Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 ліпеня 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

(Эфір 28 ліпеня)
Міністар адукацыі Васіль Стражаў не падтрымаў ініцыятыўную групу ў стварэньні беларускага Нацыянальнага ўнівэрсытэту. Пра гэта ён заявіў сёньня ў часе асабістае сустрэчы з кіраўнікамі групы.

Кіраўнікоў ініцыятыўнае групы ў стварэньні беларускага Нацыянальнага ўнівэрсытэту міністар адукацыі Васіль Стражаў запрасіў да сябе не з-за сваёй ініцыятывы, а на ўказаньне новага намесьніка старшыні Савету міністраў краіны Міхала Дзямчука. Што ў сваю чаргу ёсьць рэакцыяй ураду краіны на шматлікія звароты да яго ініцыятараў адкрыцьця хаця б аднае сапраўднае беларускае вышэйшае навучальнае ўстановы. Але для абмеркаваньня гэтае справы ініцыятары дамагаліся сустрэчы на ўзроўні кіраўнікоў ураду, у чыёй кампэтэнцыі і знаходзіцца яе вырашэньне.

Тым ня менш на запрашэньне міністра адгукнуліся прэзыдэнт Згуртаваньня беларусаў сьвету "Бацькаўшчына" акадэмік Радзім Гарэцкі, старшыня Таварыства Беларускае Мовы Алег Трусаў ды прэзыдэнт Таварыства Беларускае Школы Алесь Лозка, якія ачольваюць ініцыятыўную групу ў стварэньні Нацыянальнага ўнівэрсытэту.

Сёньня ў другой палове дня такая сустрэча адбылася. Цягам гадзіннае гутаркі ініцыятары выклалі свае аргумэнты, якія базуюцца на тэзе непаўнаварасьці дзяржавы, якая ня мае свайго нацыянальнага ўнівэрсытэту. Міністар самую ідэю не абвяргаў, але казаў пра немажлівасьць яе рэалізацыі, спасылаючыся, як гэта зазвычаена цяпер у беларускіх чыноўнікаў, калі гаворка йдзе пра нацыянальныя каштоўнасьці, на ўсялякія цяжкасьці. Праўда, паабяцаў вывучыць пытаньне на прадмет адкрыцьця з 2001-га навучальнага году беларускамоўных плыняў у некаторых ВНУ, а таксама дакласьці кіраўніцтву ўраду пазыцыю сваіх суразмоўцаў.

Яны, зразумела, вітаюць любыя крокі ў беларусізацыі адукацыйнае сыстэмы, але за Нацыянальны ўнівэрсытэт будуць працягваць змагацца.

А яшчэ міністар паказаў гасьцям новы афіцыйны паштовы канвэрт ягонага ведамства, на якім зь 1 жніўня будзе беларускамоўны штэмпель.

Так што хацелі беларускі ўнівэрсытэт, а атрымалі… беларускі канвэрт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG