Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 жніўня 2000 г.


У Маскве завяршае працу Архіерэйскі Сабор Расейскае Праваслаўнае царквы. Акрамя фінансавае справаздачы, выбараў у сакратарыят ды мандатную камісію, на вышэйшай царкоўнай радзе вырашалася й пытаньне кананізацыі праваслаўных сьвятых – у тым ліку й рэкамэндаваных Менскай епархіяй.

Цягам трох дзён працы Архіерэйскага Сабору грамадзкасьць уважліва сачыла, ці адбудзецца нарэшце кананізацыя растралянага бальшавікамі цара Мікалая II і ягонае сям'і. Чакаецца, што менавіта сёньня нарэшце Расейская Праваслаўная царква прыме рашэньне ў справе, вакол якой працяглы час віравалі гарачыя спрэчкі. Але царская сям'я толькі завяршае даўгі сьпіс асобаў, вылучаных на кананізацыю. Мяркуецца, што будуць услаўленыя звыш тысячы асобаў. Сярод іх і тыя, каго рэкамэндавала яшчэ летась Менская епархія.

Тым часам стала вядома, што на цяперашнім Саборы зьбіраюцца кананізаваць толькі траціну асобаў з гэтага даўгога сьпісу. Рашэньне Сабору будзе надрукаванае ў расейскай прэсе. Гаворыць прэсавы сакратар Менскай Епархіяльнае ўправы Андрэй Петрашкевіч…

(Петрашкевіч: ) "У кожнай епархіі Расейскае Праваслаўнае царквы вядзецца свая праца ў пошуку, апісаньню жыцьцяў і прадстаўленьню на камісію ў справе кананізацыі Маскоўскага Патрыярхату тых, хто гэтага варты. Маскоўскі Сынод рашэньне беларускага Сыноду падтрымаў, калі йшла гаворка наконт кананізацыі 23-х навапакутнікаў Менскай епархіі.

Канчатковы сьпіс, зацьверджаны на Саборы, мне пакуль невядомы. Але мяркую, што Архіерэйскі Сабор прыняў да ведама, што ў іншых епархіях пошукавая праца яшчэ працягваецца. 23 чалавекі, вылучаныя Менскай епархіяй – не апошнія, і ёсьць асобы, якіх мы прадставім да кананізацыі пазьней".

(Карэспандэнт: ) "Скажыце, калі ласка, у выпадку кананізацыі Мікалая II, ці будуць у ягоны гонар адбывацца набажэнствы ў Беларусі?"

(Петрашкевіч: ) "Усё, што адбываецца ў Маскоўскім Патрыярхаце, распаўсюджваецца на ягоную кананічную тэрыторыю. Кананічна мы, як і ўкраінская царква, уваходзім ў склад Расейскае Праваслаўнае царквы".

Тым часам, у кулюарах Сабору ледзь не распаліўся скандал. І зьвязаны ён з падзеяй, што мела месца ў Беларусі. Маскоўскі сьвятар Георгі Чысьцякоў зьвярнуў увагу, што асобныя бязбожныя палітыкі выкарыстоўваюць імя цара Мікалая ІІ ў карысьлівых мэтах, а часам нават дзеля абгрунтаваньня экстрэмісцкіх памкненьняў. Тут ён нечакана ўзгадаў Менск: "Ня так даўно ў Менск ўрачыста прынесьлі ікону Мікалая II. І аберагалі, ахоўвалі гэтую ікону баявікі "Расейскага нацыянальнага адзінства". Натуральна, што гэта моцна напужала вернікаў".

Ці сапраўды гэта так? – я запытаўся ў Андрэя Петрашкевіча…

(Петрашкевіч: ) "Наконт баявікоў РНЕ нічога не магу ні пацьвердзіць, ні абвергнуць: я дакумэнтаў у гэтых людзей ня спраўджваў. Тое, як яны выглядаюць, яшчэ ня сьведчыць, пра тое, хто яны такія. Паломніцтва зь іконаю цара было прыватнай справаю тых, каму гэтая ікона належыць, хто зь ёю езьдзіў, хто яе ахоўваў.

Гэтае пытаньне трэба было задаваць тады і непасрэдна арганізатарам. Няхай гэта застанецца на сумленьні айца Чысьцякова. Калі ён ведае дакладна, што гэта былі баявікі РНЕ, дык у яго й трэба пытацца. Асабіста мяне, калі я хадзіў у храм памаліцца за спачын цароў, менш за ўсё цікавіла, хто ікону ахоўвае, дый, шчыра кажучы, аніякай аховы я ня бачыў наогул".

Вось так пракамэнтаваў скандальнае выказваньне маскоўскага сьвятара Чысьцякова ў кулюарах Праваслаўнага Сабору кіраўнік прэсавае службы Менскай Епархіяльнай управы Андрэй Петрашкевіч.

Сёньня Архіерэйскі Сабор завяршае сваю працу. Ці будуць кананізаваныя асобы, якіх вылучыла Менская епархія, праз пэўны час мы, натуральна, даведаемся з расейскай прэсы. А пакуль што зь іх сьпісам можна пазнаёміцца на web-старонцы Беларускае службы "Радыё Свабода".

Ігар Карней, Менск
Новапакутнікі Менскай епархіі:

Пратаіерэй Мацьвей Крыцук
Іерэй Пётар Грудзінскі
Пратаіерэй Міхал Навіцкі
Архімандрыт Сэрафім Шахмуць
Пратаіерэй Уладзімер Пастарнацкі
Іерэй Валяр'ян Навіцкі
Пратаіерэй Уладзімер Хіраска
Пратаіерэй Уладзімер Зубковіч
Пратаіерэй Васіль Ізмайлаў
Пратаіерэй Леанід Біруковіч
Іерэй Ян Панкратовіч
Пратаіерэй Міхал Плышэўскі
Пратаіерэй Іван Варанец
Пратаіерэй Парфіры Рубановіч
Іерэй Уладзімер Далюш
Дыякан Мікола Васюкевіч
Іерэй Ян Вячорка
Іерэй Уладзімер Хрышчановіч
Пратаіэрэй Сяргей Радакоўскі
Іерэй Мікола Мацкевіч
Пратаіерэй Зьміцер Паўскі
Пратаіерэй Алесь Шалай
Іерэй Зьміцер Клышэўскі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG