсяляк перашкаджаюць збліжэньню Беларусі й Расеі.

Зюганаў паведаміў пра гэта сёньня ў часе сваёй прэсавай канфэрэнцыі. Ён ня быў арыгінальным, сярод ворагаў інтэграцыі ўсё тыя ж Чубайс, Беразоўскі ды іншыя — "хто разваліў краіну і эканоміку". Са словаў лідэра КПРФ таксама вынікала, што гэтыя ж самыя таямнічыя сілы ня выратавалі маракоў з "Курску", з-за іхнае ж віны загарэлася маскоўская тэлевежа ды адбыліся іншыя катастрофы ў Расеі. Пасьля ён скрытыкаваў Парляманцкую асамблею Рады Эўропы, якая, на думку Зюганава, перадузята ставіцца да Беларусі ды іншых краінаў.

Гаворыць Генадзь Зюганаў:

"Што тычыцца Беларусі, у іх абсалютна перадузятыя адносіны да вашае рэспублікі. Да каго ў іх ёсьць прэтэнзіі? — да Югаславіі. Каго крытыкуюць? — Украіну й Беларусь. Каго лаюць? — Расею. Я вам папярэдне заяўляю, там абсалютна прадузятая пазыцыя.

Я запэўніваю — прыедуць на беларускія выбары многія назіральнікі, калі запросіце. Ёсьць яны ў розных краінах, у розных партыях і вельмі ўважліва паглядзяць", — лічыць лідэр расейскае кампартыі Генадзь Зюганаў.

Паводле словаў Зюганава, КПРФ мае ў Беларусі роўныя стасункі і з праўрадавай КПБ Віктара Чыкіна, і з апазыцыйнай ПКБ Сяргея Калякіна. Тое, што гэтыя партыі цяпер знаходзяцца на розных палітычных пазыцыях, Зюганава ня вельмі хвалюе. Паводле ягоных словаў, КПРФ ня мае намеру мяшацца ў нутраныя справы Беларусі.

На гэтай жа падставе ня стаў Зюганаў камэнтаваць і інфармацыю пра тое, што нібыта адзін зь лідэраў апазыцыйнае ПКБ, дырэктар маскоўскага заводу "Рубін" Анатоль Лашкевіч, пры падтрымцы расейскіх фінансава-прамысловых групаў мае намер выставіць сваю кандыдатуру на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі.

Зюганаў вельмі захапляўся сьціпласьцю Лукашэнкі, які ў дзень свайго нараджэньня актыўна працаваў. І Зюганаву было вельмі прыемна павіншаваць Лукашэнку ды выпіць зь ім гарэлкі.

Лідэр КПРФ паведаміў, што неадназначна ставіцца й да нядаўняга рашэньня Архіярэйскага сабору РПЦ кананізаваць цара Мікалая II, але лічыць што гэта ўнутраная справа Царквы. Зюганаў таксама шмат казаў пра неабходнасьць інтэграцыі краінаў СНД, але разам з тым падтрымаў рашэньне расейскага ўраду ў выхадзе Расеі з пагадненьня пра бязьвізавы рэжым у рамках Садружнасьці. Маўляў, Расея павінна спыніць плынь зброі, наркотыкаў і брудных грошай, што хлынулі на яе тэрыторыю. Аднак, на думку Зюганава, у адносінах да Беларусі візавы рэжым уводзіць ня варта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG