(эфір 29 ліпеня)
Дэлегаты Ўсебеларускага зьезду за незалежнасьць, які праходзіў ў Менску, ухвалілі Акт незалежнасьці. У дакумэнце гаворыцца: "Сёньня незалежнасьць Рэспублікі Беларусь пастаўленая пад пагрозу. Рэальнай небясьпекаю ёй стала дамова пра стварэньне адзінай дзяржавы з Расеяй". Дэлегаты Ўсебеларускага зьезду абвесьцілі дзяржаўны сувэрэнітэт неад'емнай каштоўнасьцю беларускага народу. Яны таксама прызналі ня маючымі законнай сілы любыя пагадненьні й рашэньні, скіраваныя на скасаваньне або абмежаваньне сувэрэнітэту Беларусі. Акрамя гэтага, яны заклікаюць міжнародныя арганізацыі, урады дэмакратычных дзяржаваў забясьпечыць гарантыі сувэрэнітэту Беларусі. Дэлегаты Ўсебеларускага зьезду за незалежнасьць, агульнай колькасьцю 1400 чалавек, прадстаўлялі ўсе рэгіёны Беларусі. Частка зь іх – вылучана палітычнымі партыямі ды грамадзкімі арганізацыямі, іншых абіралі на сходах грамадзкасьці. Пэўная колькасьць дэлегатаў сустракала пачатак зьезду, стоячы ў фае, паколькі канцэртная заля не разьлічаная на такую колькасьць людзей. У самой залі людзі сядзелі нават на прыступках і падлозе. Вітальныя лісты сёньняшняму сходу даслалі прэзыдэнт Чэскае Рэспублікі Вацлаў Гавал, прэзыдэнт Беларускае Народнае Рэспублікі Івонка Сурвіла, старшыня Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Сямён Шарэцкі ды кіраўнікі парлямэнцкае фракцыі Народнага Руху ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны. Апроч гэтага, амбасады шэрагу эўрапейскіх краінаў накіравалі на зьезд сваіх прадстаўнікоў. Пісьменьнік Васіль Быкаў у сваім вітаньні назваў сёньняшні зьезд "важнейшым чыньнікам на шляху да сьвятой мэты – незалежнай сувэрэннай беларускай дзяржавы". Паседжаньне Ўсебеларускага зьезду распачаў старшыня арганізацыйнага камітэту Генадзь Бураўкін: (Бураўкін: ) "Рыхтуецца ўваходжаньне Беларусі ў Расею. І робіцца гэта прадумана, плянамерна – не адзін год. Дык што ж такое ў нашых умовах сувэрэнітэт і незалежнасьць? Для мяне сувэрэнітэт – справа жыцьця. І патрэбен ён мне ўвесь: поўны і рэальны, зь дзяржаўнай незалежнасьцю, з даверам да законаў сучаснай эканомікі, з высокай духоўнасьцю, з пачэсным пасадам між народамі і ўрэшце – са спрадвечнымі нацыянальнымі сьцягам і гэрбам ды не нямым гімнам." Прамова спарада Бараўкіна і акрэсьліла праблемы, якія існуюць на шляху да рэальнага сувэрэнітэту Беларусі. У сваёй прамове акадэмік Радзім Гарэцкі казаў пра тое, што інтэграцыя з Расеяй небясьпечна для Беларусі. А стварэньне адзінае дзяржавы прывядзе да страты незалежнасьці… (Гарэцкі: ) "Гвалтоўнае аб'яднаньне ў адзіную дзяржаву – самае страшнае, да чаго можа прывесьці палітыка сучаснага рэжыму: да поўнай страты незалежнасьці Беларусі. Ня можа быць у адной дзяржавы двух дзяржаўных сувэрэнітэтаў." Асноўная тэма выступу Ніла Гілевіча – дыскрымінацыя ўсяго беларускага. У першую чаргу – мовы й культуры. Сутнасьць прамовы ў наступным: духоўная сфэра – гэта неабходны чыньнік разьвіцьця любое дзяржавы. Згубіўшы нацыянальную культуру, Беларусь ня зможа быць па-сапраўднаму незалежнай. (Гілевіч: ) "Культурная краіна – гэта краіна гарантаваных дэмакратычных свабод, у якой душу чалавека не гняце страх, што ён можа без суда і сьледзтва стаць ахвярай хапуна і тэрору. Культурная краіна – гэта краіна прававога грамадзтва, дзе пануюць роўна абавязковыя для ўсіх грамадзянаў законы. Культурная краіна – гэта краіна, дзе пануе культ роднай мовы, дзе ў сьвядомасьці грамадзянаў вышэй за ўсе каштоўнасьці, за ўсе даброты і скарбы цэніцца дзяржаўная незалежнасьць, дзе нацыянальным сувэрэнітэтам не гандлююць і за нафту альбо газ не прадаюць." З дакладам пра сёньняшні эканамічны стан Беларусі выступіў колішні старшыня ўраду Міхал Чыгір. Паводле ягоных словаў, жыхары краіны сталі закладнікамі эканамічных экспэрымэнтаў уладаў. (Чыгір: ) "Усё, што адбываецца ў нашай краіне ў апошнія гады нічога агульнага з рынкавым шляхам разьвіцьця эканомікі ня мае. Беларусь у сучасны момант будуе найгоршы, невядомы раней, варыянт сацыялізму: пры якім усталяваная манапольная ўлада прэзыдэнта на ўсе накірункі жыцьцядзейнасьці грамадзтва."