Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 жніўня 2000 г.


Ігар Карней, Менск

Адзін з найбольш гучных скандалаў апошняга часу, у якім замешаныя беларускія грамадзяне, разгортваецца гэтымі днямі ў італьянскім горадзе Прато. Мясцовая паліцыя шукае доказы таго, што некалькі сотняў інвалідаў з былых рэспублікаў Саюзу, бальшыню зь якіх складаюць беларусы, выкарыстоўваліся міжнароднай мафіяй як рабы.

Пра вялікую колькасьць беларускіх "нелегалаў" стала вядома пасьля таго, як праваахоўныя ворганы затрымалі групу злачынцаў, таксама ўраджэнцаў былога Савецкага Саюзу, якія абіралі сваіх суайчыньнікаў, што займаліся продажам розных дробязяў на ўзьбярэжных пляжах. Зараз высьвятляюцца асобы канкурэнтаў мясцовае мафіі, але ёсьць зьвесткі, што гэта пераважна расейцы ды беларусы. Таксама ўдакладняецца, колькі часу займаліся злачынцы сваім ценявым бізнэсам, але верагодна, тэрмін вымяраецца не адным годам.

Невядома, як хутка гэтая гісторыя стала б здабыткам галоснасьці, калі б нехта з пацярпелых не заявіў у паліцыю. У кагосьці проста лопнула цярпеньне. Замест заробкаў людзі сутыкнуліся зусім зь іншымі рэаліямі: бандыты забіралі апошняе.

Беларускія праваахоўныя ворганы, на жаль, аніяк не тлумачаць, на якіх падставах такая колькасьць беларускіх грамадзянаў некалькі гадоў запар магла нелегальна жыць за межамі краіны. У МУС традыцыйна чакаюць санкцыі на камэнтар ад свайго кіраўніцтва. Кіраўнік прэсавага цэнтру МУС Віталь Грынкевіч толькі сказаў, што ў зьвестках, якія падаваліся для дакладу выканаўцу абавязкаў міністра, падобная інфармацыя не ўзгадвалася. Дарадца Міхала Удовікава, Зьміцер Партон, які непасрэдна адказвае за кантакты з прэсаю, у адпачынку. А ўвогуле, ступень інфармаванасьці беларускіх сілавікоў агучыла прэсавая сакратарка ўправы ўнутраных справаў Менскага гарадзкога выканкаму Натальля Лапо.

(Лапо: ) "Я прачытала ў газэтах сёньня. Іншай інфармацыяй аб гэтым я не валодаю".

Яшчэ больш дзіўная рэакцыя (а дакладней, ейная адсутнасьць) непасрэдна кіраўніцтва Рэспубліканскага Таварыства глухіх. Нечакана ўжо тое, што адміністрацыя ў поўным складзе сышла ў адпачынак. Спробы высьветліць некаторыя акалічнасьці ў нефармальнай абстаноўцы скончыліся тым, што кіраўнікі адхрысьціліся ад якога б там ні было дачыненьня да крымінальнае гісторыі.

Іншыя крыніцы паведамілі, што карані трэба шукаць ня ў Менску, а ў Берасьці: маўляў, ледзь ня ўсе 200 італьянскіх рабоў – сябры берасьцейскага абласнога Таварыства глухіх. Але старшыня таварыства Валянціна Красьненка абвергла й гэтую вэрсію.

(Красьненка: ) "Я канкрэтна скажу: зь Берасьця там толькі два чалавекі, але яны там жывуць ужо трэці год. Як выехалі? Звычайна – адкрылі візу, як вы ці я, і зьехалі. Чым канкрэтна займаюцца? – часьцей за ўсё прадаюць бірулькі, мяккія цацкі, сувэніры, у асноўным летам і на пляжах.

Пра якія 200 чалавек зь Берасьця йдзе гаворка, я ня ведаю, бо ў нас усіх глухіх у вобласьці 470 чалавек… І хто з-за мяжы вяртаецца – усе задаволеныя. Пра рабства ніколі ня чула.

За мяжою наогул шмат расейцаў, украінцаў, каўказцаў. Вось яны між сабою, сапраўды, могуць дзяліць тэрыторыю. Грузіны гандлююць, і раптам прыходзяць беларусы. Тады бываюць "разборкі" – самі глухія распавядаюць",

– кажа старшыня берасьцейскага абласнога Таварыства глухіх Валянціна Красьненка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG