Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 жніўня 2000 г.


Ігар Карней, Менск

Кіраўніцтва Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ прыняла рэзкую заяву пра дзейнасьць Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Менску. Зянон Пазьняк ды Юры Беленькі абвінавачваюць чыноўнікаў рабочае групы АБСЭ ў антыдэмакратычных і антыбеларускіх дзеяньнях, якія спрыяюць легімітызацыі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Такой рэзкай крытыкі з боку апазыцыйных партыяў кіраўніцтва менскае місіі АБСЭ яшчэ ня мела. Лідэры Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ лічаць, што насуперак лёгіцы, рабочая група займаецца прыцягненьнем апазыцыйных арганізацыяў да ўдзелу ў парлямэнцкіх выбарах, прызначаных Аляксандрам Лукашэнкам на гэтую восень. А гэта, паводле спадароў Пазьняка й Беленькага, "ёсьць працаю, накіраванаю на легітымізацыю дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі й садзейнічае акупацыі Беларусі Расеяй". Такім чынам, праекты, якія рэалізуюцца празь менскую місію АБСЭ, супярэчаць інтарэсам беларускага грамадзтва.

Сярод шэрагу абвінавачаньняў, што аўтары заявы адрасуюць кіраўнікам менскае місіі АБСЭ, значыцца й тое, што чыноўнікі АБСЭ "…ўзгадняюць свае дзеяньні з расейскімі ўладамі". Паводле Зянона Пазьняка і Юрася Беленькага, дзеяньне кіраўніцтва Кансультацыйна-назіральнае групы ёсьць прадаўжэньнем той палітыкі, якую, на іхную думку, праводзіў спадар Севярын пад час сустрэчы 1 чэрвеня са сьпікерам расейскае Дзяржаўнае думы Селязьнёвым.

Ганебным называе кіраўніцтва БНФ і візыт ў Менск кіраўніка фракцыі ў Дзяржаўнай думе Расейскае Фэдэрацыі Яўгена Прымакова, які падтрымаў беларускі Выбарчы кодэкс. Лідэры КХП БНФ зьвяртаюць увагу на тое, што ўсё гэта адбываецца на вачох місіі АБСЭ. Такім чынам, робяць выснову спадары Пазьняк і Беленькі, наўпрост прасьледжваецца скаардынаванасьць дзеяньняў эўрапейскіх чыноўнікаў з расейскай дыпляматыяй.

Падводзячы выніковую рысу, аўтары заявы патрабуюць: "Спыніць антыбеларускую і антыдэмакратычную дзейнасьць кіраўніцтва Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Менску й разгледзець мэтазгоднасьць знаходжаньня спадара Віка ў Беларусі".

Рэакцыя на заяву Зянона Пазьняка кіраўніцтва місіі АБСЭ ў Менску пакуль невядомая. Увесь сёньняшні дзень спадар Вік прысьвяціў дэлегацыі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, якая некалькі дзён таму прыбыла зь візытам у Беларусь. Як толькі будзе атрыманая адпаведная інфармацыя, мы вернемся да гэтае тэмы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG