Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 ліпеня 2000 г.


Уладзімер Кулажанка, Менск

(Эфір 29 ліпеня)
Эканамічны агляд тыдня прафэсара Ўладзімера Кулажанкі.

Сярод значных эканамічных падзеяў гэтага тыдня – паседжаньне Міжбанкаўскае валютнае Рады Беларусі й Расеі, якое адбылося ў Віскулях у Белавескай Пушчы. Кіраўнік Цэнтрабанку Расеі Віктар Герашчанка й старшыня беларускага Нацыянальнага банку Пятро Пракаповіч абмяркоўвалі праблему ўвядзеньня адзінай грашовай адзінкі і стварэньня адзінага эмісійнага цэнтру Саюзнае дзяржавы. Ніякія канкрэтныя рашэньні не прынятыя: праекты пастановаў скіраваныя на дапрацоўку.

Пасьля віскулёўскае нарады Віктар Герашчанка паведаміў, што працэс узгадненьня асноўных парамэтраў грашова-крэдытнае палітыкі працягваецца, і што грашовыя пагадненьні паміж Беларусьсю й Расеяй, магчыма, будуць падпісаныя ўжо сёлета.

Але ці ёсьць эканамічныя падставы для таго, каб ужо ў блізкім часе пастановы пра ўвядзеньне адзінай саюзнай валюты былі прынятыя, падпісаныя і ажыцьцёўленыя? Такіх умоваў няма.

Расея вядзе каляніяльную вайну ў Ічкерыі, аб'явіла пра ажыцьцяўленьне шырокамаштабнае сацыяльнае праграмы, зьніжэньне падаткаў – і не можа ўзяць на свае плечы крызысную грашово-крэдытную сыстэму Беларусі.

Тым болей не гатовая да гатага Беларусь зь яе камандна-адміністрацыйнай эканомікаю, дзе сярэднемесячная інфляцыя ў першым паўгодзьдзі перавысіла 7%, што ў гадавым вылічэньні складае 300%. Празьмернасьць падаткаабкладаньня дасягнула небясьпечнага ўзроўню: 30% грашовае выручкі сёньня йдзе на падаткі. А яшчэ два гады таму на падаткі скіроўвалася толькі 18% выручкі.

У краіне велізарная запазычанасьць у заробкавай плаце – ажно 23 млрд. рублёў. Разбалянсаваныя фінансы, што ярка выявілася на сэлектарнай нарадзе ў аграрнай справе. Нацыянальны банк цісне на скарачэньне рублёвае грашовае масы, каб утаймаваць інфляцыю. Але й тут назіраюцца зрывы. У чэрвені грашовая маса ў краіне павялічылася аж на 15%, што адразу падштурхнула інфляцыю. Падсілкоўвае інфляцыю і паскораная дэвальвацыя рубля – па 5 адзінак у дзень: даражэе імпарт. А гэта зноў жа вядзе да росту цэнаў. Узьнікае пытаньне: ці зможа Беларусь за кароткі час пераадолець азначаныя крызысныя зьявы? Безумоўна, не. Наадварот, без эканамічных рэформаў сытуацыя будзе пагаршацца.

Дак усё ж – ці пойдзе Расея на тое, каб увесьці ў Беларусі свае рублі і тым узяць на буксір крызысную беларускую эканоміку? З эканамічнага боку – не, з палітычнага – абавязкова, бо калі за ўтрыманьне Чачні ў межах імпэрыі яна разьлічваецца жыцьцямі сваіх грамадзанаў, дык за бяскроўную інкарпарацыю цэлае краіны заплоціць любыя мільярды. Справа толькі ў тым, ці наважыцца Лукашэнка канчаткова страціць кантроль над нацыянальнай банкаўскай сыстэмаю, а ў рэшце рэшт і над дзяржаваю…

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG