Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 ліпеня 2000 г.


Ягор Маёрчык, Менск

Кіраўнік Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Беларусі Ганс-Георг Вік, адказваючы сёньня на пытаньне пра дзеяньні афіцыйных уладаў у справе выкананьня чатырох умоваў прызнаньня восеньскіх выбараў міжнароднай супольнасьцю, заявіў, што няма ніякіх істотных зьменаў і ніякага істотнага прагрэсу не дасягнута.

Сваю заяву спадар Вік зрабіў пасьля паседжаньня Кансультацыйнае Рады апазыцыйных палітычных партыяў. Адначасна на сустрэчы з кіраўніцтвам сямі партыяў сталі вядовыя падрабязнасьці маючага адбыцца візыту дэлегацыі Рады Эўропы ў Менск.

Канчаткова пытаньне пра тое, ці прышлюць міжнародныя арганізацыі сваіх назіральнікаў на восеньскія выбары ў Беларусь, будзе вырашана на адмысловай канфэрэнцыі АБСЭ ў Вене 13 жніўня.

Ганс-Георг Вік зазначае, што рашэньне будзе прынятае "ў сьвятле зьменаў" у справе выкананьня чатырох умоваў, замацаваных ў рэзалюцыі пра сытуацыю ў Беларусі. Аднак напярэдні адмыслоўцы зробяць экспэртызу выбарчага заканадаўства Беларусі. А дэлегацыя Рады Эўропы мусіць выкласьці сваю пазыцыю.

Для вывучэньня ўнутрыпалітычнае сытуацыі, што складваецца ў Беларусі напярэдадні выбараў, у Менск накіроўваецца дэлегацыя Рады Эўропы. Амбсадар Вік называе яе чарговай місіяй у справе збору фактаў.

Старшыня Камітэту палітычных пытаньняў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Тэры Дэвіс, адмысловы дакладчык у пытаньні Беларусі Вольфганг Бэрэндт і чэскі сэнаратар спадар Свобада –будуць сустракацца зь лідэрамі апазыцыйных палітычных партыяў, прэзыдыюмам Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, афіцыйнымі асобамі й сем'ямі цкаваных палітыкаў. Паводле вынікаў сустрэчаў прадстаўнікі Рады Эўропы абяцаюць наладзіць круглы стол з удзелам прадстаўнікоў апазыцыі і ўладаў.

Беларускія апазыцыянэры выказваюцца наконт магчымых вынікаў візыту дэлегацыі Рады Эўропы й рашэньняў Венскае канфэрэнцыі досыць стрымана. Намесьнік старшыні Беларускага Народнага Фронту Юры Хадыка, які старшыняваў на сёньняшнім паседжаньні, прагназуе, што вынікі візыту могуць быць ня вельмі спрыяльнымі для апазыцыі. Пры гэтым ён спасылаецца на выказваньні сваіх калегаў:

(Хадыка: ) "Гэтыя прыезды пасьля таго, як закон забараняе фактычна істотныя перамены, нясуць у сабе тую небясьпеку, што рыхтуецца рашэньне аб накіраваньні міжнародных назіральнікаў у Беларусь".

"Адбываецца працэс прызвычайваньня да візытаў міжнародных делегацыяў, кожнай зь якіх трэба даказваць адно і тое ж", – кажа спадар Хадыка. Ён засьцярог міжнародныя парлямэнцкія структуры ад накіраваньня міжнародных назіральнікаў. Гэта, паводле словаў палітыка, дазволіць легалізаваць вынікі дзяржаўнага перавароту 1996 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG