Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 ліпеня 2000 г.


Віталь Цыганкоў, Менск

Менск наведаў Яўген Прымакоў, кіраўнік Думскае фракцыі "Айчына – Уся Расея". Асноўнай і адзінай заяўленай тэмаю візыту Прымакова стала абмеркаваньне сытуацыі ў Прыднястроўі.

Яўген Прымакоў зьяўляецца старшынём расейскае дзяржаўнае камісіі садзеяньня палітычнаму ўрэгуляваньню прыднястроўскае праблемы. У рамках гэтае місіі Прымакоў ажыцьцяўляе ваяж Вена—Менск—Кіеў. У Вене ўчора ён сустрэўся са старшынём АБСЭ міністрам замежных справаў Аўстрыі Бенітай Ферэра-Вальднэр, і абмяркоўваў магчымасьць абмеркаваньня прыднястроўскае праблемы на паседжаньнях АБСЭ.

Апошнімі днямі сытуацыя ў рэгіёне чарговы раз абвастрылася. Лідэры самаабвешчанае Прыднястроўскае Рэспублікі незадаволеныя рашэньнямі Кішынева наконт трансфармацыі Малдовы з прэзыдэнцкай рэспублікі ў парлямэнцкую. Напрыклад, як пішуць "Известия", старшыня Вярхоўнага Савету Прыднястроўя Рыгор Маракуца сьцьвярджае, што гэта мяняе сытуацыю і можа затармазіць працэс урэгуляваньня. Акрамя таго, прыднястроўцы хочуць атрымаць сваю долю ад зброі групы расейскіх войскаў, якая павінна быць выведзена з Прыднястроўя ў Расею да 2002 году. Агульны кошт гэтае зброі ацэньваецца ў вельмі значную суму – 2-3 мільярды даляраў.

Здавалася б, цяжка зразумець, чым можа паспрыяць Беларусь у справе разьвязаньня прыднястроўскага крызысу? Можна меркаваць, што Прымакоў заахвочваў беларускага кіраўніка паўплываць на прыднястроўскіх лідэраў у вышэйазначаных праблемах. Як вядома, Лукашэнка карыстаецца пэўнай папулярнасьцю ў прыднястроўскіх палітыкаў, і раней прымаў іх у Менску. Да таго ж там ёсьць даволі шматлікая і пралукашэнкавая беларуская дыяспара.

Пасьля сустрэчы тэт-а-тэт з кіраўніком Беларусі Яўген Прымакоў паводле сваёй ня самай лепшай "традыцыі" фактычна нічога не паведаміў прэсе пра сутнасьць і зьмест размовы. Ён толькі абмежаваўся дзяжурнай фразаю: "Мы йдзем да адзінай дзяржавы і павінны трымаць адзін аднаго ў курсе нашых дзеяньняў". А Аляксандар Лукашэнка – хутчэй насуперак сваёй традыцыі – таксама нічога не паведаміў прэсе.

Але поўную сакрэтнасьць праведзеных перамоваў можна зразумець. Варта адзначыць, што зусім нядаўна, літаральна некалькі тыдняў таму, Беларусь наведаў прэзыдэнт Малдовы Пётар Лучынскі. Былі падпісаны шэраг гандлёва-эканамічных пагадненьняў, і цяпер Менску было б вельмі нязручна адназначна станавіцца на пазыцыю аднаго з бакоў у прыднястроўскім канфлікце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG