Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 жніўня 2000 г.


Ганна Навумовіч, Менск

Генэральны дырэктар прадпрыемства "Конта-Аўта", якое зьяўляецца дылерам канцэрну Volvo, вёў перамовы ў падатковай інспэкцыі і прасіў, каб беларуская дзяржава не забірала ў прадпрыемства маёмасьць, што належыць замежным кампаніям – германскай Castrol і швэдзкай – Volvo. Калі перамовы ня будуць пасьпяховымі, можна чакаць сур'ёзнага міжнароднага скандалу.

Адным з заснавальнікаў прадпрыемства "Конта-Аўта" была сумна вядомая "Конта-Груп", якой калісьці кіраваў Віктар Лагвінец. Летась Лагвінца арыштавалі, але празь некалькі месяцаў ён быў вызвалены. У сьнежні летась "Конта-Груп", якая валодала 45 адсоткамі акцыяў "Конта-Аўта", выйшла з заснавальнікаў гэтага прадпрыемства. Паводле словаў намесьніка генэральнага дырэктара "Конта-Аўта" Міхала Кісялёва, цяпер прадпрыемства ня мае ніякага дачыненьня да "Конта-Груп".

Нягледзячы на гэта, маёмасьць фірмы «Конта-Аўта» на пачатку студзеня сёлета была апісаная. Прадстаўнікі ўладных структураў, якія гэта рабілі, спасылаліся на нейкае распараджэньне Лукашэнкі, але сам дакумэнт супрацоўнікам «Конта-Аўта» не паказалі, спасылаючыся на тое, што гэтая папера зьяўляецца сакрэтнаю. Паводле словаў Кісялёва, аніякае судовае пастановы наконт канфіскацыі маёмасьці няма.

Міхал Кісялёў распавёў:

«5 студзеня а 5-й гадзіне ўвечары ў наш офіс, што на праспэкце Скарыны 169 прыйшлі прадстаўнікі падатковай інспэкцыі, дзяржкантролю, міліцыі, спэцназу з сабакамі й кіраўніцтва справаў Лукашэнкі. І кажуць: «Мы прыйшлі забіраць вашую маёмасьць». Першае нашае пытаньне – на якой падставе. Яны сказалі, што ёсьць распараджэньне Лукашэнкі. Мы сказалі, што не супраць выконваць распараджэньні кіраўніцтва краіны, але ж папрасілі паглядзець гэтую паперу. Яны кажуць – яна сакрэтная.

Супрацьдзейнічаць падатковай інспэкцыі і міліцыі ня мела сэнсу – можна было адразу паехаць на «Валадарку». Таму мы дазволілі апісаць маёмасьць і перадаць яе ў апэратыўнае кіраваньне кіраўніцтву справаў Лукашэнкі.

Маёмасьць у нас у сьнежні адабралі толькі на паперы, і ў такім рэжыме мы працавалі на працягу васьмі месяцаў», – распавёў намесьнік генэральнага дырэктара "Конта-Аўта" Міхал Кісялёў.

Сёньня для супрацоўнікаў "Конта-Аўта" галоўнае, каб не былі канфіскаваныя пад'ёмнікі, якія належаць германскаму прадпрыемству Castrol і сэрвіснае абсталяваньне, якое належыць канцэрну Volvo. Справа ў тым, што сэрвіснае абсталяваньне Volvo, зьяўляецца ноу-хау гэтага канцэрну й ніколі не перадаецца ў поўную ўласнасьць іншым фірмам. Такое абсталяваньне зьвязанае з цэнтральным мадэмам кампаніі ў Швэцыі і ніхто без дазволу кіраўніцтва Volvo ня зможа на ім працаваць. Кіраўніцтва канцэрну Volvo вельмі не зацікаўленае ў тым, каб гэтая тэхніка трапіла ў чужыя рукі, пакольку фактычна яна зьяўляецца камэрцыйнай таямніцаю Volvo.

Як паведаміў Міхал Кісялёў, на сёньняшні дзень прадстаўнікі ўладаў яшчэ не дабраліся да маёмасьці замежных прадпрыемстваў. Калі яны паспрабуюць забраць тэхніку, якая належыць Volvo і Castrol, вельмі магчымая сур'ёзная рэакцыя з боку гэтых кампаніяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG