Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 жніўня 2000 г.


Віталь Тарас

У пачатку жніўня каля ста ўзброеных паўстанцаў перайшлі праз горы з Таджыкістану ў паўднёвы Кыргызтан. Паводле афіцыйных зьвестак, у баях, якія распачаліся пасьля гэтага, загінулі 24 жаўнеры і каля 50 інсургентаў. Перад гэтым іншая група паўстанцаў уварвалася з Таджыкітстану ва Ўзбэкістан. Там загінулі 12 жаўнераў і 20 ісламістаў. Аднак, многія лічаць, што гэта толькі пачатак яшчэ больш пагрозьлівых падзеяў. Гэтай тэме прысьвечаны артыкул пад назвай "Паўстанцы прыцэльваюцца" у брытанскім часопісе Economist.

Часопіс нагадвае, што 20 жніўня прэзыдэнты Казахстану, Кыргызтану, Таджыкістану і Ўзбэкістану правялі сустрэчу ў Бішкеку з удзелам сакратара Рады бясьпекі Расеі Сяргея Іванова. Яны дамовіліся дзейнічаць сумесна і заявілі, што тэрарысты будуць цалкам разьбітыя.

Нават калі так будзе, – працягвае часопіс, – гэтага мала для вырашэньня вялікай праблемы, якая пагражае стабільнасьці Цэнтральнай Азіі.

Паводле прэзыдэнта Кыргызтану Аскара Акаева, больш як 1000 паўстанцаў рыхтаваліся нанесьці ўдар па ягонай краіне з Таджыкістану. Улады сьцьвярджаюць, што ў іхных шэрагах ёсьць узбэкі, таджыкі, арабы, пакістанцы, расейцы й чачэнцы, і што іх фінансавалі міжнародныя тэрарыстычныя арганізацыі, улучна з арганізацыяй Асамы бэн Лядэна, якога шукаюць у ЗША як асабліва небясьпечнага тэрарыста, і які цяпер схаваўся на тэрыторыі Аўганістану.

Паводле меркаваньня кыргызкага боку, паўстанцы хочуць дэстабілізаваць сытуацыю, каб захаваць існуючыя шляхі перапраўкі наркотыкаў з Аўганістану, які зьяўляецца найбуйным вытворцам наркотыкаў у сьвеце, у Расею ды Эўропу.

Узбэкістан жа называе паўстанцаў проста бандай крымінальнікаў.
Аднак, сытуацыя больш складаная, чымся хочуць паказаць узбэцкія ўлады.

Усяго за некалькі дзён кыргызкае войска страціла столькі жаўнераў, колькі перад гэтым – цягам двух месяцаў антыпаўстанцкай апэрацыі.
На чале паўстанцаў стаіць радыкальны лідэр Ісламскага руху Ўзбэкістану Джума Намангані. Гэтая арганізацыя імкнецца стварыць ісламскую дзяржаву ў Ферганскай даліне, па якой пралягаюць межы Кыргызтану, Таджыкістану й Узбэкістану. Стратэгія паўстанцаў палягае на тым, каб ператварыць Цэнтральную Азію ў "гарачую кропку" і скінуць цяперашняе кіраўніцтва ў Ташкенце.

Узбэкістан пад аўтарытарным кіраваньнем прэзыдэнта Іслама Карымава карыстаўся рэпутацаяй стабільнай краіны. Аднак, ягоная ўлада пахіснулася летась у лютым, калі ў Ташкенце выбухамі бомбаў былі забітыя прынамсі 16 чалавек. Карымаў абвінаваціў у выбухах ісламскіх экстрэмістаў. З таго часу разгарнулася сапраўднае паляваньне на іх ва ўсім Узбэкістане.

Прадстаўнікі органаў бясьпекі краінаў Цэнтральнай Азіі нядаўна сустрэліся з мэтай каардынацыі дзейнасьці супраць паўстанцаў. Аднак, на расчараваньне кыргызкіх уладаў, Тыджыкістан не дазволіў ім перасьледваць паўстанцаў на сваёй тэрыторыі.

Палітычная сытуацыя ў Таджыкістане пасьля грамадзянскай вайны застаецца нестабільнай. Паводле неафіцыйных зьвестак, ня ўсе паўстанцы, які ўдзельнічалі ў леташнім уварваньні, пакінулі Таджыкістан – некаторыя заставаліся там цягам зімы. Некаторыя апасаюцца, што й леташні, і сёлетні напады былі толькі падрыхтоўкай, і што горшае яшчэ наперадзе. Сярод простых жыхароў Цэнтральнай Азіі, большасьць зь якіх – бедныя й беспрацоўныя людзі, распаўсюджаная незадаволенасць уладамі. Летась паўстанцы, якія атрымлівалі прадукты ад мясцовага насельніцтва, плацілі за іх амэрыканскімі далярамі – неверагодны прыбытак для тамтэйшых людзей.

Так што паўстанцы могуць мець больш прыхільнікаў, чымся многія думаюць, – піша часопіс Economist.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG