Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 жніўня 2000 г.


Вольга Караткевіч, Прага

"Капітан Пуцін і "Курск", "Пра цану чалавечага жыцьця" – гэта назовы ў газэтах "Financial Times" і "Die Welt", якія, падобна ўсім сродкам масавай інфармацыі сьвету, асьвятляюць трагедыю, якая адбываецца ў Баранцавым моры і аналізуюць, чаму Расея ўпарта адмаўлялася ад замежнай дапамогі для выратаваньня маракоў затанулай субмарыны "Курск". Расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін сёньня заявіў, што Расея не адмаўлялася ад дапамогі захаду, хаця вядома, што пастанова прыняць гэтую дапамогу была прынятая праз два дні пасьля таго, як Злучаныя Штаты ды іншыя краіны прапанавалі свае паслугі. Сёньня расейская газэта "Комсомольская правда" апублікавала сьпіс маракоў. Гэтыя зьвесткі газэта атрымала за 600 даляраў. У сьпісе і беларусы – Сяргей Дудко і Аляксандар Садкоў.

У сьпісе маракоў, якія замураваныя на дне Баранцавага мора, пазначана, што капітан 2-га рангу Сяргей Дудко, якому, дарэчы, 31 год, на субмарыне "Курск" служыць першым памочнікам камандзіра, капітан-лейтэнант Аляксандр Садкоў – камандзір баявой часткі нумар 7.

Сёмая спроба ўратаваць экіпаж лодкі ня ўдалася. Расейскі бок інфармуе, што, верагодна, загінула ўжо каля 80 чалавек экіпажу. Сёньня ўдзень адбылося аварыйнае ўсплыцьцё аднаго з выратавальных апаратаў, якія бяруць удзел у апэрацыі. Афіцыйны прадстаўнік генэральнага штабу Расеі ваеннага флёту Ігар Дыгала паведаміў, што падводную лодку "Курск" паступова зацягвае ў глей (твань).

Віцэ-прэм'ер расейскага ўраду Ільля Клебанаў назваў прычыну катастрофы "Курска" – сутыкненьне з аб'ектам вельмі вялікага танажу. Цягам дзьвюх хвілінаў субмарына "Курск" пайшла на дно. Клебанаў прызнаў, што аварыя адбылася ў той частцы, дзе быў экіпаж, таму бальшыня людзей, відаць, загінула. Паводле словаў Клебанава, другі ўдар быў аб дно, што й зафіксавалі заходнія спэцслужбы. Клебанаў абвяргае інфармацыю пра выбух на борце сумбарыны, аднак сытуацыю ацэньвае як крытычную:

(Клебанаў: ) "Зразумела, што рэактар спынены, што лодка бяз электрычнасьці, зразумела, што не працуюць сыстэмы рэгенэрацыі. Крытычны стан, я так гэта сфармулюю, крытычны".

Заходнія сродкі масавай інфармацыі спасылаюцца на брытанскіх экспэртаў, якія сьцьвярджаюць, што на борце субмарыны Курск адбыліся выбухі.

Учора прэса пачала маштабную крытыку Ўладзіміра Пуціна за ягоную пазыцыю маўчаньня. Заходнія тэлеканалы ў выпусках навінаў паказваюць расейскага прэзыдэнта ў летнім неафіцыйным гарнітуры. Расейская газэта Известия выйшла з загалоўкам "Разам з Курскам на дне апынулася ўлада".

Газэта Financial Times заўважае, што Пуцін, які адпачывае на чарнаморскім узьбярэжжы, праводзіць шэраг сустрэчаў, якія ня маюць дачыненьня да выратаваньня субмарыны "Курск". У артыкуле Financial Times заўважаецца, што расейцы дагэтуль не гавораць усёй праўды пра катастрофу, што пагаршае маральны стан сваякоў маракоў і ўскладняе дапамогу з-за мяжы.

Газэта Wall Street Journal у артыкуле "Масква церпіць ад наступстваў аварыі падлодкі: рэпутацыі Пуціна пагражае катастрофа" піша – "Хаатычная рэакцыя на катастрофу ў Баранцавым моры з боку ўраду разбурыла імідж энэргічнага прафэсіянала, які Пуцін культываваў ад пачатку прыходу да ўлады".

Сёньня Ўладзімір Пуцін прыбыў ў Ялту на саміт краінаў СНД. Гаворачы пра затанулую лодку Курск, расейскі прэзыдэнт паведаміў, што захады былі зробленыя адразу пасьля таго, як лодка ня выйшла на сувязь, аднак у сродкі масавай інфармацыі паведамленьне паступіла пазьней. "Можна крытыкаваць, а можна зразумець, што перад тым, як даць афіцыйнае паведамленьне, маракам трэба было дазволіць самім ва ўсім разабрацца", – паведаміў Пуцін. Пуцін адрынуў закіды, што Расея адмаўлялася ад замежнай дапамогі…

(Пуцін: ) "Што датычыць непасрэдна ўдзелу нашых калегаў з-за мяжы ў гэтай апэрацыі, дык я павінен сказаць, што расейскі бок ніколі не адмаўляўся ад гэтага. Адразу ж, як былі зробленыя гэтыя прапановы, нашыя маракі ўступілі ў кантакт са сваімі калегамі і тут жа прыступілі да абмеркаваньня тэхнічных парамэтраў магчымага ўдзелу".

Варта адзначыць, што ў панядзелак прэсавы сакратар Белага Дому Джо Лакхарт заявіў,што Злучаныя Штаты Амэрыкі праз розныя каналы далі зразумець Расеі, што яна можа разьлічваць на нашую любую дапамогу. ЗША гэта паўтарылі ў тэлефоннай размове дарадцы ў пытаньні нацыянальнай бясьпекі ЗША Бэргэра з сакратаром рады Бясьпекі Расеі Івановым. І ніякай прозьбы з боку Расеі не паступала". Гэтую заяву амэрыканскі бок зрабіў 15-га жніўня. Пастанова, што Расея гатовая прыняць дапамогу Захаду, была прынятая ў сераду, 16-га жніўня, пасьля тэлефоннай размовы прэзыдэнтаў Пуціна і Клінтана.

Тым часам надзеі на ўратаваньне людзей на субмарыне "Курск" застаецца ўсё меней. У Мурманск прыяжджаюць сваякі маракоў. Заходні друк цытуе Галіну Беляеву, якая прыбыла з Масквы і гаворыць пра свайго мужа: "Ён памірае і ніхто ў нашым урадзе ня можа яму дапамагчы". Катрын Шпёр з газэты Die Welt у артыкуле "Пра цану чалавечага жыцьця" разважае пра ўяўнага марака Юрыя з субмарыны "Курск": "Юры замураваны ў Баранцавым моры. Ягоны ложак прыкаваны да сьценкі, з прычыны вялікага нахілу лодкі Юры і яго калегі змушаныя сядзець на кукішках. Ад халоднага трохградуснага мора яго аддзяляе толькі стальны корпус лодкі. Тыя, хто не памерлі, памруць у бліжэйшы час. Сьвет ня проста спачувае пахаваным жывымі, перад вачамі сьвету паўстала ўсё: спробы схаваць катастрофу, няўдалыя спробы ўратаваць маракоў, прапановы і адмовы ад дапамогі, страх дыскрэдытацыі і страх апынуцца ахвярай шпіёнаў. А сьвет думае пра Юрыя і спадзяецца, што ахвяраваць можна ўсім, каб вызваліць маладога чалавека з падводнага палону. Ці вартае ягонае жіцьцё ваеннага сакрэту, які можа стаць вядомы амэрыканскім выратавальнікам?" "Безумоўна, – піша Катрын Шпёр, – існуе шкала каштоўнасьці чалавечага жыцьця ў розных культурах, а навуковец Сэмюэль Хангтынгтон, відаць, першым адкрыта сфармуляваў заканамернасьць: чым больш насельніцтва краіны, тым меней вартасным ёсьць жыцьцё чалавека".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG