Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 жніўня 2000 г.


Ганна Соусь, Вільня

Напярэдадні выбараў у "Палату прадстаўнікоў" наша карэспандэнтка Ганна Соусь сустрэлася ў Вільні со старшынём Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Сямёнам Шарэцкім.

(Карэспандэнтка: ) "Спадар Шарэцкі, якая, на Ваш погляд, зараз асноўная задача беларускай апазыцыі?"

(Шарэцкі: ) "Дзяржаўныя асобы ўжо нелігітымныя, і ніякія не дзяржаўныя, і задача апазыцыі – адхіліць іх ад улады".

(Карэспандэнтка: ) "Вы, безумоўна, назіраеце за тым, як ідзе падрыхтоўка да парлямэнцкіх выбараў у Летуве, маеце магчымасьць параўноўваць, таму што, зразумела, маеце інфармацыю пра тое, як рыхтуюцца беларускія выбары…"

(Шарэцкі: ) "Вось якое адрозненьне. Тут законныя ўлады праводзяць законным, дэмакратычным шляхам падрыхтоўку да выбараў. Тут ёсьць партыі, кааліцыі і гэтак далей. Але усё гэта – летувісы або грамадзяне Летувы. І ўсе яны стаяць за яе незалежнасьць.

Што тычыцца становішча ў Беларусі, то там, па-першае, амаль увесь урад зьяўляецца акупацыйным для Беларусі. Усе ключавыя пасады ва ўрадзе, пачынаючы ўжо цяпер з прэм'ера, займаюць расейцы, людзі, якія праводзяць прарасейскую палітыку, а не палітыку незалежнае Беларусі".

(Карэспандэнтка: ) "Спадар Шарэцкі, якое Вашае стаўленьне да Вашых калегаў, якія вырашылі ўдзельнічаць у выбарах?"

(Шарэцкі: ) "Вы разумееце, я не хацеў бы выказваць сваёй думкі наконт калегаў. Гэта справа кожнага, наколькі ягонае сумленьне, наколькі ягоная адукацыя, наколькі ягоныя падыходы адпавядаюць, тое ён і робіць. Што тычыцца наогул становішча з выбарамі… Калі сапраўды пайсьці на выбары, гэта значыць прызнаць легітымным той рэфэрэндум, які лічыўся й лічыцца міжнароднай супольнасьцю дзяржаўным пераваротам.

Апошнія заявы Лукашэнкі сьведчаць пра тое, што ён не зьбіраецца выконваць тыя ўмовы, якія былі сфармуляваныя на сумесных паседжаньнях апазыцыі, прадстаўнікоў ягонага рэжыму і прадстаўнікоў АБСЭ й міжнародных арганізацыяў".

(Карэспандэнтка: ) "Вы добра інфармаваныя пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Якім чынам паступае да Вас інфармацыя?"

(Шарэцкі: ) "Я сказаў бы, з розных крыніцаў. Але вельмі хутка. Мы глядзім беларускую тэлевізію, увесь час, не прапускаем аніводнае перадачы "Радыё Свабода"…"

(Карэспандэнтка: ) "А калі скончыцца тэрмін існаваньня Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня…"

(Шарэцкі: ) "Тэрмін Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня скончыцца тады, калі будзе абраны новы парлямэнт. Прычым, абраны ў выніку правядзеньня свабодных і дэмакратычных выбараў. А такі прэцэдэнт ужо быў. Вярхоўны Савет 12-га скліканьня працаваў больш чым пяць гадоў. Ён працаваў да таго часу, пакуль Вярхоўны Савет 13-га скліканьня не сабраўся на сваё першае паседжаньне. Так будзе й цяпер".

Гэта быў старшыня Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Сямён Шарэцкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG