Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 жніўня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Міністар юстыцыі Беларусі Генадзь Варанцоў не выключае, што партыям, якія ня ўдзельнічаюць у выбарах і заклікаюць да іх байкоту, будуць вынесеныя афіцыйныя папярэджаньні. На думку міністра, заклік да байкоту ці няўдзел у выбарах ёсьць парушэньнем партыйнага статуту.

Гэтае меркаваньне Генадзь Варанцоў выказаў сёньня ў часе прэсавай канфэрэнцыі, прысьвечанай праблемам выкананьня ў Беларусі судовых рашэньняў. Гутарка йшла й пра шэраг папярэджаньняў, накіраваных Міністэрствам юстыцыі ў апошнія 2-3 тыдні на адрэсу Аб'яднанае Грамадзянскае партыі, ТБМ, Клюбу выбаршчыкаў ды некаторым іншым грамадзкім арганізацыям.

Спадар Варанцоў сьцьвярджае, што ягонае ведамства дзейнічала ў рамках закону, і ня ставіцца да гэтых арганізацыяў перадузята. Так, міністар заявіў, што мае дакумэнты, якія падцьвярджаюць, што сябры АГП нібыта спрабавалі стварыць сваю партыйную арганізацыю на гарадзенскім прадпрыемстве "Азот". А гэта, паводле словаў Варанцова, ёсьць грубым парушэньнем закону.

Далей міністар перайшоў да праблемы няўдзелу апазыцыі ў восеньскіх выбарах.

Гаворыць Генадзь Варанцоў:

"На сёньняшні дзень вельмі актыўна абмяркоўваецца пытаньне будучых выбараў. Ад імя трох палітычных партыяў зроблена заява. Я, напрыклад, магу расцэньваць гэтую заяву як адхіленьне ад статутных патрабаваньняў палітычных партыяў. Таму што гэта наўпроставае ўзьдзеяньне на будучыя выбары. Я яшчэ больш скажу – блякада выбараў. Нейкія дзеяньні, якія б перашкаджалі правядзеньню гэтых выбараў.

І Міністэрства юстыцыі, напэўна, павінна сказаць: "Давайце паглядзім, што запісана ў вашым статуце і што вы заяўляеце". Я так разумею сваю задачу як міністра юстыцыі", – заявіў Генадзь Варанцоў.

Мы папрасілі пракамэнтаваць гэтую заяву міністра саміх прадстаўнікоў АГП. Гаворыць кіраўнік Менскай абласной арганізацыі АГП Пётар Голасаў:

(Голасаў: ) "У нашым заканадаўстве ёсьць такое палажэньне, якое забараняе асобам, палітычным ці непалітычным арганізацыям арганізоўваць зрыў выбараў, агітаваць супраць правядзеньня гэтых выбараў. Але. Ніхто не забароніць палітычным партыям (і толькі аб гэтым ідзе размова) шырока тлумачыць электарату сваю пазыцыю і тыя прычыны, паводле якіх мы ня йдзем на гэтыя выбары",

Паведаміў спадар Голасаў.

Міністар Варанцоў таксама распавёў пра сваю сустрэчу з экспэртнай групаю Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы на мінулым тыдні. Варанцоў, паводле ягоных жа словаў, прызнаў перад эўрапейцамі відавочны факт, што праваахоўныя ворганы Беларусі дрэнна шукаюць зьніклых людзей, бо ў гэтых справах няма ніякіх канкрэтных вынікаў.

Экспэртаў Рады Эўропы таксама цікавіла, чаму ў Беларусі дагэтуль не адмененае сьмяротнае пакараньне? Генадзь Варанцоў на гэта адказаў, што выкарыстаньне вышэйшае меры зьведзенае да мінімуму і яна ўжываецца толькі ў выключных выпадках.

Кажучы пра асноўную тэму прэсавае канфэрэнцыі, спадар Варанцоў скардзіўся, што выкананьне судовых рашэньняў (найперш адміністратыўных) Міністэрства юстыцыі не зусім задавальняе, бо ў судах краіны працуе ўсяго 759 выканаўцаў, якім даводзіцца весьці больш як сотню справаў у год. Таму цяпер судовыя рашэньні (напрыклад, са штрафамі) выконваюцца толькі на палову.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG