Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 жніўня 2000 г.


Ганна Соусь, Менск

У справе забойства генэральнага дырэктара акцыянэрнага таварыства "Гомельшкло" Ўладзімера Запольскага, якога забілі 4 жніўня ў пад'езьдзе ўласнага дому, вядзецца сьледзтва. Група сьледчых зь Менску й Гомеля ўжо называюць забойства Запольскага заказным і зьвязваюць яго з вытворчай дзейнасьцю дырэктара.

Як нам стала вядома, апошнія гады некалькі камэрцыйных структураў імкнуліся кантраляваць дзейнасьць заводу "Гомельшкло". А зьяўленьне новага дырэктара два гады таму, верагодна, перашкаджала ім. На думку журналіста Яўгена Сулыгі, які праводзіў журналісцкае дасьсьледваньне й на працягу некалькіх год адсочваў сытуацыю на прадпрыемстве, апошнім часам на заводзе ўсталявалася напружаная атмасфэра.

(Сулыга: ) "Вакол выбараў Запольскага дырэктарам было шмат розных скандалаў. Калектыў не хацеў яго прымаць, паколькі ён – не тутэйшы. Ён быў малады, не знаёмы са спэцыфікаю прадпрыемства. Запольскага падтрымлівалі ў Міністэрстве архітэктуры й будаўніцтва Беларусі, і ён пачаў ламаць ужо сфармаваныя схэмы. Гэта адразу выклікала абурэньне й непаразуменьні.

Ягоны прыход супаў з дэфолтам у Расеі. Упалі цэны на шкло, і Запольскі, так бы мовіць, "праваліў" усе продажы. Усе два гады вакол яго існуе напружаная і нядобразычліывая атмасфэра. І ўвесь гэты час вядзецца барацьба паміж трыма-чатырма групоўкамі, якія імкнуцца захапіць кантроль над заводам. А Запольскі спрабаваў усталяваць манаполію адной групы людзей, якую ён прадстаўляў".

(Карэспандэнтка: ) "Некалькі слоў пра тыя групоўкі. Маглі б Вы назваць некаторыя імёны?"

(Сулыга: ) "Ягоную кандыдатуру падтрымлівала намесьнік міністра архітэктуры й будаўніцтва Тацяна Голубева і, зразумела, сам міністар Ветраў. У канфліктных сытуацыях на "Гомельшкле" яны рабілі ўсё, каб дапамагчы Запольскаму. Была зьнішчаная камэрцыйная структура ў кіраўніцтве заводу, што йснавала да Запольскага. З управы акцыянэрнага таварыства выключылі прадстаўнікоў дзяржавы. Атмасфэра была вельмі нездаровая, і фінал, на жаль, заканамерны".

(Карэспандэнтка: ) "Якія дачыненьні меў да заводу ў апошнія гады Павал Шыпук?"

(Сулыга: ) "Ён прыцягнуў грошы на будаўніцтва новае лініі для вытворчасьці паліраванага шкла, якая сёньня і зрабіла імя заводу. Пра Шыпука гавораць, як пра куратара "Гомельшкла", так бы мовіць, "хроснага бацьку" заводу. Кажуць, што ён і калі быў галоўным "вертыкальшчыкам" Гомельскае вобласьці, і цяпер няспынна сачыў за сытуацыяй на заводзе, і ва ўсіх канфліктных сытуацыях выступаў у якасьці арбітра, спрабаваў зьменшыць супрацьстаяньне кланаў.

Хутчэй за ўсё, да забойства Запольскага маюць дачыненьне не беларусы, а расейцы. Бо ўсё, што тычылася Беларусі, Шыпуку ўдавалася скарэктаваць.

Апошнім часам у Расеі былі зачыненыя тры самыя буйныя шклозаводы. А тут жнівень, сэзон, і ўсе бізнэсоўцы, якія займаюцца шклом, накіраваліся ў Гомель. А там сутыкнуліся з упартым дырэктарам заводу, які спрабаваў дыктаваць свае ўмовы. Магчыма, што гэтыя ўмовы былі неспрыяльнымі для расейскіх бізнэсоўцаў".

Гэта быў Яўген Сулыга, які ў свой час займаўся журналісцкім дасьледваньнем сытуацыі на заводе "Гомельшкло".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG