Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 ліпеня 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі застаецца напружанай, лічыць Беларускі Гэльсынскі камітэт, які выдаў паўгадавы даклад на гэтую тэму. Праваабаронцы ў сваіх высновах спасылаюцца на шматлікія заявы грамадзянаў краіны, якія сьведчаць пра масавыя парушэньнні грамадзянскіх правоў у Беларусі.

"У першай палове 2000 году ў Беларусі працягваліся сур'ёзныя парушэньні асноўных прынцыпаў чалавечага разьвіцьця – законнасьці, дэмакратыі, правоў асобы", – гэтак сьцьвярджаецца ў дакладзе, які падрыхтаваў паводле вынікаў паўгодзьдзя Беларускі Гэльсынскі камітэт.

На прыкладзе фактаў, выкладзеных на 40 старонках гэтага дакументу, даводзіцца, што мацней за законы ў Беларусі ведамасныя інструкцыі; што паўсюдна парушаецца адзін з асноўных дэмакратычных прынцыпаў – роўнасьць усіх перад законам; што правы асобы ігнаруюцца, і парушанае нават права на жыцьцё. Гэта даказваюць выпадкі зьнікненьня бязь вестак вядомых асобаў.

Кіраўнік БГК Тацяна Процька ў гэтай сувязі канстатуе, што спадзяваньні на паляпшэньне, якімі грамадзтва было ахоплена на пачатку года, ня спраўдзіліся, і сытуацыя не дадае аптымізму:

(Процька: ) "Нічога не зьмянілася. Мы заўважаем за гэтае паўгодзьдзе, і гэта адзначана ў дакладзе, пэўную замарожанасьць сытуацыі. Тыя тэндэнцыі, што былі ў парушэньнях правоў чалваека, яны захоўваюцца".

– кажа Тацяна Процька.

Паводле ейных словаў, у структуры БГК за першую палову года зьвярнуліся з заявамі звыш шасьцісот грамадзянаў. Людзі скардзяцца на ўлады за парушэньні іхных палітычных і эканамічных правоў, на факты ціску паводле нацыянальнае прыкметы (у прыватнасці, на праявы антысэмітызму), скардзяцца на суды за перадузяты разгляд справаў, на мясцовых начальнікаў за перасьлед паводле веравызнаньня і шмат на што яшчэ.

Фактычна, няма галіны, у якой бы не было пакрыўджаных. Але галоўнае, што людзям перашкаждаюць даводзіць свае патрабаваньні да ўлады, што быццам бы гарантаваная Канстытуцыяй. Калі раней са скаргамі прыходзілі ў асноўным людзі палітычна актыўныя, дык летась стала ня менш звычайных грамадзянаў са звычайнымі праблемамі.

Вось пра які выпадак згадвае рэдактар праваабарончага бюлетэня "Чалавек" Сьвятлана Курс:

(Курс: ) "Прыходзяць нават людзі з нізкай адукацыяй. Напрыклад, у Бабруйску да нашага прадстаўніка зьвярнуліся людзі, якія працуюць у жыльлёвай гаспадарцы і зарабляюць ня больш за 15 даляраў. Яны падавалі заяву на пікет, іх запхнулі на стадыён "Фандок", яны выйшлі са стадыёну, каб людзі іх пабачылі. Тады міліцыя пачала іх ізноў выціскаць назад".

Казала Сьвятлана Курс.

Яна прэзэнтавала першы нумар бюлетэня "Чалавек", які плянуецца цалкам прысьвяціць праваабарончае тэматыцы ў Беларусі.

Шматлікія праблемы беларускіх грамадзянаў у галіне правоў чалавека магчыма было б вырашаць з дапамогаю новага, больш дэмакратычнага заканадаўства, але прыняць гэтыя законы, а галоўнае, імі карыстацца пры сёньняшніх палітычных умовах немагчыма, лічаць беларускія праваабаронцы. Яны канстатуюць безвыніковасьць дыялёгу грамадзкасьці зь беларускімі ўладамі і ўскладаюць за гэта адказнасьць на ўладны бок.

Адзначаецца таксама, што ў сувязі з узмацненьнем інтэргацыйных працэсаў паміж Расеяй і Беларусьсю пад пагрозаю апынуўся нацыянальны сувэрэнітэт Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG