Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 ліпеня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Акцыю пад назваю "Лятучы пікет", прымеркаваную да 10-годзьдзя прыняцьця Дэклярацыі сувэрэнітэту, правялі сёньня ў Менску сябры "Маладога Фронту". Пятнадцаць актывістаў гэтай арганізацыі, апранутыя ў белыя й чырвоныя кашулі, прайшлі праз цэнтар гораду, спыняючыся ля дзяржаўных будынкаў, дзе праводзіць акцыі забаронена, а таксама спрабавалі перадаць зварот у амбасаду Расейскае Фэдэрацыі. За акцыяй маладафронтаўцаў назіраў Альгерд Невяроўскі.

Сёньня а 10-й гадзіне раніцы выпадковыя мінакі, што праходзілі праз унівэрсытэцкі гарадок у цэнты Менску, назіралі незвычайную карціну. Пятнаццаць хлопцаў і дзяўчат, апранутых у белае й чырвонае, сталі ў тры шэрагі й утварылі сабой стылізаваны бел-чырвона-белы сьцяг. Над галовамі моладзі ўзьняліся паперкі зь літарамі, што склалі лёзунг "Жыве Беларусь!" Акцыю распачаў кароткім выступам лідэр "Маладога Фронту" Павал Севярынец:

(Севярынец: ) "Дарагія сябры, сёньня 27 ліпеня 2000 году – дзесяцігодзьдзе прыняцьця Дэклярацыі незалежнасьці Беларусі. Малады Фронт праводзіць адну са сваіх новых лятучых фірмовых акцыяў. Паколькі недазволена праводзіць пікеты ля дзяржаўных будынкаў, паколькі не даюць дазволу на ключавыя месцы беларускай сталіцы, мы вырашылі правесьці лятучы пікет па ўсіх тых месцах, на якіх не дазваляюць зьбірацца мітынгаваць альбо праводзіць масавыя мерапрыемствы".

Пасьля гэтае прамовы маладыя апазыцыянэры рушылі ў бок пляцу Незалежнасьці. Паводле словаў Паўла Севярынца, яны мелі намер гэткім жа чынам утвараць нацыянальны сьцяг каля Дому ўраду, КГБ, МУС, МЗС і адміністрацыі Лукашэнкі, каб такім чынам нагадаць чыноўнікам пра 10-ю гадавіну беларускае Незалежнасьці. На пляцы ўсё было спакойна, моладзь стала шэрагамі і пачала скандаваць:

(Галасы: ) "Жыве Беларусь! – Жыве! Жыве вольная Беларусь! – Жыве! Жыве парлямэнцкая Беларусь! – Жыве! Жыве Беларусь без імпэрыі і рэжыму! – Жыве"

Далей маладафронтаўцы перамясьціліся на пляцоўку каля Дому ўраду. Раптам да іх падбеглі некалькі міліцыянтаў у форме і ў цывільным, сталі выхопліваць з рук плякацікі й нават спрабавалі затрымаць апэратара расейскае тэлекампаніі ТВЦ, які быў апрануты ў чырвоную футболку. Тут жа зьявіўся прадстаўнік гарадзкое ўправы міліцыі падпалкоўнік Сяргей Гірэль, даў нейкае ўказаньне падначаленым, і тыя адступіліся ад удзельнікаў акцыі, аднак суправаджалі іх на працягу ўсяго маршруту шэсьця.

Маладыя апазыцыянэры спыняліся яшчэ ля будынкаў КГБ, міністэрстваў унутраных і замежных справаў, а таксама на Кастрычніцкім пляцы. Да адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі міліцыянты ўдзельнікаў шэсьця не пусьцілі, заявіўшы, што там праходзіць важнае паседжаньне.

Пасьля маладафронтаўцы накіраваліся да амбасады Расеі, каб перадаць расейскім дыпляматам адпаведны зварот. У ім сябры МФ зьвярталі ўвагу расейцаў на тое, што, дзякуючы няхай сабе й фармальнай незалежнасьці, беларуская моладзь ня гіне ў Чачні й Таджыкістане, прадпрыемствы Беларусі ня дзеліць расейская мафія, а людзі жывуць ва ўласнай краіне.

Аднак прыняць зварот маладафронтаўцаў супрацоўнікі амбасады адмовіліся (прычым, прычынаў не тлумачылі), параіўшы пры гэтым Севярынцу даслаць дакумэнт факсам. На думку лідэра МФ, расейскія дыпляматы проста баяцца беларускай моладзі. Міліцыя ў дзеяньні ўдзельнікаў "лятучага пікету" ня ўмешвалася. Павал Севярынец так пракамэнтаваў дзеяньні ахоўнікаў парадку…

(Севярынец: ) "1 жніўня сюды прыяжджае тройка АБСЭ. Перад выбарамі Аляксандру Лукашэнку зусім ня трэба ніякіх затрыманьняў, абвастрэньняў сытуацыі, таму міліцыя так сябе і паводзіць".

На гэтым несанкцыянаваная акцыя скончылася.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG