Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 жніўня 2000 г.


Алесь Мікалайчанка, Капыль

Вось ужо тыдзень у Капыльскім раёне бярэ ўдзел у жніве атрад польскіх мэханізатараў зь Бяла-Падляскага павету Люблінскага ваяводзтва. Акрамя іх, на жніве тут працуюць і нямецкія мэханізатары. Дапамога і палякаў, і немцаў зусім не бескарысьлівая – яны прыехалі ў Беларусь на заробкі. Тым часам уласным мэханізатарам мясцовыя ўлады ня здольныя своечасова выплаціць ня тое што "эўрапейскі", а нават мізэрны беларускі заробак.

Сёньня група з чатырох польскіх мэханізатараў завяршыла працу ў калгасе "Прагрэс". Я назіраў сцэну, калі галоўны інжынэр гаспадаркі Міхал Жэбет дзякаваў ім за надзвычай апэратыўную і якасную працу, што палякі тут паказалі на сваіх "Бізонах".

"Пяць дзён працавалі і ўбралі паўтысячы тонаў збожжа", – засьведчыў спадар Жэбет. Ён паведаміў, што за дзень кожны польскі экіпаж у сярэднім скошваў па 10 гэктараў збожжавых, хаця камбайны стараватыя, ім па 12–14 год. Але, паводле меркаваньня галоўнага інжынэра, машыны добра дагледжаныя, бо людзі на гэтай тэхніцы атрымліваюць сур'ёзныя заробкі. Расейскія ж камбайны такога ж веку маркі "Дон" або "Ніва" ў некалькі разоў прайграюць "Бізонам" і прадукцыйнасьцю ўборкі, і захаванасьцю намалочанага збожжа. За пяць мінулых дзён ніводзін польскі камбайн не паламаўся, як такое спрэс адбываецца з тымі ж "Донамі", – сьведчыць галоўны інжынэр.

Палякі, што працавалі тут поўны сьветлавы дзень, таксама засталіся задаволеныя ўмовамі свайго побыту: жылі яны ў раённым гатэлі, проста ў поле ім да камбайнаў падвозілі ежу.

Колькі ж часу будуць працаваць яны на Меншчыне? "Умова – на паўтары месяцы", – паведаміў пан Герэк.

Як высьветлілася, яны крыху хвалююца за лёс свайго будучага заробку, што абяцаны ім у "цьвёрдай" валюце. Аплату, паводле дамоўленасьці кіраўнікоў Менскага абласнога выканкаму й дырэкцыі аўтазаводу ў Жодзіне, мусіць пералічыць на рахунак польскае фірмы менавіта дырэкцыя БелАЗу. Памер яе трымаецца ў сакрэце, хоць наўрад ці яна меншая за сярэдні заробак у Польшчы – а гэта каля 400 даляраў за месяц.

Ва ўчорашнім нумары "Белорусской деловой газеты" мэханізатары прачыталі матэрыял пра тое, што БелАЗу пагражае судом у арбітражы акцыянэрнае таварыства "Карэльскі акатыш", калі толькі аўтазавод неадкладна не заплоціць згаданым акцыянэрам 12 мільёнаў расейскіх рублёў за продаж партыі няякасных самазвалаў. А раптам збанкрутаваны БелАЗ ня будзе здольны своечасова разьлічыцца з камбайнэрамі? Таму сёньня яны маюць намер зьвязацца зь Бялай-Падляскай і кансультавацца на гэты конт са сваім начальствам.

На ўборцы збожжа на Капыльшчыне таксама на ўласнай тэхніцы працуюць мэханізатары зь Нямеччыны. Гэтыя ў якасьці аплаты бяруць кошт сямі цэнтнэраў збожжа з кожнага гэктару. Але гэта, паводле начальніка тутэйшае раённае сельскагаспадарчае ўправы Аляксандра Грыцкевіча, выгодна для капыльцаў. Хаця запазычанасьць у заробках сваім калгасьнікам тут будзе зьліквідаваная толькі празь дзесяць дзён. Як вынікала зь ягоных словаў, без дапамогі эўрапейскіх краінаў раёну было б складана справіцца з уборкаю сёлетняга даволі вялікага ўраджаю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG