Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 жніўня 2000 г.


Віталь Цыганкоў, Менск

Некалькі палітыкаў, прадстаўнікоў дэмакратычнага лягеру, насуперак пастановам сваіх партыяў вырашылі ўсё ж удзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах. Чаму яны прынялі такое рашэньне, чым яго матывуюць?

Прызначэньне парлямэнцкіх выбараў стала сур'ёзным выпрабаваньнем для еднасьці беларускіх апазыцыйных партыяў. Сумеснае рашэньне ня браць удзелу ў выбарчым фарсе ўжо пастаўленае пад сумнеў намерам БСДП ("НГ") вылучыць сваіх кандыдатаў, якія, аднак, ня будуць афішаваць партыйную прыналежнасьць. Пэўныя праблемы ўзьніклі і ў АГП. Некалькі чалавек цьвёрда вырашылі ўзяць удзел у парлямэнцкіх выбарах. Сярод найбольш вядомых прозьвішчаў – публіцыст і эканаміст Леанід Злотнікаў, доктар эканамічных навук Уладзімер Тарасаў, прадпрымальнік Юры Марозаў, дэпутат ВС Уладзімер Навасяд.

У той час, як аргумэнты няўдзелу ў выбарах прадстаўленыя ў недзяржаўнай прэсе даволі шырока, цікава паслухаць людзей, якія вырашылі браць удзел у выбарах, высьвятліць матывы іхных паводзінаў.

Эканаміст Леанід Злотнікаў нядаўна выйшаў з АГП, аднак ён кажа, што прычына – ня толькі пытаньне выбараў, але прынцыповыя разыходжаньні з кіраўніцтвам партыі.

(Злотнікаў: ) "Я ня той рамантык, пра якіх спадар Лябедзька казаў, што ідуць або рамантыкі, або тыя, хто хоча зрабіць кар'еру. Я не рамантык, я даволі вядомы аналітык, я разумее, што мае прагнозы збываюцца. Каб я быў прагматык і кар'ерыст, я б уступіў раней у камуністычную партыю і рабіў кар'еру пры савецкай уладзе. Я проста чалавек, які разумее, што прычыны гэтай дыктатуры, гэтай улады – яны не ў Лукашэнку, не ў яго характары і не ў яго асобе. Яны глыбей – яны ў мэнталітэце народу. Калі будзе ўжо рэвалюцыя, дык народ ня абярэ ні лібэралаў, ні дэмакратаў, ён абярэ нешта падобнае да Баранкевіча. Нічога рэвалюцыя ня дасьць. Зьмены ў грамадзтве адбываюцца тады, калі адбываюцца зьмены ў сьвядомасьці людзей, і у першую чаргу тых людзей, якія блізкія да ўлады".

Такім чынам, Леанід Злотнікаў верыць у магчымасьць уплыву на прадстаўнікоў улады. Ён кажа, што зараз трэба знаходзіць паразуменьне з усімі элітамі грамадзтва і ўпэўнены, што ў гэтак званай "Палаце прадстаўнікоў" здолее ўплываць на эканоміку й палітыку.

(Злотнікаў: ) "Самае галоўнае, што я хацеў бы там адстойваць, гэта каб не падавілі апошнія парасткі эканамічнай свабоды. Гэта самае галоўнае. Дэмакратыя ў краіне ня будзе ўсталёўвацца так, каб толькі пэўныя палітыкі прыйшлі да ўлады. Дэмакратыя будзе разьвівацца паступова, павольна, на працягу 1-2 дзесяцігодзьдзяў ідучы ад эканомікі. Тут улада будзе здаваць свае пазыцыі, хоча яна або ня хоча, але будзе прымаць законы, якія хоць крышку дадуць эканамічную свабоду".

(Карэспандэнт: ) "Вы разумееце, наколькі малыя паўнамоцтвы ў гэтага парлямэнту, у тым ліку, яго ўплыў на сфэру прыняцьця эканамічных рашэньняў?"

(Злотнікаў: ) "Але я ня згодны з Вамі. І дырэктарат, і многія кіраўнікі патрабуюць зьмены гэтага курсу. І тыя дэпутаты, якія будуць у парлямэнце ад намэнклятуры, яны будуць працаваць з тымі, хто прыйдзе туды ад апазыцыі, гэта значыць, з такімі, як я. І мы будзем рабіць зьмены. Паглядзіце, якія патрабаваньні дырэктарат выстаўляе Лукашэнку. Ён дае гэтую свабоду паціху. І гэты наступ трэба разьвіваць, трэба ісьці ў парлямэнт, гэта самае галоўнае для станаўленьня дэмакратыі ў Беларусі".

Лічыць эканаміст Леанід Злотнікаў. Аднак ці верыць ён, што гэтыя выбары будуць вольнымі й справядлівымі, што кандыдаты будуць мець роўныя магчымасьці?

(Злотнікаў: ) "Я лічу, што сумленнай барацьбы ня будзе. Але ж калі пойдуць на махлярства, дык гэта будзе відаць, і мы будзем мець факты аб падтасоўцы выбараў. Таксама вынік".

Леанід Злотнікаў ужо падаў дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнае групы колькасьцю 14 чалавек. Ён кажа, што не зьбіраецца шукаць падтрымку ў нейкіх іншых партыйных структурах. "Паколькі мае погляды вядомыя шырокаму колу эканамістаў і студэнтаў, я разьлічваю на падтрымку тых людзей, якія вераць у мяне і ведаюць, што я буду рабіць", – кажа незалежны кандыдат у дэпутаты Леанід Злотнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG