Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 жніўня 2000 г.


Юрась Барысевіч, Менск

(эфір 12 жніўня)
Навіны культуры мінулага тыдня.

Відэяклюб Таварыства Беларускае Мовы мяркуе распачаць новы праект: не абмяжоўвацца продажам касэтаў зь перакладзенымі ў беларускую мову папулярнымі фільмамі, а ладзіць беларускамоўныя сэансы ў залях зь вялікім экранам. На гэты конт ужо вядуцца перамовы зь менскім кінатэатрам "Змена" й некаторымі кінатэатрамі ў іншых гарадох. Дарэчы, у відэяклюбе ТБМ зьявіўся новы, больш якасны запіс стужкі "Адважнае сэрца": тыя, хто пасьпеў набыць гэты фільм раней, могуць бясплатна яго замяніць.

У Люксэмбургу адчынілася фотавыстава, прысьвечаная жыцьцю беларускае правінцыі. Аўтары каля сотні здымкаў – фотамастакі Іва Басі й Рэнэ Гілена, якія двойчы наведалі нашу краіну ў складзе гуманітарных місіяў. Пасьля Люксэмбургу выстава будзе дэманстравацца ў Брусэлю.

Хор менскага храму Раства Хрыстовага атрымаў Гран-пры міжнароднага фэстывалю харавых сьпеваў, які фундуе ў Турыне італьянская фірма C.A. Ceghizzi. Рэгент хору Інэса Бадзяка была названая лепшай дырыжоркаю фэстывалю. Хор пазнаёміў італьянцаў з старадаўняй праваслаўнай музыкаю і творамі сучаснага кампазытара Анатоля Кісялёва.

Авангардовы літаратурны рух Бум-Бам-Літ адзначыў пяцігодзьдзе свайго ўтварэньня. Сымбаль руху – алюміневы тазік – перададзены на захаваньне ў Музэй беларускае літаратуры. Палова ўдзельнікаў руху заснавала новую суполку "Шмэрцвэрк", што ў перакладзе зь нямецкае значыць "Завод болю". Сёлета ў Вільні мае выйсьці сэрыя з 11 кніжок былых і цяперашніх бумбамлітаўцаў.

У Тэатры беларускае драматургіі "Вольная сцэна" з аншлягам прайшла прэм'ера спэктаклю "Блазан" паводле п'есы былых "тутэйшаўцаў" Максіма Клімковіча і Ўладзімера Сьцяпана "Каваль-ваявода". Спэктакаль, прысьвечаны несумяшчальнасьці прагі да ўлады з каханьнем, паставіў рэжысэр Мікола Дзінаў, адзін зь верагодных пераемнікаў Валер'я Мазынскага на пасадзе мастацкага кіраўніка "Вольнае сцэны".

Кампазытарка з Маладэчна Алена Атрашкевіч выпусьціла на фірме "Каўчэг" магнітаальбом песень для дзяцей на вершы беларускіх паэтаў "Лодка дзяцінства". У запісу касэты бралі ўдзел эстрадная кляса маладэчанскай музычнай вучэльні й менскі тэатар песьні "Хвілінка".

На вуліцы Сурганава ў Менску нядаўна зьявілася новая мастацкая галярэя. Фундуюць яе прыватныя асобы, не абыякавыя да лёсу сучаснага беларускага авангарду. Цяпер у галярэі праходзіць выстава скульптуры Юрыя Анушкі, творы якога колісь аздаблялі зачыненую ўладамі віцебскую галярэю "У Пушкіна". Улюбёная тэма Анушкі – рух чалавечага цела ў бясконцасьць праз танец або праз радыёэфір.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG