Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 ліпеня 2000 г.


Алена Радкевіч

(эфір 22 ліпеня)
Сёньня да нас у рэдакцыю патэлефанаваў былы міліцыянт Алег Батурын, скандал вакол нібыта выкраданьня якога і незразумелага вяртаньня яго ў Варшаву буяе апошнімі днямі ў беларускіх мас-мэдыях. Падаем поўны тэкст тэлефоннай размовы зь ім.

(Карэспандэнт: ) "Учора ў эфіры дзяржаўнага тэлебачаньня Вы заявілі, што Радыё Свабода сказала няпраўду, і што ніякія спэцслужбы ня мелі дачыненьня да Вашага перамяшчэньня ў Менск. Дык усё ж такі, што з Вамі здарылася?"

(Батурын: ) "Я якраз і званю вам, каб паведаміць праўду пра тое, што адбылося ў Менску. Пасьля таго, як мяне выкралі менавіта спэцслужбы Лукашэнкі і мне ўдалося ўцячы, мне аказалі дапамогу ў пасольстве ЗША. Далей гісторыя разьвівалася наступным чынам. Як толькі інфармацыя аб тым, што я знаходжуся на тэрыторыі амбасады ЗША, стала вядомая (а стала яна вядомая таму, хутчэй за ўсё таму, што да таго, як трапіць туды, я званіў ад сябра на рабочыя тэлефоны апазыцыянэраў, і гэта стала вядома спэцслужбам Лукашэнкі), дык вось як толькі гэтая інфармацыя трапіла за межы пасольства, у той жа момант пасольства было адкрыта ачэпленае спэцслужбамі і міліцыяй, якія стаялі літаральна ў кожным двары, і ў мяне не было магчымасьці выйсьці адтуль. Мне давялося пісьмова папрасіць даць мне часовы прытулак на тэрыторыі пасольства. Мне гэты прытулак адразу далі.

Тады адразу прадстаўнік пасольства ЗША быў выкліканы непасрэдна да Лукашэнкі, і Лукашэнка сказаў, што я ніколі не пакіну Беларусь, калі не пайду на кампраміс – я павінен зрабіць наступнае: павінен даць інтэрвію і заявіць, што ягоныя спэцслужбы ніякіх адносінаў да выкраданьня ня маюць. Але амбасада ЗША адразу адкінула такі варыянт рашэньня, сказаўшы, што такога ніколі ня будзе.

Наступныя перамовы вяліся ўжо не Лукашэнкам, а ягоным непасрэдным прадстаўніком. Вуснамі гэтага чыноўніка ад Лукашэнкі пасьледвалі пагрозы, што тая справа аб паклёпе, якая была заведзеная пасьля майго артыкула "Господа офицеры, хватит быть рабами" у "Народнай Волі" ад 10 лютага, атрымае вялікі розгалас, і я атрымаю як мага большы тэрмін. Гэта па-першае. А па-другое, расьсьледаваньне факту майго выкраданьня будуць весьці непасрэдна супрацоўнікі КГБ, мяне будуць выклікаць у любы час, я буду павінен даваць любыя паказаньні, і гэта ўсё зацягнецца на вельмі доўгі час, і альтэрнатыва толькі адна: або я даю інтэрвію, дзе кажу ўсяго дзьве фразы, што тое, што прагучала на Радыё Свабода – няпраўда, мяне не выкрадалі спэцслужбы Беларусі, або я застаюся на тэрыторыі Беларусі і патрапляю ў турму. Трэцяга варыянту няма.

Ізноў ішлі вельмі доўгія перамовы, ня спаў ні гэты прадстаўнікі, ні супрацоўнікі пасольства ЗША, і яны прыйшлі да кампрамісу, што я ўсё ж кажу гэтыя дзьве фразы, і мне проста давялося гэта зрабіць. Я спытаў яшчэ ў прадстаўніка амэрыканскага пасольства, ці магу я расказаць пра тое, што адбывалася ў пасольстве, ці магу я расказаць, што гэта была правакацыя з боку Лукашэнкі, а яны сказалі, што такія пытаньні наогул гучаць глупа, што яны жывуць у дэмакратычнай краіне, і што я магу расказваць усё, што заўгодна і аб чым заўгодна".

(Карэспандэнт: ) "А хто з амэрыканскай амбасады канкрэтна вёў перамовы з Лукашэнкам?"

(Батурын: ) "На жаль, я не магу назваць прозьвішча гэтага чалавека, каб не падстаўляць яго".

(Карэспандэнт: ) "Як жа яго можна падставіць, калі ён канкрэтна займаўся Вашай справай цалкам адкрыта?"

(Батурын: ) "Ну-у… Ён займаўся адкрыта, але я не хацеў бы, каб ягонае прозьвішча гучала. Тэрыторыю амбасады я пакідаў ў машыне асабіста са спадаром Спэкгардам і асабіста зь ім ехаў у машыне да самай мяжы і перасек беларуска-польскую мяжу на яго машыне асабіста зь ім. У машыне быў я, спадар Спэкгард на заднім сядзеньні, яго кіроўца і прадстаўнік АБСЭ".

(Карэспандэнт: ) "Значыцца, Вы сьцьвярджаеце, што гэтыя фразы Вы сказал пад ціскам, пад пагрозай шантажу?"

(Батурын: ) "Толькі пад націскам і толькі пад шантажом. Я б ніколі ў жыцьці такога не сказаў, бо гэта абсалютная мана".

(Карэспандэнт: ) "Дык скажыце, калі ласка, усё ж Вы сьцьвярджаеце, што Вас выкралі і прывезьлі на тэрыторыю Беларусі беларускія спэцслужбы?"

(Батурын: ) "Так, і я магу гэта сьцьвярджаць, і сьцьвярджаць абсалютна цьвёрда, што мяне скралі спэцслужбы Лукашэнкі, беларускія спэцслужбы".

(Карэспандэнт: ) "Маглі б Вы больш падрабязна расказаць, як гэта адбылося і як Вы патрапілі на тэрыторыю Беларусі?"

(Батурын: ) "Гэта даволі доўга расказаваць, але калі каротка, дык мяне схапілі ў раёне аўтавакзала ў Варшаве, калі я праводзіў брата. Ударылі ў жывот, зацягнулі ў пераход. Са мной вёў размову мужчына год 30-35. Адразу пасыпаліся пагрозы, у мяне забралі пашпарт, грошы і сказалі, што мая асноўная задача – даехаць, нібыта дабраахвотна, да Менску. Я павінен ехаць у цягніку, прычым, я павінен купляць квіткі сам, а яны (некалькі чалавек) увесь час будуць сьледваць за мной, побач са мной. Мне да таго ж уставілі ў маю кашулі мікрафон. Яны сказалі, што гэта будзе сродкам падстрахоўкі ў іх.

Доўга расказваць, якія перыпетыі былі ў дарозе… Я спрабаваў аднаго разу уцячы. Гэта было ўжо на Ўкраіне пасьля гораду Роўна, недзе праз адну станцыю. Я выйшаў з цягніка і накіраваўся ў бок украінскага паліцэйскага пастарунка, але як толькі я зрабіў некалькі крокаў, да мяне наблізіўся мужчына, якога я раней ня бачыў, і ў вельмі грубай форме сказаў, каб я вярнуўся ў купэ. Пасьля, паводле дамоўленай каманды, – у мяне быў устаўлены мікрафон, і калі гучаў кароткі сыгнал, я павінен быў выходзіць з гэтага купэ – я выйшаў зь яго, і ён стаяў каля прыбіральні. Гэты мужчына сказаў, што я павінен зайсьці ў прыбіральню і не зачыняць за сабой дзьверы. Пасьля таго, як я зайшоў у прыбіральню, ён вельмі моцна ўдарыў мяне па сьпіне (сьпіна ў мяне балела два дні, я, нават, ня мог ляжаць) і зноў пасыпаліся пагрозы. Яны сказалі, што мяне заб'юць, што я проста буду зьнішчаны фізычна, што яны не спыняцца ні перад чым, але пасьля бізун яны зьмянілі на пернік, сталі казаць, што яны сябры, што ўсё будзе ў парадку, што калі я буду працаваць на іх, я стану вельмі багатым і так далей.

Але асноўны інструктаж, калі апусьціць дэталі, быў зроблены ў Маскве, калі мяне зьвялі з незнаёмым мужчынам…"

(Карэспандэнт: ) "Пачакайце, як у Маскве?"

(Батурын: ) "Я ехаў праз Кіеў і праз Маскву. Гэта значыць, я выходзіў у Кіеве, там мяняліся людзі, іншыя людзі мяне вялі, прымушалі купляць білет да Масквы, а з Масквы я ўжо ехаў да Менску. І ў Маскве гэты мужчына зрабіў мне асноўны інструктаж. Ён сказаў, што мой брат падняў "вонь" на ўсю Польшчу, што пляны мяняюцца, мяне вельмі актыўна шукаюць, і таму мая асноўная задача – дабрацца да гораду Менску, прыйсьці на тэрыторыю КГБ, у гэты будынка КГБ, і выкласьці сваю гісторыю.

Каротка, яна такая. Што ў лютым я меў кантакт з Анатолем Лябедзькам. Анатоль Лябедзька прапанаваў мне вельмі вялікую суму грошай за артыкул, які ўжо быў напісаны, дзе быў поўны паклёп на беларускую міліцыю (мова ідзе аб тым артыкуле, што быў надрукаваны ў "Народнай Волі" 10 лютага); што я згадзіўся на гэтую суму грошай, згадзіўся зь ім супрацоўнічаць. Праз некалькі дзён, нібыта, адбылася сустрэча з Анатолем Лябедзькам і зь Вячоркам, а таксама прысутнічаў прадстаўнік амбасады ЗША, і гэты прадстаўнік бачыў, як мне перадавалі грошы і таксама абяцаў мне прытулак у любым штаце, абяцаў, што я буду пасьпяховым і багатым чалавекам, і што я буду ў поўнай бясьпецы, калі толькі буду зь імі супрацоўнічаць. І за кожны наступны артыкул я буду атрымліваць вельмі добры ганарар. Пасьля, паводле гэтай жа вэрсіі, я прыбыў у Польшчу, але ўсё аказалася ня так, мяне падманулі, грошы мне не плацілі, і пад пагрозай прымяненьня фізычнай сілы да майго брата, маіх бацькоў, а пасьля ўжо пад пагрозай фізычнай расправы, мяне прымушалі непасрэдна на тэрыторыі пасольства ЗША ў Польшчы перапісваць ужо надрукаваныя на машынцы артыкулы і адсылаць нібыта ад свайго імя ў рэдакцыі газэтаў. Прычына паводле гэтай вэрсіі, гэтай сказкі, чаму я прыбыў у Менск – таму, што я зразумеў, што пачынаю заблытвацца, грошай не атрымліваю, а штуршком паслужыла тое, што мяне выклікалі ізноў у амбасаду ЗША і сказалі, што ў наступным артыкуле я павінен напісаць пра тое, што я ведаю праўду пра тое, як зьнік Захаранка і як зьнік Ганчар. Згодна вэрсіі, я зразумеў, што калі я такое напішу, мне будзе ўсё. Таму я адмовіўся пісаць, а тады, маўляў, мне пасьледвалі пагрозы, што ў мяне няма выбару, што я заблытаўся, што адступаць няма куды, што ў Беларусі я нікому не патрэбны і мяне проста ліквідуюць і скажуць, што гэта зрабілі спэцслужбы Лукашэнкі, і ўсе павераць. Паводле гэтай жа афіцыйнай казкі, я прыехаў у Менск і папрасіў дапамогі ў супрацоўнікаў КГБ.

Вось гэта каротка тое, што я павінен быў расказаць".

Скажыце, ну а як Вы перабраліся назад, на тэрыторыю Польшчы? Вам вярнулі Вашыя дакумэнты?"

(Батурын: ) "У мяне была толькі ксэракопія пашпарту, які я пакінуў у пасольстве ЗША у Польшчы, бо ў мяне былі ўжо ўсе дакумэнты гатовыя на выезд, і 20 ліпеня я павінен быў выехаць у Вену, а з Вены ўжо вылятаць у ЗША і атрымліваць палітычны прытулак".

(Карэспандэнт: ) "Вы сьцьвярджаеце, што Вы выехалі з Беларусі толькі з ксэракопіяй пашпарту?"

(Батурын: ) "Так-так, я выехаў толькі з ксэракопіяй пашпарту".

(Карэспандэнт: ) "І што, Вас прапусьцілі ўсе памежнікі?!"

(Батурын: ) "Я ехаў у машыне пасла, і яны, як і абяцаў: А! Яшчэ я, на жаль, забыўся на адну дэталь. Пасьля таго, як было запісанае маё гэтае інтэрвію, прадстаўнікі пасольства ЗША запатрабавалі ад Лукашэнкі гарантыяў, і той супрацрўнік ураду Лукашэнкі на відэакамэру паабяцаў, што я даеду без усялякіх праблемаў да беларуска-польскай мяжы і без усялякіх праблемаў гэтую мяжу перасяку. Як толькі пасольства ЗША атрымала на рукі гэтую касэту, толькі тады я даў гэтае інтэрвію, дзе сказаў вось тыя дзьве фразы. Гэта значыць, быў дасягнуты такі кампраміс, і мне былі дадзеныя гарантыі абароны ад рэжыму Лукашэнкі".

(Карэспандэнт: ) "Ці правільна я зразумела сэнс кампрамісу, што амэрыканская амбасада згадзілася на кампраміс, які кампрамэтаваў і падстаўляў Радыё Свабода?"

(Батурын: ) "Наколькі я разумею, так".

Гэта была тэлефонная гутарка з Алегам Батурыным, былым міліцыянтам, які зараз ізноў знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы і які там, на тэрыторыі Польшчы, папрасіў палітычнага прытулку ў ЗША. Паводле Алега Батурына, яму ўдалося ўцячы ад людзей, якія яго суправаджалі, калі цягнік падыходзіў да Менску. Зьнянацку ён саскочыў на пэрон, яму ўдалося зьмяшацца з натоўпам людзей, якія чакалі электрычку, і ўскочыць у аўтобус, які ішоў з Дружнай.

Тым часам Дзярждэпартамэнт ЗША пацьвердзіў, што Алег Батурын зрабіў заяву для беларускага тэлебачаньня, каб атрымаць магчымасьць пакінуць Беларусь. Як паведаміла інфармацыйнае агенцтва БелПАН, прадстаўніца дзярждэпа ў тэлефоннай гутарцы з карэспандэнтам агенцтва, паведаміла, што Батурын зьявіўся на тэрыторыі амбасады ЗША ў Беларусі 19 ліпеня, паведаміўшы, што яго скралі ў Варшаве невядомыя, і што пасьля прыбыцьця ў Менск ён здолеў зьбегчы. Амбасада неадкладна паведаміла аб гэтым у Камісію ААН па правох чалавека і ў Кансультацыйна-назіральную групу АБСЭ ў Менску. 20 ліпеня амбасада паінфармавала аб месцазнаходжаньні Батурына міністэрства замежных справаў Беларусі, папрасіўшы спрыяньня ў вяртаньні Батурына ў Польшчу. Аднак умовай такога вяртаньня стала патрабаваньне, каб Батурын перад тэлекамэрай абвергнуў ранейшыя паведамленьні сродкаў масавай інфармацыі аб датычнасьці беларускіх спэцслужбаў да ягонага выкраданьня. Ён згадзіўся на гэтае інтэрвію, ведаючы, што гэта неабходна, каб улады Беларусі гарантавалі яму бясьпечны выезд з краіны, – паведаміла прадстаўніца Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША.

У гэтай гісторыі застаецца шмат дзіўнага і незразумелага, што патрабавала б дадатковага тлумачэньня і высьвятленьня. Бяспрэчным, аднак, па выніках гэтай сытуацыі засталося адно – абвінавачаньні на адрас Радыё Свабода ў тым, што яно, нібыта, падае непраўдзівую інфармацыю, аказаліся цалкам беспадстаўнымі.

Гутарыла

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG