Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 жніўня 2000 г.


Ганна Навумовіч, Менск

Створаная камісія, якая мусіць разабрацца ў канфлікце паміж Міністэрствам аховы здароўя ды Інстытутам радыяцыйнае мэдыцыны "Белрад".

Кіраўнік інстытуту "Белрад" Васіль Несьцярэнка зьвяртаўся ва ўрад, каб знайсьці дапамогу ў канфлікце зь міністэрствам. Паводле рашэньня Савету міністраў і было скліканае паседжаньне на нэйтральнай тэрыторыі – у будынку прэзыдыюму Акадэміі навук. На яго былі запрошаныя прадстаўнікі міністэрстваў аховы здароўя і надзвычайных сытуацыяў, дзяржаўнага камітэту ў пытаньні Чарнобылю, Акадэміі навук і "Белраду".

Паседжаньне адбывалася ня больш за 10 хвілінаў, і палову гэтага часу віцэ-прэзыдэнт Акадэміі Валатоўскі скарыстаў на тое, каб у залі не было прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацыяў ды іншых "лішніх асобаў". З залі папрасілі выйсьці нават прадстаўніка навуковае рады "Белраду" Малько. Пасьля гэтага была прызначаная камісія, у якую ўвайшлі па аднаму прадстаўніку "Белраду", міністэрства аховы здароўя, міністэрства надзвычайных сытуацыяў, дзяржкамчарнобылю ды іншых ведамстваў.

Вынікі працы камісіі будуць перададзеныя ня толькі ва ўрад, але і ў Раду Бясьпекі.

Пра сутнасьць канфлікту паміж Міністэрствам аховы здароўя і інстытутам "Белрад" "Радыё Свабода" ўжо паведамляла. Незалежныя адмыслоўцы Белраду лічаць, што афіцыйная мэдыцына дае недакладныя зьвесткі пра назапашваньне радыенуклідаў у беларусаў, а таксама дазваляе ўжываць празьмерна забруджаныя харчовыя прадукты. Інстытут "Белрад" карыстаецца лічыльнікамі выпраменьваньня чалавека, якія давзваляюць праводзіць наўпроставыя вымярэньні, у той час як спэцыялісты міністэрства аховы здароўя прытрымліваюцца ўскосных мэтодыкаў.

Сёлета міністэрства палічыла, што лепей будзе, калі ніхто ня зможа абвергнуць ягоныя дадзеныя. Міністар аховы здароўя лічыць, што "Белрад" мусіць атрымаць ліцэнзію міністэрства на выкарыстаньне лічыльнікаў як на мэдычную дзейнасьць. Прадстаўнікі інстытуту сьцьвярджаюць, што гэта непатрэбна, бо міжнародная камісія, якая працавала ў Менску на запрашэньне міністэрства надзвычайных сытуацыяў, пацьвердзіла, што гэта не мэдычныя, а фізычныя дасьледваньні.

Дарэчы, паводле словаў прэзыдэнта Сацыяльна-экалягічнага саюзу "Чарнобыль" Васіля Якавенкі, інстытут "Белрад" у апошнія гады праводзіў унікальныя дасьледваньні.

Гаворыць Васіль Якавенка:

(Якавенка: ) "Мне вядомая гэтая праблема і вядомы накат на нашага выдатнага навукоўца Васіля Несьцярэнку з выпадку таго, што ён займаецца дасьледваньнямі назапашваньня радыёнуклідаў. На працягу 6-7 гадоў Несьцярэнка ў сваім Інстытуце займаўся вымярэньнем радыяцыі па розных кропках Беларусі – у яго там каля дзвюх сотняў іх было. І гэтая інфармацыя разыходзілася з афіцыйнай інфармацыяй аб накапленьні радыяцыі ў прадуктах харчаваньня".

Гэта быў Васіль Якавенка.

Створаная сёньня камісія адразу пачала сваю працу за зачыненымі дзьвярыма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG