Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 жніўня 2000 г.


Вольга Караткевіч, Прага

Сёньня ў Турэччыне памёр на рак былы прэзыдэнт Азэрбайджану 63-гадовы Абульфаз Эльчыбей. Азэрбайджанскія аналітыкі гавораць, што былы кіраўнік Народнага фронту Азэрбайджану Эльчыбей быў ці не адзіным маральным палітыкам у краіне і ўсяго за год кіраваньня, ад 1992 да 1993 году, паказаў, што дэмакратыя можа функцыянаваць у Азэрбайджане. Лідэр БНФ Зянон Пазьняк, гаворачы пра дасягненьні дэмакратыі за часам кіраваньня Эльчыбея, сьцьвярджае, што толькі прыярытэт нацыянальных каштоўнасьцяў дазволіў многім краінам-былым рэспублікам СССР захоўваць незалежнасьць…

Як гавораць азэрбайджанцы, Эльчыбей быў ці не адзіным дысыдэнтам у краіне. У 70-м годзе за антысавецкую прапаганду яго выключылі з унівэрсытэту, дзе ён вучыўся на факультэце ўсходазнаўства. Пасьля была турма – за часам кіраваньня Аліева. У 1988 годзе, калі распачаўся канфлікт у Нагорным Карабаху, Эльчыбей ачоліў Народны фронт Азэрбайджану… Тады Эльчыбей патрабаваў разьвязаць праблему Карабаху сілавым шляхам, бо кіраўніцтва спадзявалася на палітычнае – з дапамогай Масквы. У студзені 1990 году Масква ўвяла войскі ў Баку.

Пасьля гэтага першы сакратар кампартыі Азэрбайджану Візіраў зьбег з Баку і на яго месца быў прызначаны Аяз Муталібаў, які й стаў першым прэзыдэнтам Азэрбайджану. У 1992 годзе, калі ў выніку ўзброенага канфлікту загінула амаль усё насельніцтва паселішча Худжалы, што побач са Сьцепанакертам, сталіцай Нагорнага Карабаху, Эльчыбей і Народны фронт арганізавалі масавыя пратэсты. Аяз Муталібаў дабраахвотна адмовіўся ад улады, і ў 1992 годзе летам Эльчыбей стаў прэзыдэнтам Азэрбайджану.

Цягам усёй палітычнай дзейнасьці Эльчыбей быў супраць расейскага ўплыву на тэрыторыі Азэрбайджану. Ён першым зь кіраўнікоў рэспублік былога СССР вывеў расейскія войскі з тэрыторыі краіны. Паслухайце ўрывак з прамовы Эльчыбея:

(Эльчыбей: ) "Усе наземныя, паветраныя, марскія сілы Расеі былі выведзеныя з Азэрбайджану. І цяпер Азэрбайджан стаў першай незалежнай дзяржавай сярод краінаў-былых рэспублікаў СССР, на тэрыторыі якой не было ваенных базаў замежных дзяржаваў. Гэта нашая вялікая перамога. Калі б расейскае войска засталося ў Азэрбайджане, умяшалася ў палітыку, у нас у Азэрбайджане было б больш трагедыяў".

Пра дзейнасьць Абульфаза Эльчыбея распавядае аналітык азэрбайджанскай службы Радыё Свабода Эльхан Насібаў:

(Насібаў: ) "Ад самага пачатку Эльчыбей пачаў арганізоўваць войска. Войска ўтваралася з розных груповак, дзеяньне якіх пасьля не было скаардынавана, урэшце ў 1993 годзе адзін зь лідэраў ваеннай групоўкі Сурат Гусэйнаў падняў бунт у К'янджы, Эльчыбей запрасіў Аліева з Нахічавані, і Аліеў ачоліў парлямант. Пасьля гэтага Эльчыбей пакінуў Баку. Праз некалькі гадоў ён зноўку вярнуўся ў Баку і зноўку быў лідэрам, прызнаным лідэрам апазыцыі".

Мы пацікавіліся ў Эльхана Насібава, у якой ступені азэрбайджанцы ўспрынялі нацыянальна арыентаваную палітыку Эльчыбея?

(Насібаў: ) "У нас гэтыя ідэі незалежнасьці Азэрбайджану былі папулярныя і да Эльчыбея. Проста Эльчыбей быў адзіным ці першым з палітыкаў, хто адпавядаў марам народу. Напрыклад, ён быў вельмі маральным чалавекам. Можна сказаць, што ён адзіны шчыры палітык у Азэрбайджане. Ён быў сапраўдным дэмакратам. Ягоная залуга ў тым, што цягам аднаго году кіраваньня ён пакаў, што ў Азэрбайджане магчымая дэмакратыя, і як гэтая дэмакратыя працуе ў параўнаньні з аўтарытарным савецкім рэжымам і незалежным рэжымам Аліева".

Мы спыталіся ў азэрбайджанскага аналітыка Эльхана Насібава, чаму на ягоную думку час кіраваньня Эльчыбея быў такім кароткім - 1 год? Гаворыць Эльхан Насібаў:

(Насібаў: ) "Я магу сказаць, што Эльчыбей быў выбітным палітыкам, ён да гэтага дня мог арганізоўваць 100 тысячныя мітынгі. Ён быў адзіным чалавекам, за кім ішлі 100 тысячаў чалавек, але як дзяржаўны дзеяч, магчыма, ён слабейшы. А можа й ня меў такіх здольнасьцяў. Магчыма, бо ад першага дня ён катэгарычна адрынаў любы кампраміс з Расеяй. У 1993 годзе падрыхтаваў кантракт на засваеньне нафтавых радовішчаў. На думку шматлікіх аглядальнікаў, нафта адыграла вырашальную ролю ў зьвяржэньні ўлады Эльчыбея".

Гэта было меркаваньне аналітыка азэрбайджанскай службы Радыё Свабода Эльхана Насібава. Пры канцы 80-х у рэспубліках былога СССР менавіта Народныя франты і нацыянальныя рухі спрыялі станаўленьню дэмакратыі. Мы папрасілі лідэра Беларускага народнага фронту "Адражэньне" Зянона Пазьняка ацаніць, наколькі дзейнасьць лідэраў нацыянальных рухаў заклала фундамэнт для рэальнага разьвіцьця дэмакратыі, і сказаць пра прычыны, чаму ў некаторых краінах, у прыватнасьці, у Беларусі, нацыянальны рух не перамог:

(Пазьняк: ) "Я думаю, сытуацыі яны ацанілі рэальна. Бо Народныя франты, якія ўзьніклі ў краінах былога СССР – гэта былі арганізацыі нацыянальна-вызвольнага руху. І нацыянальна-вызвольны рух пачаўся з Эстоніі. І ідэі пачаліся з Эстоніі. У тых краінах, дзе грамадзтва было нацыянальна скансалідаванае вакол нацыянальнай ідэі, грамадзтвы выжылі ў гэтай сытуацыі і стварылі незалежнасьць і дэмакратыю. Я маю на ўвазе перадусім прыбалтыйскія краіны. Таму што тыя праблемы, зь якімі сутыкнуліся Народныя франты – гэта не былі ўнутраныя праблемы. Галоўны вораг – гэта спэцслужбы Расеі. Было КГБ. У Грузіі, у Азэрбайджане, у Арменіі – ва ўсіх гэтых краінах каўкаскіх абстаноўка была вельмі складаная, таму што для Расеі гэта вельмі стратэгічна важная зона. З другога боку – гэта вельмі складаныя грамадзтвы са спэцыфічнымі традыцыямі, са спэцыфічным укладам жыцьцёвым, дзе службы КГБ маглі дастаткова свабодна маніпуляваць. Вынік быў жахлівы: забойства Гамсахурдыя, чачэнская вайна, забойства Джахара Дудаева, адхіленьне ад улады Эльчыбея, прыход да ўлады КГБістаў у гэтых краінах. Тым ня менш, і Шэварнадзэ, і Аліеў – людзі КГБ – але яны працягваюць незалежную нацыянальную палітыку. Бо тое, што заклалі Народныя франты, – ад гэтага было немагчыма ўжо адмовіцца. Бо галоўнае пытаньне – гэта вызваліцца з каляніялізму. Нафту азэрбайджанскую павінныя спажываць самі азэрбайджанцы".

Зянон Пазьняк выказаў спачуваньне блізкім і родным памерлага былога лідэра Народнага фронту Азэрбайджану, экс-прэзыдэнта краіны Эльчыбея. Былы савецкі дысыдэнт і постсавецкі азэрбайджанскі апазыцыянэр Абульфаз Эльчыбей будзе пахаваны з пашанай. Пра гэта заявіў прэзыдэнт краіны Гейдар Аліеў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG