Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 ліпеня 2000 г.


Віталь Тарас

Сёньня на японскім востраве Акінава пачалася сустрэча так званай "вялікай васьмёркі", у якой удзельнічаюць кіраўнікі сямі найбольш разьвітых краінаў сьвету – Японіі, Вялікай Брытаніі, ЗША, Канады, Італіі, Нямеччыны й Францыі. Восьмым удзельнікам сустрэчы зьяўляецца Расея. У заяве, распаўсюджанай напярэдадні сустрэчы, гаворыцца, што сямёрка адмовіць Расеі ў просьбе скараціць расейскія даўгі так званаму "Парыскаму клюбу" на 42 мільярды даляраў.

Як піша сёньняшняя Washington Post, учора ў Токіо адбылася сустрэча міністра фінансаў ЗША Лоўрэнса Самэрса, прэзыдэнта Усясьветнага банку Джэймса Вулфэнсана, а таксама прадстаўнікоў некалькіх найбольш перадавых кампаніяў у галіне інфармацыйных тэхналёгіяў. Яны абмяркоўвалі, якім чынам пераадолець эканамічную адсталасьць, хваробы, непісьменнасьць і забруджаньне навакольнага асяродзьдзя ў слабаразьвітых краінах.

Газэта нагадвае, што першая сустрэча вялікай сямёркі адбылася ў 1970 годзе – у разгар энэргетычнага крызісу, які паспрыяў таму, што разьвітыя краіны Захаду скаардынавалі сваю эканамічную палітыку. Пазьней такія сустрэчы ператварыліся ў своеасаблівыя сэансы групавой тэрапіі супраць інфляцыі ды эканамічнага падзеньня.

На леташняй сустрэчы васьмёркі ў Кёльне лідэры індустрыяльнага Захаду й Расеі прапанавалі скараціць запазычанасьць 33-х найменш разьвітых краінаў, якая складае ў суме 127 мільярдаў даляраў, на 70 адсоткаў. Найперш гэта тычыцца краінаў Афрыкі. Аднак, бедныя краіны сутыкнуліся зь вялікімі перашкодамі ў гэтай справе. З-за спрэчак вакол бюджэту ў кангрэсе ЗША працэс прадстаўленьня дапамогі многім краінам прыпынены. У той самы час Эўрапейскі Зьвяз марудзіць з вылучэньнем сродкаў, чакаючы пакуль Вашынгтон пачне дзейнічаць.

Цікава, што Расея, якая нядаўна была дапушчаная да штогадовых сустрэчаў сямі дэмакратычных краінаў Захаду у якасьці сталага ўдзельніка, сёлета таксама апынулася сярод даўжнікоў. Расея жадае пазьбегнуць лёсу іншых краінаў, якія нарабілі пазыкаў ў постсавецкую эру. Але яна нічога ня можа проціпаставіць рашэньню кангрэсу ЗША, прынятаму ў сераду, якое забараняе рэструктурызацыю пазыкаў Расеі да таго часу, пакуль яна ня спыніць свае разьведапэрацыі на Кубе.
Клінтан, які адклаў свой прыезд на Акінаву з-за перамоваў у Кэмп-Дэвідзе ў справе мірнага разьвязаньня канфлікту на Блізкім Усходзе, публічна выступіў за дараваньне пазыкаў слабаразьвітым краінам. У афіцыйнай заяве, распаўсюджанай напярэдадні, ён пацьвердзіў сваю падтрымку леташнім ініцыятывам, вылучаным у Кёльне.

"Расея доўгі час адчувала сябе надзвычайна моцнай. Аднак, на сустрэчы васьмёркі на Акінаве яна будзе адчуваць сябе лішняй," – піша брытанскі часопіс Economist у нумары за 21 ліпеня. У той час як астатнія сем разьвітых дэмакратычных краінаў Паўночнай Амэрыкі, Эўропы і Японіі заклапочаныя падзелам даходаў, дапамогай бедным краінам і невяртаньнем пазыкаў, расейскі прэзыдэнт Пуцін ведае, што ягонай дзяржаве пагражае паніжэньне статусу да рангу краіны трэцяга сьвету.

У Пэкіне, перад тым, як адправіцца на Акінаву, Пуцін зрабіў заяву аб пашырэньні стратэгічнага партнэрства зь Кітаем з мэтай процістаяньня ўплыву ЗША. Сумесна Расея й Кітай выступілі супраць амэрыканскай праграмы нацыянальнай проціракетнгай абароны. Пуцін таксама затрымаўся перад гэтым у сталіцы Паўночнай Карэі. Разам з тым, расейкае кіраўніцтва папярэджвае Захад, што яно мае шмат сяброў – Кітай, Індыю, Іран, Ірак, Югаславію на выпадак, калі НАТО і Эўрапейскі зьвяз зноў зробяць захады насуперак інтарэсам Расеі, як гэта было ў Косаве.

Аднак, на думку часопісу, Пуцін ня мае ілюзіяў адносна таго, што Расея ня можа зноў ператварыцца ў імпэрыю. Ён імкнецца аднавіць уплыў Расеі, але без пабочных эфэктаў. Яе эканамічная адсталасьць выкліканая зусім ня змовай Захаду. Расеі неабходныя рэфармаваньне падатковай сыстэмы, разьвіцьцё праўнай сыстэмы, калі яна жадае пазбавіцца залежнасьці ад кан'юнктуры цэнаў на нафту альбо заходніх крэдытаў. Адсюль вынік: без рэформаў Расея надалей будзе заставацца далёкай ад сучаснай эканомікі, заснаванай на інфармацыйных тэхналёгіях.

Пуцін настойвае на вырашэньні складных міжнародных праблемаў калектыўным шляхам – напрыклад, праз ААН. У тэорыі гэта гучыць прывабна, але практыка пакажа, наколькі зможа выкарыстаць свой уплыў Расея, напрыклад, на ірацкага дыктатара Гусэйна альбо Слабадана Мілошавіча ў Сэрбіі.

Пуцін ведае – лічыць Economist, што калі Расея хоча стаць моцнай дзяржавай, яна павінна ісьці ў будучыню разам з дэмакратычнымі дзяржавамі, прадстаўленымі на сустрэчы вялікай васьмёркі, а не з дыктатарскімі рэжымамі, што продаж зброі Кітаю аднойчы можа абярнуцца супраць Расеі. Расея паступова пачынае разумець, што дзякуючы добрым адносінам з ЭЗ яна можа палепшыць адносіны з краінамі Балтыі, Украінай ды іншымі суседзямі. Пуцін прызнае гэтыя рэаліі на словах. Куды цяжэй будзе ажыцьцявіць гэта на практыцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG