Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 жніўня 2000 г.


Працягваецца візыт у Беларусь дэлегацыі Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы. Замежных парлямэнтарыяў найбольш цікавяць два пытаньні.

Першае – ці адбыліся нейкія зрухі ў чатырох вядомых кірунках зьмены сытуацыі ў Беларусі; і другое – ці ёсьць у Кансультацыйнай Радзе апазыцыйных палітычных партыяў еднасьць адносна ўдзелу ў парлямэнцкіх выбарах, прызначаных на 15 кастрычніка?

Старшыня афіцыйнага Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына (а менавіта з наведваньня гэтае ўстановы пачаўся працоўны дзень дэлегацыі Рады Эўропы) пераконвала гасьцей: маўляў, падрыхтоўка да выбараў вядзецца найлепшым чынам. Яна не сумняецца, што выбарчая кампанія пройдзе ў адпаведнасьці з законам, а некаторыя апазыцыйныя партыі абавязкова возьмуць у ёй удзел.

У якасьці доказу спадарыня Ярмошына паведаміла, што Лібэральна-Дэмакратычная партыя і Партыя камуністаў Беларуская ўжо вылучылі сваіх прадстаўнікоў у акруговыя камісіі. Напрыклад, камуністы з партыі Сяргея Калякіна падалі 65 заявак, а 59 чалавек ужо ўключаныя ў склад акруговых камісіяў. Дарэчы, крыху пазьней спадар Калякін заявіў, што ягоная партыя вылучала ажно 96 кандыдатаў і ён ня ведае, чаму гэты сьпіс у Цэнтарвыбаркаме скарочаны аж на траціну.

Такім чынам, прадстаўнікам Кансультацыйнае Рады апазыцыйных палітычных партыяў і сябрам прэзыдыюму Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, якія сёньня таксама правялі гутарку з дэлегацыяй Рады Эўропы, прыйшлося даказваць, што становішча з выбарамі зусім не такое, якое бачыцца старшыні Цэнтарвыбаркаму.

Гаворыць удзельнік сустрэчы экспэрт Мечыслаў Грыб:

(Грыб: ) "Амаль усе, хто выступаў, адзначылі, што практычна нічога не зьмянілася. Нават нешта пагоршылася. Эўрапейцы любяць, каб усё было дакладна сказана – яны цікавіліся, якія зьмены адбыліся ў выбарчым Кодэксе, з чым мы пагаджаемся, з чым не."

Паводле дэлегацыі Рады Эўропы, рашэньне наконт накіраваньня міжнародных назіральнікаў у Беларусь будзе прынятае на прыканцы жніўня, а можа, нават і ў верасьні.

Зразумела, што гэтая тэма не магла застацца па-за ўвагаю удзельнікаў сустрэчы з апазыцыяй. Гаворыць старшыня выканкаму Беларускае Сацыял-Дэмакратычнае Грамады Алег Багуцкі:

(Багуцкі: ) "Апазыцыя ў чарговы раз выклала сваё меркаваньне аб палітычнай сытуацыі на Беларусі, экспэрты ад апазыцыі далі ацэнку выбарчага заканадаўства, прагучалі ацэнкі становішча, якое існуе ў дзяржаўных СМІ. Апазыцыя яшчэ раз пацьвердзіла прыхільнасьць тым чатыром умовам, якія былі сфармуляваныя АБСЭ, выказаны агульны падыход усіх апазыцыйных партыяў прозьбай да міжнародных арганізацыяў: не прысылаць сваіх назіральнікаў на выбары ў т.зв. палату прадстаўнікоў."

Прыезд дэлегацыі Рады Эўропы вымусіў правесьці сёньня і тэрміновае паседжаньне Кансультацыйнае Рады апазыцыйных палітычных партыяў. Справа ў тым, што на просьбу кіраўніка дэлегацыі Тэры Дэйвіса ў чацьвер 3 жніўня адбудзецца паседжаньне "круглага стала". Спадар Дэйвіс абгрунтаваў сваю прапанову жаданьнем пазнаёміцаа з рознымі поглядамі ў прысутнасьці розных бакоў.

У гэтым не было б нічога нечаканага, тым больш, што такія "круглыя сталы" ўжо праводзіліся. Але Кансультацыйная Рада была непрыемна зьдзіўленая тым, што ўрадавы бок хоча пашырыць свой склад лідэрамі шасьцёх партыяў, якія раней ніколі ня ўдзельнічалі ў такіх перамовах. У прыватнасьці, урад заявіў Анатоля Баранкевіча, Віктара Чыкіна, Анатоля Нятылькіна ды іншых дзеячаў з зусім пэўнай рэпутацыяй.

Дзеля альтэрнатывы й збалянсаванасьці Кансультацыйная Рада прапанавала спадару Дэйвісу запрасіць да ўдзелу ў "круглым стале" сябраў прэзыдыюму Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня.

Уладзімер Глод, Менск

(Вядучы: ) "Гэта, як вядома, ужо ня першы візыт "тройкі" у Беларусь у справе выбараў. Ці ёсьць нейкія прынцыповыя адрозьненьні ў параўнаньні з папярэднімі візытамі?"

(Глод: ) "Яшчэ рана меркаваць, але я хачу адзначыць, што беларуская апазыцыя з насьцярожанасьцяй сустракае менавіта гэты візыт. Справа ў тым, што сп.Дэйвіс ў трэці раз прыязджае ў Беларусь, і шмат хто з удзельнікаў папярэдніх перамоваў казаў мне пра тое, што калі прыязджала "тройка" ад трох арганізацыяў, то найбольш, так бы мовіць, агрэсыўным у паводзінах з апазыцыяй быў менавіта сп.Дэйвіс. Ён, як вядома, лейбарыст і ня можа зразумець: як гэта – у краіне ёсьць магчымасьць пайсьці на выбары, і апазыцыя ад гэтага адмаўляецца? Напачатку папярэдняга візыту ён, паводле словаў прафэсара Хадыкі, літаральна выкручваў рукі апазыцыі. Але напрыканцы візыту погляд Дэйвіса крыху зьмяніўся, бо, як лічаць апазыцыянэры, ён зразумеў спэцыфічную атмасфэру Беларусі.

І таму сёньня цікава было назіраць: ці будзе кіраўнік дэлегацыі гнуць першую лінію, ці больш улічваць спэцыфіку. І, паводле кулуарных размоваў, якія адбываліся пасьля сустрэчы, складаецца ўражаньне, што сп.Дэйвіс усё ж бачыць, што Беларусь – гэта ня чыста Эўрапейская краіна, як тая ж Велікабрытанія, якую ён прадстаўляе, а гэта – спэцыфічная краіна, і ён згодны ўлічваць спэцыфіку Беларусі."

(Вядучы: ) "Ёсьць яшчэ меркаваньне, што Захад вычарпаў свой рэсурс у пляне ўплыву на палітычную сытуацыю ў Беларусі. Што думае апазыцыя: ці спадзяецца яна, што сытуацыя можа яшчэ зьмяніцца менавіта дзякуючы пазыцыі Захаду?"

(Глод: ) "Сёньня адбылося паседжаньне Кансультацыйнай Рады апазыцыйных дэмакратычных партыяў – ужо без удзелу прадстаўнікоў Парлямэнцкай Асамблеі – і менавіта пра гэта там вялася размова. Анатоль Лябедзька казаў, што пазыцыя Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы і пазыцыя іншых міжнародных арганізацыяў будзе вызначацца ня іхнімі адносінамі да Беларусі, а менавіта паводзінамі беларускай апазыцыі і беларускіх уладаў.

Але ёсьць пэўныя цяжкасьці. Цяжка, напрыклад, казаць аб еднасьці апазыцыі, калі дзьве партыі вылучаюць сваіх кандыдатаў у выбарчыя камісіі. Цяжка казаць аб еднасьці, калі партыя прымае рашэньне не забараняць сваім сябрам удзельнічаць у выбарах.

Сёньня казалі, што моц беларускай апазыцыі і яе ўплыў на міжнародную супольнасьць – у еднасьці: будзе еднасьць – можна чакаць станоўчых вынікаў."

З Уладзімерам Глодам
гутарыў Віталь Тарас

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG