Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 жніўня 2000 г.


Мікола Іваноў

Кульмінацыя зьезду Дэмакратычнай партыі ЗША, які пачынае сваю працу сёньня ў Лёс-Анжэлесе, адбудзецца ў чацьвер, калі Эл Гор афіцыйна згодзіцца стаць кандыдатам на пасаду наступнага прэзыдэнта Злучаных Штатаў. А пакуль што на зьезьдзе будзе ісьці абмеркаваньне перадвыбарчай тактыкі і праграмы партыі. Камэнтар Янкі Запрудніка.

Напярэдадні адкрыцьця зьезду дэмакратаў у Лёс-Анжэлесе была абнародаваная перадвыбарчая праграма партыі. Гэта даволі вялікі дакумэнт, які ўмоўна можна разьдзяліць на тры галоўныя часткі: росквіт дабрабыту, прагрэс і мір. Першая частка (росквіт добрабыту) адзначае вялікія заслугі адміністрацыі прэзыдэнта Клінтана ва ўнікальных эканамічных дасягненьнях ЗША. Другі разьдзел (прагрэс) прысьвечаны дасягненьням клінтанаўскай адміністрацыі ў стварэньні добрага сацыяльнага клімату ў краіне. І трэці (мір) абагульняе здабыткі Клінтана і ягонага ўраду ў замежнай палітыцы.

Але ці сапраўды гэтыя бясспрэчна выдатныя дасягненьні здольныя перканаць амэрыканцаў галасаваць за Гора і Лібэрмана? Ці гэткая аргумэнтацыя сапраўды пераканаўчая? З такім менавіта пытаньнем я зьвярнуўся да аднаго з лідэраў беларускай эміграцыі ў ЗША доктара Янкі Запрудніка. Вось, што ён мне адказаў:

(Запруднік: ) "Гэта не зусім так. Шмат хто ў Амэрыцы ўважае, што заслуга за гэткае надзвычай добрае эканамічнае становішча Амэрыкі належыць ня толькі Беламу Дому, але і Кангрэсу, дзе бальшыня рэспубліканцаў. Удзячнасьць за дабрабыт рознымі людзьмі ацэньваецца па-рознаму. Усе залежыць ад таго, што чалавек плянуе на будучыню. Удзячнасьць за дабрабыт належыць таксама і прэзыдэнту Клінтану, і дэмакратам. Але цяпер пытаньне стаіць: што рабіць з дабрабытам далей, як разьмяркоўваць дзяржаўны бюджэт, што рабіць з лішкамі бюджэту, ці аддаваць іх людзям у выглядзе зьніжэньня падаткаў. Можа аддаваць іх на ўдасканаленьне асьветы, школьніцтва? Усё залежыць ад таго, як чалавек глядзіць на будучыню, чаго ён хоча".

Часам розьніца ў поглядах двух галоўных кандыдатаў на прэзыдэнта сапраўды мінімальная. І Гор, і Буш выступаюць за ўмацаваньне вядучай ролі Амэрыкі ў сьвеце, абодва прыхільнікі высокіх тэмпаў эканамічнага разьвіцьця, выступаюць з падобнымі сацыяльнымі праграмамі. А як бачыць розьніцу паміж імі шараговы амэрыканскі выбаршчык? Доктар Янка Запруднік з Ню-Ёрку адказвае:

(Запруднік: ) "Ёсьць, безумоўна, шмат падабенства, і многія выбаршчыкі розьніцы паміж імі ня бачаць. Тым ня менш розьніца ёсьць. Розьніца гэтая асабліва выразная ў так званых плятформах. Рэспубліканская партыя прыняла плятформу ў Філядэльфіі на сваім зьездзе. Дэмакратычная прыме цяпер на зьездзе ў Лёс-Анжэлесе. Гэта дакумэнты ў якіх выразна чорным па беламу партыя высьвятляе, як будзе вырашаць праблемы, якія стаяць перад Амэрыкай, як да іх будуць падыходзіць прэзыдэнт і ягоны наступнік. І ў падыходзе дзвюх партыяў розьніца ёсьць. Яны па-рознаму адказваюць на пытаньне: што рабіць з асьветаю. Як фінансаваць асьвету: ці даваць грошы на прыватныя школы, ці дзяржава мае распараджацца ўсім гэтым. Ёсьць розьніца ў падыходзе да замежнай палітыкі, да абароны, да ракетных праграмаў, у стаўленьні да пытаньня абортаў, як ставіцца да праблемы пашырэньня зброі ў грамадзтве. Розьніца тут, калі ўважліва чытаць плятформы партыяў, відавочная. І ў залежнасьці ад таго, як выглядае плятформа, выбаршчык будзе рабіць свой выбар".

А якія палітычныя прыхільнасьці пануюць у беларускім амэрыканскім грамадзтве? Каму з двух кандыдатаў аддаюць перавагу амэрыканскія беларусы? Доктар Янка Запруднік адказвае:

(Запруднік: ) "Амэрыканцы беларускага паходжаньня, беларусы, якія маюць права браць удзел у выбарах, якія маюць амэрыканскае грамадзянства, ў значнай меры арыентуюцца на замежную палітыку таго ці іншага кандыдата. Гістарычна, хоць ёсьць сярод нас і рэспубліканцы, і дэмакраты, бальшыня беларусаў галасавала за рэспубліканцаў. Таму што яны ў сваёй замежнай палітыцы больш рашуча змагаліся з камунізмам. І цяпер выглядае так, што рэспубліканскі кандыдат Джордж Буш вастрэй ставіць пытаньні абароны Амэрыкі. Думаю, што ён будзе вастрэй ставіцца да праблемы расейскага імпэрыялізму. Я думаю, што бальшыня беларусаў Амэрыкі, так я гэта бачу на падставе маіх сустрэчаў са знаёмымі, будуць галасаваць за рэспубліканскага кандыдата".

І на заканчэньне нашай размовы з доктарам Янкам Запруднікам з Нью Ёрку я папрасіў яго зрабіць прагноз на тэму выніку прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША.

(Запруднік: ) "Як незалежны выбаршчык, я лічу, што шанцы маюць абодва кандыдаты. Буш пакуль ідзе наперадзе. На думку некаторых, ён паказаў сябе як спраўны адміністратор на пасадзе губэрнатара штату ТЭХАС. І так выглядае, што ў яго большыя шанцы на перамогу".

Слабым пунктам у перадвыбарчай капманіі дэмакратаў могуць быць апошнія скандалы ў Белым Доме, асабліва любоўная сувязь прэзыдэнта Біла Клінтана з маладой стажоркай Монікай Лявінскі, што амаль што не каштавала Клінтану яго прэзыдэнцкай пасады. Гор будзе пад час сваёй перадвыбарчай кампаніі дыстанцавацца ад гэтага скандалу. Нават на цяперашнім зьезьдзе партыі Клінтан і Гор ні разу ня будуць выступаць разам. Выступленьне Клінтана перад дэлегатамі плянуецца сёньня ўвечары, а Гор зьявіцца на зьезьдзе толькі ў чацвер.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG