Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 жніўня 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

Нягледзячы на тое, што частка партыяў адмовілася ад байкоту выбараў у "Палату прадстаўнікоў", іхныя лідэры ўжо цяпер заяўляюць, што ўлада імкнецца пакінуць іх у баку ад выбарчае кампаніі, нежадаючы ўключаць партыйных вылучэнцаў у склад выбарчых камісіяў, і што яны зусім ня вераць у справядлівыя выбары.

Як паведаміла сёньня старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына, на 16 жніўня зарэгістравана 475 ініцыятыўных групаў у зборы подпісаў за кандыдатаў у дэпутаты "Палаты прадстаўнікоў". 13-ці групам адмоўлена ў рэгістрацыі, прычым 10 зь іх у Гарадзенскай вобласьці, дзе адмоўлена прадпрымальнікам, што хацелі зьбіраць за сябе подпісы. Акрамя прадпрымальнікаў, паводле Лідзіі Ярмошынай, вылучаецца вельмі шмат міліцыянтаў, настаўнікаў, лекараў. Рабочых і калгасьнікаў – адзінкі. Працоўныя калектывы, паводле словаў Лідзіі Ярмошынай, вылучаюць сваіх кіраўнікоў, прадстаўнікоў мясцовае "вэртыкалі" або былых дэпутатаў "Палаты прадстаўнікоў". Апошніх вылучаецца ажно 35.

Сярод палітычных партыяў найбольш ініцыятыўных групаў зарэгістравала Партыя камуністаў Беларуская – 49, "Народная Грамада" мае 16 такіх групаў, будуць зьбіраць подпісы й за лідэраў гэтых партыяў. Зарэгістравана таксама ініцыятыўная група аднаго сябра Аб'яднанае Грамадзянскае партыі – Уладзімера Навасяда. Больш сябраў апазыцыйных партыяў не вылучаецца. Яны ў бальшыні распачынаюць кампанію актыўнага байкоту выбараў.

Лідзія Ярмошына зазначыла, што байкатаваць выбары таксама дазваляецца:

(Ярмошына: ) "Байкот выбараў цяпер, паводле закону, не караецца, з Выбарчага кодэксу выключана адказнасьць за заклікі да байкоту. Такія заклікі, як і любая агітацыя, забараняюцца толькі ў дзень галасаваньня. Што датычыць рэальнасьці гэтых плянаў, дык я лічу іх нерэальнымі", – адзначыла Лідзія Ярмошына.

Ідэю апазыцыі правесьці рэфэрэндум адносна чатырох падтрыманых АБСЭ важнейшых умоваў справядлівых выбараў Лідзія Ярмошына назвала "правакацыяй". Наконт магчымасьці ўключэньня ў ЦВК прадстаўнікоў партыяў з дарадчым голасам Ярмошына нічога канкрэтна ня ведае, але лічыць, што гэта можна зрабіць толькі дэкрэтам Лукашэнкі. І гэта будзе датычыць толькі тых партыяў, якія на зьездах вылучаць сваіх кандыдатаў у дэпутаты.

Аднак і тыя нешматлікія партыі, які явырашылі йсьці на гэтыя выбары, ужо адчуваюць перашкоды з боку ўлады. Іх прадстаўнікоў у пераважнай бальшыні ня хочуць браць у акруговыя і ўчастковыя выбарчыя камісіі. У прыватнасьці, лідэр Лібэральна-Дэмакратычнае партыі Сяргей Гайдукевіч заявіў, што яны прапанавалі сваіх сябраў ва ўсе 110 выбарчых камісій, а ўключаныя аказаліся толькі адзінкі. Выканкамы не дапускалі партыйных актывістаў на свае паседжаньні, дзе вырашаліся пытаньні фармаваньня акруговых камісіяў. З такімі ж праблемамі сутыкнулася і Партыя Народнай Згоды.

Другая сакратарка ПКБ Алена Скрыган, якая зарэгістравала сваю ініцыятыўную групу ў Менскай вобласьці, паведамляе пра актыўнае выкарыстаньне ўладаю гэтак званага "адміністрацыйнага рэсурсу", ціск на актывістаў і удзельнікаў выбарчае кампаніі. Алена Скрыган упэўненая, што гэтыя выбары ня будуць сумленнымі й справядлівымі. Гаворыць Алена Скрыган:

(Скрыган: ) "Вядома, што па кожнай выбарчай акрузе быў вызначаны кандыдат, які будзе падтрымлівацца ўладай. Напрыклад, у маім раёне, у акрузе 82 ужо даўно вядома, што такім кандыдатам зьяўляецца рэдактар газэты "Рэспубліка" Сяргей Дубовік. І ўлады гэтага не хаваюць, пра гэта адкрыта гаворыцца. Такія ж кандыдаты вызначаныя і па іншых акругах. Па тэлефоне даюцца каманды, каму яшчэ з мясцовых лідэраў, кіраўнікоў уладных структураў вылучацца".

– гэта была другая сакратарка ЦК ПКБ Алена Скрыган. Выказаць адносіны да выбараў і правесьці вылучэньне кандыдатаў гэтая партыя мае намер 19 жніўня на сваім чарговым зьезьдзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG