Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 ліпеня 2000 г.


Ігар Карней, Менск

Ранкам большасьць гарадоў Беларусі была абуджаная завываньнем сырэнаў. Гэтак штабы грамадзянскай абароны адпрацоўвалі ўсеагульную мабілізацыю жыхароў. Многія людзі былі ўстрывожаныя гэтымі сыгналамі, якімі, зрэшты, манэўры штабоў грамадзянскай абароны і скончыліся.

Спробы высьветліць падрабязнасьці плянавае падачы гукавых сыгналаў сутыкнуліся з абсалютным нежаданьнем уладаў дзяліцца інфармацыяй. Супрацоўнік штабу грамадзянскай абароны палкоўнік Чорны ў даволі непрыязнай форме паведаміў наступнае:

(Чорны: ) "Праверка скончаная. Два дні ўжо перадавалі па радыё і па FM-дыяпазоне, што 26 дня будзе праводзіцца праверка цэнтралізаванай сыстэмы апавяшчэньня рэспублікі. Адпрацоўвалася магчымае апавяшчэньне насельніцтва пры магчымых катастрофах, аварыях, стыхійных бедствах. І ўсё", – канстатаваў супрацоўнік штабу грамадзянскай абароны.

Дарэчы, замест адказу на пытаньне, ці зьяўляецца выцьцё сырэнаў усясьветнай практыкаю праверкі рэакцыі жыхароў, адказная асоба па-вайсковаму рашуча разьвіталася й паклала слухаўку. Паводле нашых зьвестак, адмысловыя аддзелы большасьці эўрапейскіх краінаў гатовыя лякалізаваць надзвычайныя становішчы бяз гуку сырэнаў на ўвесь горад.

На прасторах былога Саюзу толькі ў Беларусі аддзелы грамадзянскай абароны засталіся асобным інстытутам. Зласьліўцы грамадзянскай абароны лічаць, што такім чынам даволі ўнушальная колькасьць вайсковых пэнсіянэраў перш за ўсё вырашыла для сябе праблему працаўладкаваньня. Час паказвае, што з гэтай некалі магутнай структураю сёньня практычна ніхто ня лічыцца. Поўную бездапаможнасьць прадэманстравалі тэхнічна не падрыхтаваныя аддзелы ў справе ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Не было толку ад ваенізаваных выратавальнікаў пад час прыродных катаклізмаў. Сапраўды зьневажальным для адстаўнікоў жэстам стала бесцырымоннае высяленьне іхнага штабу з двухпавярховага катэджу ў раёне чыгуначнага вакзалу на, так бы мовіць, сталічныя выселкі. (Дарэчы, сама будыніна потым была перададзеная пад патрэбы службы аховы Лукашэнкі.)

Таму пэрманэнтныя "сьвісткі" на ўвесь горад пад час нікому не зразумелых вучэньняў – бадай, адзіная магчымасьць заявіць пра сваё існаваньне. Але да сырэнаў пасьлясавецкі чалавек прызвычаіўся нагэтулькі, што ў выпадку сапраўднае пагрозы наўрад ці будзе здольны ўспрымаць сыгналы да дзеяньняў усур'ёз.

Менш чым год таму было агучаная ініцыятыва ўключыць грамадзянскую абарону ў склад Міністэрства надзвычайных сытуацыяў. Але калі адпаведныя дакумэнты былі падрыхтаваныя, генэрал Астапаў падпісваць іх адмовіўся: за дзесяцігодзьдзі фактычнай безнагляднасьці цэлае ведамства аказалася ледзь не напалову разрабаваным. Прынамсі, аніводзін з гаспадарчых актаў не адпавядаў наяўнасьці рэальнае маёмасьці.

Адпаведна, неакрэсьленасьць статусу вымушае кіраўніцтва грамадзянскай абароны раз-пораз нагадваць пра сябе сырэнамі ды радыйнымі абвесткамі да жыхароў з просьбаю "не панікаваць".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG