Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 жніўня 2000 г.


Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

Паводле дадзеных пінскае міліцыі, гэтак званыя прадстаўнікі "каўкаскіх нацыянальнасьцяў", колькасьць якіх у горадзе апошнім часам падвялічылася з-за гандлёвага сэзону, асаблівых клопатаў праваахоўным ворганам ня прыносяць. Такая ж самая сытуацыя і ў іншых мястэчках Палесься, за выключэньнем хіба што Лунінцу, дзе напярэдадні адбылася крывавая бойка з удзелам грамадзяніна Азэрбайджану.

Да прысутнасьці іншаземцаў жыхары Пінску прызвычаіліся яшчэ за савецкім часам, калі шматлікія прадстаўнікі гэтак званых "братніх" краінаў, якія абралі сацыялістычны шлях разьвіцця, вучыліся ў тэхнічных вучэльнях гораду. Пасьля сканчэньня вучэльняў, шмат хто зь іх вырашыў застацца ў Беларусі, часам з-за таго, што вярнуцца на Радзіму ўжо было нельга. У свой час камуністычныя ўрады прыкладам Аўганістану ці Камбоджы накіроўвалі вучыцца ў СССР пераважна дзяцей партыйных функцыянэраў, якія пасьля распаду "савецкага лягеру" страцілі ўладу і былі пакараныя. Іхных дзяцей, калі б яны вярнуліся дахаты, чакаў бы такі самы лёс.

Аўганцы, віетнамцы й камбаджыйцы, што засталіся ў Пінску такім чынам, пераважна займаюцца гандлем на гарадзкім кірмашы, а некаторыя працуюць на прадпрыемствах. Яны ўжо даўно маюць дазвол на пражываньне ў Беларусі і сваё жытло.

Жыхары былых саюзных каўкаскіх рэспублік таксама даўно праклалі шлях у Пінск са сваімі кавунамі, гарэхамі й дынямі. Аднак менавіта зараз, у рэчышчы падзеяў у суседней Расеі, да іх вельмі пільная ўвага.

Як нам паведамілі ў дзяжурнай частцы Пінскага РАУС, усе грамадзяне каўкаскіх краінаў, што прыяжджаюць у Пінск абавязкова рэгіструюцца. Зараз у горадзе легальна жывуць некалькі дзясяткаў такіх асобаў, якія прыехалі сюды гандляваць, або купляць на Палесьсі гуркі, бульбу ды іншыя сельскагаспадарчыя прадукты. Паводле словаў міліцыянтаў, ніякіх крымінальных выпадкаў з удзелам каўкаскіх гасьцей у Пінску пакуль не было.

Гэтак сама і ў іншых суседніх мястэчках, за выключэньнем хіба што Лунінцу, дзе надоечы адбылася крывавая бойка з удзелам грамадзяніна Азэрбайджану. Бойка адбылася пасьля таго, як двое мужчын-жыхароў Лунінцу зрабілі заўвагу азэрбайджанцу Элданісу Ісмаілаву, які хуліганіў ля кавярні "Верас". Замест тлумачэньняў, азэрбайджанец нечакана ўсадзіў нож у пахвіну аднаму з мужчын, якога ў цяжкім стане адвезьлі ў шпіталь. Злачынцу схапілі й цяпер вядзецца сьледзтва. Увогуле ў Лунінінец, які ёсьць вузлавой чыгуначнай станцыяй, прыяжджаюць гандляваць з усіх бакоў: украінцы, расейцы ды іншыя, у тым ліку і каўказцы, шмат хто зь якіх жыве ў горадзе без адпаведнага дазволу.

Варта адзначыць, што сярод жыхароў на Палесьсі дагэтуль ня йснуе нейкага варожага ці прадузятага стаўленьня як да ўжо звыклых віетнамцаў і аўганцаў, якія сталі часткаю штодзённага жыцця, гэтак сама й да прыезжых грамадзянаў з каўкаскіх краінаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG