Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 жніўня 2000 г.


Віталь Цыганкоў, Менск

Лукашэнка падпісаў указ пра скліканьне 29 верасьня 2000 году г.зв. зьезду Саветаў. Мяркуецца, што гэта стане адказам улады на правядзеньне апазыцыяй Усебеларускага зьезду.

Сёньня ў дзяржаўных газэтах апублікаваны тэкст указа Лукашэнкі «Аб скліканьні зьезда дэпутатаў Саветаў дэпутатаў Рэспублікі Беларусь». Разам з Указам надрукаваны склад аргкамітэту правядзеньня зьезду і камэнтар намесьніка начальніка галоўнае ўправы адміністрацыі прэзыдэнта Васіля Шынкарова. Прадугледжваецца, што ў працы зьезда прымуць удзел каля 2,5 тысячаў чалавек, у тым ліку звыш 1,5 тысячаў дэпутатаў усіх узроўняў і прадстаўнічых ворганаў улады.

Упершыню ідэю правядзеньня зьезду Саветаў Аляксандар Лукашэнка ўзгадаў яшчэ 11 красавіка, пад час свайго штогадовага пасланьня да парлямэнту й народа. Тады ён аб'явіў, што ўвосень, пад час парлямэнцкае выбарчае кампаніі, трэба правесьці зьезд Саветаў, а ўвесну, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў – Другі Ўсебеларускі Сход.

Дзеля чаго спатрэбілася ўладзе праводзіць чарговую масавую акцыю? Меркаваньне палітоляга Ўладзімера Мацкевіча:

(Мацкевіч: ) "Ёсьць тры, як мінімум, мэты.

Першая – гэта адказ на актыўнасьць апазыцыйных структураў, а менавіта – на Ўсебеларускі зьезд, значэньне якога вельмі істотнае.

Другая мэта – малая ўплывовасьць саветаў усіх узроўняў, ія яе трэба падвышаць.Трэба заахвоціць людзей ісьці ў кандыдаты, таму што зараз ужо можна прадбачыць складанасьць з вылучэньнем кандыдатаў нават. Чым далей будзе рухацца выбарчы працэс, тым больш відавочнымі стануць гэтыя цяжкасьці.

І па-трэцяе – гэта, відавочна, палітычныя мэты. Трэба паказаць дэмакратызм, прававы характар сёньняшняй улады: што ўлада, маўляў, не аўтарытарная, а раіцца з дэпутатамі і г.д."

Цікава, што ва ўказе Лукашэнкі Нацыянальнай тэлерадыёкампаіі загадана зарганізаваць прамую трансьляцыю зьезду Саветаў, што лішні раз падкрэсьлівае прапагандысцкі характар гэтай акцыі. Не пакідаюць аніякіх сумневаў і прозьвішчы сустаршыняў арганізацыйнага камітэту зьезду – Анатоль Малафеяў і Міхал Мясьніковіч. Уладзімер Мацкевіч лічыць, што зьезд стане чымсьці накшталт вялікае сэлектарнае нарады:

(Мацкевіч: ) "Што б ні пісалі газэты, што б ні казалі ідэолягі пра сёньняшнія выбары ў Палату прадстаўнікоў – зразумела, што патрэбнае нейкае ўcеагульнае, усебеларускае кіраўніцтва гэтым працэсам. Я думаю, што на зьезьдзе будзе проста дырэктыўна прызначаная падтрымка тых альбо іншых дэпутатаў. Проста будзе па трафарэце перададзенае ўсё кіраўніцтва працэсам зь верхняга агульнанацыянальнага ўзроўню на мясцовы ўзровень. І таму гэта не абмеркаваньне, ня тое, што дзяржаўнае кіраўніцтва раіцца са сваімі дэпутатамі ніжэйшых узроўняў, а гэта будзе звычайная нарада, на якой будзе даведзена да выканаўцаў тое, што патрэбна рабіць на выбарах. Не праводзіць жа сэлектарную нараду, як партхозактыў робіць па сельскай гаспадарцы."

Гаварыў палітоляг Уладзімер Мацкевіч.

У апублікаваным сёньня ў дзяржаўнай прэсе камэнтары чыноўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Шынкарова адзначана: «правядзеньне зьезду Саветаў будзе пераканаўчым сьведчаньнем прыхільнасьці кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь да традыцыяў народаўладзьдзя, дэмакратычных прынцыпаў кіраваньня, пазытыўна паўплыве на грамадзкую актыўнасьць насельніцтва». Забаўна выглядаюць спробы ўвесьці народаўладзьдзе ўказам нелегітымнага кіраўніка дзяржавы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG