Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 жніўня 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

Дзяржаўная тэлевізія, радыё, газэта "Советская Белоруссия" ды іншыя рупары афіцыйнае прапаганды актыўна скарысталіся нядаўнім Мэмарандумам Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ, у якім жорстка крытыкуецца аб'яднаная антылукашэнкавая апазыцыя. У прыватнасьці, "Советская Белоруссия" ў сёньняшнім нумары ахвотна пагадзілася з ацэнкамі КХП на адрэсу прадстаўнікоў аб'яднанай апазыцыі. Як успрынялі гэтыя прапагандысцкія крокі самі аўтары Мэмарандуму ды іхныя апанэнты?

Намесьнік старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ Сяргей Папкоў заявіў "Радыё Свабода", што ягоная партыя ўвогуле не зьвяртае ўвагі на рэакцыю афіцыйнае прапаганды на іхны Мэмарандум. Паводле словаў Папкова, ён і ягоныя паплечнікі ня могуць устрымлівацца ад падобнай крытыкі аб'яднанай апазыцыі толькі таму, што гэтыя выказваньні выкарыстае рэжым.

Гаворыць Сяргей Папкоў:

(Папкоў: ) "Мы ўвогуле ня дзеля рэакцыі гэта рабілі, а дзеля таго, каб паведаміць грамадзтву сёньня гэтую складаную сытуацыю і нядобрую працу псэўдадэмакратычнай апазыцыі. Ніхто ж ня можа закрыць рот некаму карыстацца вось гэтымі фактамі. Таму мы гаворым, мы папярэджваем грамадзтва, а тое, што рэжым выкарыствоўвае, дык ён заўсёды выкарыстоўваў… Што Вы ня памятаеце, як камуністы ў савецкія часы выкарыстоўвалі ўсё, што можна. Гэта іхная тактыка",

– гэта быў адзін зь лідэраў Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ Сяргей Папкоў.

Іншы лідэр гэтае партыі Юрась Беленькі палічыў правакацыйным пытаньне пра тое, як ён ставіцца да шырокага скарыстаньня афіцыйнай прапагандаю тэзаў іхнага Мэмарандуму. Беленькі заявіў, што ягоная партыя не зважала на рэакцыю рэжыму і цяпер не зьвяртае ўвагі на інсінуацыі прапаганды, паколькі заўсёды выказвае свае погляды незалежна ад таго, як іх будуць трактаваць.

Юрась Беленькі так патлумачыў стратэгічную пазыцыю, на падставе якой будаваўся гэты Мэмарандум:

(Беленькі: ) "Мы гаворым праўдзіва, не хаваючыся, калі нехта робіць памылкі. Мы не вядзем двайной гульні ў двайную палітыку, мы не перайшлі на пазыцыю так званага прагматызму, як некаторыя нашыя былыя калегі, адкінуўшы тэзіс аб маральнасьці ў палітыцы, прапанаваўшы прагматызм",

– гэта быў Юрась Беленькі.

Пад час інтэрвію ён некалькі разоў называў іншых прадстаўнікоў апазыцыі "былымі калегамі". А ягоны паплечнік Сяргей Папкоў увогуле паставіў на адну дошку рэжым Лукашэнкі і аб'яднаную апазыцыю.

Гаворыць Сяргей Папкоў:

(Папкоў: ) "У нас вораг зьяўляецца на сёньняшні дзень расейскі імпэрыялізм, і той, хто ліе ваду на мельніцу расейскага імпэрыяялізму – і рэжым, і тыя, хто езьдзіць з псэўдааб'яднанай апазыцыі ў Маскву і абапіраецца там на маскоўскія грошы – таксама ворагі зьяўляюцца. Ня меншыя ворагі, чым рэжым Лукашэнкі, той, хто хоча перамагчы Лукашэнку і прадаць Беларусь – яны такія ж ворагі для Беларусі".

Гэта быў Сяргей Папкоў.

Ягоныя былыя калегі паставіліся досыць спакойна да таго, што ўлада змагаецца з апазыцыйнымі партыямі, выкарыстоўваючы выказваньні кіраўніцтва Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ. Вось як пракамэнтаваў гэта адзін зь лідэраў Беларускага Народнага Фронту, што пад кіраўніцтвам Вінцука Вячоркі, Юры Хадыка:

Стужка

(Хадыка: ) "Гэта канешне агульная заканамэрнасьць, што супрацьлегласьці сыходзяцца. Я думаю тое, што датычыць пазыцыі КХП, ёсьць вынік нягнуткасьці, адсутнасьці разуменьня рэальнай сытуацыі. Яны дзейнічаюць, можна сказаць, па нейкіх шаблёнах, не ўлічваючы рэальнасьць, якая існуе сёньня",

– гэта быў Юры Хадыка.

Ён лічыць, што ў любым выпадку ад гэтых заяваў на карысьць афіцыйнае прапаганды будзе пэўная шкода для кампаніі актыўнага байкоту выбараў, якую распачынае аб'яднаная апазыцыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG