Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 ліпеня 2000 г.


Уладзімер Кулажанка, Менск

(эфір 22 ліпеня)
Эканамічны агляд тыдня прафэсара Ўладзімера Кулажанкі.

У Беларусі паўсюль пачалося жніво. Пра посьпехі на жніве няма ніякай інфармацыі – ані на тэлевізіі, ані ў друку, бо няма ніякіх посьпехаў. Справа ў тым, што да ўборачных работ сёлета краіна падрыхтавалася значна горш, чым летась.

Гэта відаць на прыкладзе Гарадзенскае вобласьці, якая лічыцца лепшай у аграрным сэктары. На сёньняшні дзень тут толькі 3165 збожжаўборачных камбайнаў. Што аж на 200 камбайнаў меней, чым летась. Прычым, асноўную частку камбайнавага парку складаюць старыя "Нівы" ды "Доны" расейскае вытворчасьці, якія адпрацавалі па 12-15 сэзонаў і проста развальваюцца на вачах. Стан тэхнікі ў Магілеўскай ды Віцебскай абласьцях яшчэ горшы.

Страты ўраджаю на жніве пры старой тэхніцы ў той жа Гарадзенскай вобласьці ў папярэднія гады дасягалі 5 цэнтнэраў на гэктары. Ня меншымі яны будуць і цяпер. Становіцца відавочным, што сёлета ня ўдасца сабраць ураджай, роўны нават леташняму, калі было намалочана толькі 3,6 млн. тонаў збожжа. Наадварот, аналітыкі сьцьвярджаюць, што будзе сабрана на 30% збожжа меней.

Напэўна, адчуваючы гэта, урад ужо цяпер пайшоў на чарговае падвышэньне цэнаў на хлеб. З 14 ліпеня цана чорнага хлеба ўзрасла на 15%. І гэта з улікам цэнаў на збожжа мінулага году. А сёлета закупачныя цэны на збожжа яшчэ больш вырасьлі. Таму хлеб будзе даражэць і далей. І гэта зафіксавана нядаўнім рашэньнем Савету міністраў, які лічыць дапушчальным падвышэньне цэнаў на хлебапрадукты толькі ў 3 квартале бягучага года на 35%.

19 ліпеня Аляксандар Лукашэнка прыняў кіраўніка ўраду Ўладзімера Ярмошына й запатрабаваў ад яго "палепшыць кіраўніцтва жнівом, а найперш паклапаціцца пра нарыхтоўку збожжа". Таксама прынята рашэньне правесьці на наступным тыдні селектарную нараду ў пытаньнях работы АПК пад час жніва.

Між тым, гаспадаркі маюць тэрміновую патрэбу не ў нарадах, а ў фінансавай падтрымцы. Бракуе паліва, няма грошай на запчасткі, а запазычанасьць у заробках вяскоўцам перавысіла 17 млрд. рублёў. Напрыклад, у Мядзельскім раёне Менскае вобласьці разьлічыліся ў заробках зь вяскоўцамі толькі за красавік. І так паўсюль.

У гэтых умовах заклікі да калгасьнікаў праявіць працоўны энтузыязм на жніве, на жаль, ёсьць пустым гукам.

Між тым, адміністрацыйны энтузыязм у сфэры рэгуляваньня АПК пашыраецца. Зь ініцыятывы Лукашэнкі ад Міністэрства сельскае гаспадаркі й харчаваньня вылучылі харчовую прамысловасьць. Створаны канцэрн "Белдзяржхарчпрам", але наўрад ці гэта будзе паратункам у харчовай бясьпецы, калі бракуе збожжа ды зьніжаецца вытворчасьць малака й мяса.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG