Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 жніўня 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

(эфір 21 жніўня)
У хуткім часе сталічная ўлада пачне ўводзіць у гарадзкую тапаніміку імёны славутых дзеячоў нацыянальнае гісторыі і культуры. Пра гэта заявіў нашаму радыё намесьнік старшыні Менскага гарадзкога выканкаму Васіль Гурын.

Першаю прэтэндэнткаю на перанайменьне стала вуліца Інтэрнацыянальная. Гэтая вуліца ў запаведным гістарычным цэнтры Менску за сваю шматвяковую гісторыю мела некалькі назоваў. Спачатку гэта была не адна, а дзьве вуліцы. Ад усталяваньня пасьля падзелу Рэчы Паспалітае расейскае ўлады і да кастрычніцкага перавароту ўніз ад Катэдральнага пляцу йшла вуліца Храшчэнская, а ўгару – Праабражэнская. Але самыя першыя назовы гэтых вуліцаў былі адпаведна Валоцкая і Зборавая. Менавіта да гэтых аўтэнтычных назоваў прапаноўвала вярнуць вуліцу Інтэрнацыянальную камісія тапаніміцы, якая працавала ў Менскім гарадзкім выканкаме на пачатку 90-х гадоў.

Камісія распрацавала гістарычна абгрунтаваныя прапановы ў вяртаньні аўтэнтычных назоваў усіх вуліцаў і пляцаў цэнтральнае часткі гораду. Аднак тады ўдалося вярнуць на карту Менску няшмат – Гарадзкі Вал, Раманаўскую Слабаду, Ракаўскую, Кальварыйскую. А таксама да 100-гадовага юбілею Максіма Багдановіча надаць ягонае імя вуліцы, на якой ён нарадзіўся, але якая насіла імя расейскага клясыка Максіма Горкага. А яшчэ пляц Леніна ў хуткім часе пасьля гістарычных падзеяў 91-га году стаў пляцам Незалежнасьці. Ну, і гонар сталічных чыноўнікаў – цэнтральная магістраль гораду – атрымала імя Францішка Скарыны.

Пасьля зьмены ўлады камісію гэтую распусьцілі, бо нацыянальная гісторыя стала гэтаю ўладаю незапатрабаваная.

І вось абнадзейвальная навіна са сталічнага выканкаму. Праўда, улады ня самі прыйшлі да думкі зьняцьця са сталічных шыльдаў навязаных камуністамі назоваў, а атрымалі гэтую прапанову ад камісіі тапаніміцы й гістарычнае сымболікі, якая працуе ў Таварыстве Беларускае Мовы пад кіраўніцтвам вядомага гісторыка Анатоля Грыцкевіча. Гэтая камісія яшчэ летась прапанавала даць вуліцы Інтэрнацыянальнай імя Францішка Багушэвіча. Менавіта на гэтай вуліцы пэўны час працаваў адвакатам клясык беларускае літаратуры.

У гарадзкім выканкаме некалькі месяцаў вывучалі прапанову, а потым вырашылі, што ў іншага клясыка – Станіслава Манюшкі – ня меншыя правы быць увекавечаным у назове менавіта гэтае вуліцы. Тут славуты кампазытар жыў, адрэстаўраваны ягоны дом і вядомы менчукам, як дом Манюшкі. У ім месьціцца цяпер дзіцячая музычная школа.

Таму, як паведаміў мне сёньня намесьнік старшыні гарадзкога выканкаму Васіль Гурын, вуліца Інтэрнацыянальная будзе зноў падзеленая на дзьве. Тая яе частка, якая цягнецца ад вуліцы Янкі Купалы да вуліцы Леніна, будзе насіць імя Станіслава Манюшкі, а тая, якая ідзе далей – Францішка Багушэвіча. Рашэньне пра гэта гарадзкі выканкам яшчэ не прыняў, але прыме ў самы бліжэйшы час – запэўніў спадар Гурын.

У Менскім гарадзкім выканкаме разглядаюць яшчэ некалькі прапановаў ТБМаўцаў у наданьні сталічным вуліцам імёнаў нацыянальных гістарычных і культурных дзеячоў – Эўфрасіньні Полацкае, Кірылы Тураўскага, першага рэктара Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Ўладзімера Пічэты. Але нічога канкрэтнага пра вынікі гэтага разгляду намесьнік старшыні гарадзкога выканкаму пакуль не сказаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG