Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 жніўня 2000 г.


Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

Зусім нядаўна мы паведамлялі пра тое, што ў Пінску платнымі сталі паслугі гарадзкое стаматалягічнае паліклінікі. І вось напярэдадні жыхары гораду даведаліся, што ім прыйдзецца плаціць і за лячэньне ў гарадзкім шпіталі.

У прынцыпе, за лячэньне ў гарадзкім шпіталі трэба было плаціць і раней, але не грашыма – ўжо даўгі час, перад тым як прыйсьці на стацыянарнае лячэньне, трэба сваім коштам абавязкова набыць лекі, шпрыцы, перавязачныя матэрыялы. Цяпер, акрамя гэтага, жыхарам Пінску ды суседніх раёнаў прыйдзецца плаціць яшчэ й за абсьледаваньне й аналізы.

Паводле словаў адміністрацыі гарадзкога шпіталю, які дарэчы зьяўляецца адным з самых вялікіх у вобласьці, гэты крок вымушаны, бо сёлета гарадзкі бюджэт выдаткаваў сродкаў на патрэбы шпіталю менш за 40 адсоткаў ад неабходнага. У выніку, шпіталь мае вялізныя запазычанасьці перад пастаўшчыкамі за лекі, харчаваньне ды іншае. Праз увядзеньне платных паслугаў адміністрацыя спрабуе захаваць магчымасьць бясплатна дапамагаць хворым з вострай паталёгіяй, а таксама ільготнікам ды малазабясьпечаным грамадзянам. Астатнія вымушаныя аплочваць паслугі паводле тарыфаў, разьлічаных эканамістамі шпіталю.

Да прыкладу, аналіз крыві каштуе зараз амаль 1200 рублёў, мачы – каля мільёну, а за дасьледаваньне стану страўніка ці гэтак званы "японскі зонд", прыйдзецца заплаціць амаль 5 мільёнаў. Дарэчы, тым, хто хварэе на язву страўніка, гэткае дасьледаваньне трэба рабіць сама мала двойчы на год.

Што да законнасьці ўвядзеньня шпіталём платных паслугаў, дык паводле адміністрацыі, гэта дазваляецца загадам №100-А Міністэрства аховы здароўя Беларусі.

Пакуль яшчэ бясплатна можна абсьледавацца ў Пінскім дзіцячым шпіталі, а таксама ў гарадзкіх шпіталях суседніх Драгічыну, Століну й Лунінцу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG