Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 жніўня 2000 г.


Алена Радкевіч

"Расея заваявала Чачню, але не чачэнцаў," – піша заходняя прэса. У сёньняшнім нумары ангельскга часопісу Jane's Intelligence Review аналізуюцца пэрспэктывы вайны і міру ў Чачні…

9 ліпеня прэзыдэнт Расеі Пуцін абвесьціў у Чачні наўпроставае прэзыдэнцкае кіраваньне на тэрмін ад двух да трох гадоў. Ён паабяцаў правесьці дэмакратычныя выбары – аднак, не раней, чым у рэспубліцы будзе "выкаранены тэрарызм і адноўленая эканоміка." Паколькі зьнішчэньне паўстанцаў з дапамогай ваеннай сілы выглядае праблематычным, а дзеля аднаўленьня інфраструктуры Чачні Расея робіць занадта мала – пэрспэктыва дэмакратычных выбараў, прынамсі, гіпатэтычная, – піша часопіс.

Афіцыйна на рэканструкцыю выдзелена 8 мільярдаў рублёў – менш, чым выдаткоўвалася на адзін месяц вайны. Аднак, некаторая праца ўсё ж вядзецца: пераважна ў сфэрах, неабходных дзеля ваеннага выкарыстаньня – напрыклад, аднаўленьне шляхоў, аэрадромаў.

Ваенная сытуацыя, выглядае, зайшла ў тупік. Расейцы абвесьцілі кантроль над краінай, аднак, аказаліся няздольнымі зьліквідаваць рэшту паўстанцкіх атрадаў або супрацьстаяць тэрактам. На самой справе, тактыка паўстанцаў стала яшчэ больш радыкальнай: шмат якія тэракты зьдзяйсьняюць камікадзэ. Апрэч таго, паўстанцы помсьцяць калябарантам, якія ідуць на супрацоўніцтва з расейцамі.

Расейскія войскі абралі стратэгію ня наступу, а рэагаваньня. Часткова таму, што лепшыя дэсантныя часткі ў выніку ратацыі пакінулі тэатар ваенных дзеяньняў. І хаця колькасьць ваеннай сілы захоўваецца – расьце прапорцыя напаўпадрыхтаванага, у лепшым выпадку, войска. Апошні вялікі наступ быў у траўні – і гэта, па сутнасьці, была няўдача, бо 800-тысячны атрад паўстанцаў мог лёгка расьсейвацца і пазьбягаць павольнага авангарду фэдэральных сілаў. А рашэньне спыніць выплату кантрактнікам спэцыяльных прэміяў за кожны бой мала спрыяе падтрыманьню баявога духу ў расейскім войску.

Палітычная сытуацыя крыху зьмянілася, прынамсі, вонкава – з увядзеньнем наўпроставага прэзыдэнцкага кіраваньня і прызначэньнем духоўнага лідара муфція Ахмада Кадырава кіраўніком часовай адміністрацыі ў Чачні. Кадыраў сустрэўся з генэралам Трошавым, які камандуе фэдэральнымі сіламі ў Чачні, і заклікаў паўстанцаў скласьці зброю, заявіўшы, што цяпер яны ваююць за ісламскі экстрэмізм, "чужы чачэнскаму народу". Ён нават гарантаваў бясьпеку Аслану Масхадаву – у выпадку, калі той здасца і вырачацца вайны.

Якія паўнамоцтвы насамрэч мае Кадыраў? – задаецца пытаньнем часопіс. Цяперашняя сытуацыя ў Чачні вельмі незвычайная – існуе небясьпека сур'ёзнага ўнутранага канфлікту. З аднаго боку Кадыраў – прызначаны Масквой кіраўнік, ён знаходзіцца пад непасрэдным прэзыдэнцкім праўленьнем, хаця павінен падпарадкоўвацца і генэралу Казанцаву, які ўзначальвае Паўночнакаўказскую фэдэральную акругу.

У той жа час указ аб ваенным становішчы ў Чачні не скасаваны: такім чынам, існуе паралельная структура камандваньня на чале з Трошавым, якому падпарадкоўваюцца ня толькі ваенныя, але і міліцыя.

Пуцін прапанаваў таксама, каб у Кадырава быў намесьнік, адказны за "паўсядзённую адміністрацыю" – хутчэй за ўсё, гэта будзе расейскі вайсковец, магчыма, генэрал Кошман, які, без сумневу, будзе ў Кадырава галоўным дарадцам. Гэта нагадвае практыку часоў СССР: калі ў кожнай рэспубліцы ў першага сакратара павінен быў быць расейскі намесьнік, які выконваў бы ролю маскоўскіх вушэй і вачэй, – нагадвае Jane's Intelligence Review.

Генэрал Трошаў падтрымліваў падвышэньне Кадырава, аднак усім відавочна, што расейцы разглядаюць Кадырава, як карыснага, але, па сутнасьці, пазбаўленага рэальнай улады намінальнага кіраўніка.

Тым ня менш, Кадыраў, выглядае, шчыры ў сваім жаданьні ўсталяваць мір у Чачні і абараніць яе як ад вахабіцкага экстрэмізму, так і ад расейскага імпэрыялізму. Нягледзячы на добрыя намеры, ён заціснуты паміж паўстанцамі і расейцамі. За ягоную галаву віцэ-прэзыдэнт паўстанцаў Ваха Арсанаў ужо паабяцаў 250 тысячаў даляраў.

Кадыраў адмовіўся пакідаць свой дом у вёсцы і пераязджаць у Гудэрмэс – ня столькі з-за боязі за сваё жыцьцё, колькі дзеля таго, каб даць час Маскве вызначыцца адносна ягоных паўнамоцтваў. Ён заклікаў Пуціна вырашыць: хто – Кадыраў альбо генэрал Кошман мае большую ўладу.

Хаця Рада муфціяў вітала прызначэньне Кадырава, дзесяцёра прызначаных Масквой кіраўнікоў чачэнскіх рэгіёнаў напісалі Пуціну, адмаўляючыся працаваць з Кадыравым з-за ягонай ролі ў вайне 94-96г.г. Узбаламучваньне апазыцыі зьвязваецца з імем генэрала Кошмана.

Пры адсутнасьці талковай цывільнай адміністрацыі ў Чачні таксама адсутнічае талковы мірны працэс – і вайна працягваецца, – завяршае ангельскі часопіс.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG